«Калі людзі вылучаць — зноў буду прэтэндаваць на лідэра партыі», — заявіў у інтэрвію Свабодзе лідэр апазыцыйных камуністаў Сяргей Калякін.
8 чэрвеня адбудзецца XX зьезд Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», якая да 2009 году называлася Партыяй камуністаў Беларускай. З 1994 году партыю ачольвае Сяргей Калякін.
Напярэдадні партыйнага зьезду Свабода спытала ў Сяргея Калякіна: ці будзе ён пасьля 25 гадоў кіраваньня партыяй зноў вылучацца на зьезьдзе на пасаду старшыні партыі і ці зьбіраецца ўдзельнічаць у бліжэйшых выбарчых кампаніях — парлямэнцкай і прэзыдэнцкай?
«Што партыя дагэтуль жывая — гэта ўжо дасягненьне»
— Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» — адна са старэйшых палітычных партый у краіне. Чаго дамаглася ваша партыя больш як за чвэрць стагодзьдзя?
— У нашых беларускіх умовах тое, што партыя дагэтуль жывая, што яна існуе, мае разгалінаваныя структуры, вядзе палітычную працу, — гэта ўжо дасягненьне, я лічу. Мы амаль раўналеткі сыстэмы, якую стварыў Лукашэнка. Бо ў краіне за 25 гадоў амаль зьнішчаная палітычная дзейнасьць, якая ідзе ўразрэз з афіцыйнай палітыкай, з афіцыйнай дактрынай дзяржавы. Апазыцыйная дзейнасьць фактычна пад забаронай.
Але мы працуем, у нас шмат прыхільнікаў, якія падзяляюць нашу пазыцыю, нашы погляды, каштоўнасьці. Пакуль, на жаль, немагчыма перавесьці ў тое, што абсалютна зразумела эўрапейскім выбарцам — у рэальную электаральную перамогу, калі за гэтым стаіць фактычна атрыманьне ўладных рычагоў для ажыцьцяўленьня нашых праграм, нашых поглядаў на сацыяльна-эканамічнае, палітычнае разьвіцьцё краіны. Але я мяркую, што наша дзейнасьць недарэмная. Рана ці позна сыстэма ў краіне будзе зьмененая, наша партыя зойме годнае месца ў нашай дэмакратычнай Беларусі.
«Выбары — ня мэта, а інструмэнт»
— Асноўная мэта кожнай палітычнай партыі — удзел у выбарах. У Беларусі наперадзе і парлямэнцкія, і прэзыдэнцкія выбары. Ці будзеце вы вылучаць свайго кандыдата на выбары прэзыдэнцкія?
— Выбары — ня мэта, выбары — гэта інструмэнт. Мы адназначна разумеем, што ў цяперашніх умовах, калі ў нас ня лічаць галасы выбарцаў, калі нераўнапраўныя ўмовы ўдзельнікаў, ставіць перад сабой мэту заваяваньня дэпутацкіх мандатаў, заваяваньня мандата прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь — гэта немагчыма і нерэальна.
Але выбары як інструмэнт даюць іншыя магчымасьці для палітычных партый. Самая галоўная каштоўнасьць выбараў — ёсьць выбарцы, ёсьць магчымасьць працаваць зь людзьмі бесьперашкодна (што немагчыма, калі выбараў няма, бо сёньня за адзін пікет ці масавае мерапрыемства трэба заплаціць некалькі тысяч рублёў). А падчас выбараў гэта ўсё можна рабіць бясплатна, легальна, і можна больш пасьпяхова даводзіць нашы погляды да людзей, вэрбаваць прыхільнікаў, умацоўваць партыю. Менавіта ў гэтым мы бачым каштоўнасьць выбараў. І ва ўсіх выбарах мы будзем удзельнічаць — і ў парлямэнцкіх, і ў прэзыдэнцкіх, і ў мясцовых.
Кандыдата на прэзыдэнта на зьезьдзе вылучаць ня будуць
— Ці будзеце вы абмяркоўваць на заўтрашнім зьезьдзе магчымыя кандыдатуры на прэзыдэнцкія выбары?
— Што тычыцца прэзыдэнцкіх выбараў, на гэтым зьезьдзе мы ня будзем вызначаць нашага кандыдата. Канкрэтна хто будзе гэты чалавек, хутчэй за ўсё, будзем вызначаць вясной наступнага году. Усё будзе залежаць ад сытуацыі ў краіне, ці будуць зьмены ў магчымасьцях, у правілах гульні на выбарах. У залежнасьці ад гэтага будзе вызначацца асоба кандыдата.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два «доўгажыхары» сёлета сышлі з кіраўніцтва апазыцыйнымі партыямі Беларусі— А дапускаеце варыянт вылучэньня адзінага кандыдата зь іншымі палітычнымі сіламі?
