Эўразьвяз заклікаў Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне

Прэс-сакратар зьнешнепалітычнай службы ЭЗ Мая Кацыянчыч (Maja Kocijančič)

Эўрапейскі зьвяз асудзіў прымяненьне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі і заклікаў улады ўвесьці мараторый на яе прымяненьне, паведамляе БелаПАН.

«Эўрапейскі Зьвяз выражае шчырае спачуваньне сем’ям і сябрам ахвяраў злачынстваў. У той жа час ЭЗ падкрэсьлівае непрыняцьце сьмяротнай кары пры любых абставінах і заклікае Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне як першы крок да ейнай адмены», — гаворыцца ў заяве прэсавага сакратара зьнешнепалітычнай службы ЭЗ Маі Кацыянчыч.

Яна назвала сьмяротнае пакараньне жорсткім, бесчалавечным і прыніжальным пакараньнем і заявіла, што гэтая мера парушае неадʼемнае права на жыцьцё, якое замацавана ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека.

Прымяненьне сьмяротнага пакараньня супярэчыць міжнародным абавязкам Менску, дадала Кацыянчыч і нагадала, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе дзе прымяняецца гэтая мера.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расстрэл іменем Рэспублікі Беларусь. Чаму сьмяротнае пакараньне не спыняе забойцаў

Рада Эўропы раней таксама асудзіла выкананьне чарговага сьмяротнага прысуду ў Беларусі.

Паводле беларускіх праваабаронцаў, быў прыведзены ў выкананьне сьмяротны прысуд у дачыненьні да Аляксандра Жыльнікава. Лёс другога фігуранта крымінальнай справы — Вячаслава Сухаркі — пакуль невядомы. «Але, як паказвае практыка, прысуды адначасова прыводзяцца ў выкананьне ў дачыненьні да ўсіх асуджаных да вышэйшай меры па адной справе», — адзначае праваабарончы сайт spring96.org.

Аляксандар Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка, былі асуджаныя на сьмяротнае пакараньне ў студзені 2018 году за забойства трох чалавек у сьнежні 2015-га: маладой пары ў сталіцы і мужчыны ў пасёлку Калодзішчы ў Менскім раёне.

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
  • Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
  • Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).