— Калі ў краіне зьявілася б рэальная магчымасьць камусьці іншаму, акрамя адной вядомай асобы, перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах, у гэтым выпадку можна было б складаць намаганьні розных палітычных партый і структур пад гэтага кандыдата. Калі гэтага няма, калі зразумела, што вынік не залежыць ад таго, як галасуюць людзі, а залежыць ад таго, хто лічыць — у гэтых умовах вылучаць адзінага бессэнсоўна.
Бо адзіны кандыдат ад розных палітычных сіл — гэта заўсёды «траваедная праграма» бяз вострых вуглоў, дзе ўсе прынцыповыя пазыцыі згладжаныя, адзіны кандыдат ідзе з агульнымі ідэямі «за ўсё добрае супраць усяго дрэннага». А гэта заўсёды ня вельмі моцна мабілізуе людзей, іх няўцямная пазыцыя адзінага кандыдата ня вельмі прываблівае, а частку можа наагул адштурхнуць. Далёка ня ўсе прыхільнікі, да прыкладу, БНФ, убачыўшы ў якасьці кандыдата прадстаўніка «Справядлівага сьвету», пойдуць за яго галасаваць. Значная частка наагул ня пойдзе на выбары. Таму адзіны кандыдат — не заўсёды самы моцны кандыдат. Калі, ня маючы надзеі на вынік, насуперак сваім пазыцыям, сваім прынцыпам, мы ня будзем пераконваць людзей, у тым ліку і нашых прыхільнікаў, у сваіх ідэях, а будзем прасоўваць нейкія іншыя ідэі — гэта вар’яцтва.
Сёньня праз выбары зьмяніць сытуацыю нельга — гэта разумеюць усе. Ва ўмовах Беларусі наяўнасьць адзінага кандыдата — больш мінусаў, а плюсаў практычна няма.
Што да ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах, мы будзем абавязкова ўдзельнічаць. Я спадзяюся на вялікае прадстаўніцтва — вылучым ня менш за 60–70 кандыдатаў. Рыхтуемся да гэтага. І пойдзем да людзей з парадкам дня, які іх хвалюе: заробкі, цэны, жытло, магчымасьць атрымаць нармальнае лячэньне, адукацыю. І праз сацыяльныя пытаньні будзем тлумачыць, што іх можна вырашыць, калі зьмяніць палітычную сытуацыю ў краіне, зьмяніць уладу.
Ці будзе зьмена партыйнага лідэра, пабачым на зьезьдзе
— 25 гадоў вы ачольваеце партыю — столькі ж, колькі і Лукашэнка застаецца ва ўладзе. Мяняліся толькі назвы пасадаў і партыі: генэральны сакратар, старшыня партыі. Не стаміліся? Будзеце вылучацца зноў на зьезьдзе?
— Калі людзі вылучаць — значыць, зноў буду прэтэндаваць на лідэра партыі. Я сам ніколі не вылучаўся, вылучаюць сябры партыі.
У цяперашніх умовах пытаньне крыху па-іншаму стаіць. Гэта не пасада прэзыдэнта. Сёньня пасада кіраўніка палітычнай партыі — гэта ня пернік з маслам. У нас ёсьць шмат годных людзей, якія маглі б узначаліць партыю.
Але калі сёньня паставіць іх на гэтую пасаду (асабліва калі гэта маладыя людзі) — гэта азначае пазбавіць іх будучыні. Сёньня яны працуюць, карыстаюцца павагай у калектыве, а пастаў яго лідэрам партыі — ён страціць усё, што мае, без далейшай пэрспэктывы. Невядома, як дапрацаваць да пэнсіі і як потым жыць. Так што ў гэтым ёсьць праблема. І праблема ня толькі нашай партыі, але і іншых апазыцыйных партый.
Але, я думаю, на зьезьдзе выбары будуць альтэрнатыўныя. Адбудзецца зьмена ці не — убачым заўтра. Мы гаварылі са многімі сябрамі партыі пра тое, што насьпеў час, настала пара праводзіць зьмены.
Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» — пераемніца Камуністычнай партыі Беларусі, утварылася яна ў 1991 годзе. У 1996-м падзялілася на дзьве партыі: праўладную Камуністычную партыю Беларусі і Партыю камуністаў Беларускую. У 2009 годзе ПКБ зьмяніла назву на Беларускую партыю левых «Справядлівы сьвет».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму не мяняюцца лідэры апазыцыйных партый