У сьвеце ўсё больш узрастае цікавасьць да левых ідэй, заявіў старшыня беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін, выступаючы 16 сакавіка ў Менску на міжнароднай канфэрэнцыі «Эўрапейскія левыя за дэмакратычную, салідарную, сацыяльную і справядлівую Эўропу», перадае БелаПАН.
У форуме ўдзельнічае каля сарака прадстаўнікоў левых партый і арганізацый зь Беларусі, Бэльгіі, Баўгарыі, Нямеччыны, Грэцыі, Гішпаніі, Расеі, Турэччыны, Украіны, Фінляндыі і Чэхіі.
Паводле словаў Калякіна, гэтая канфэрэнцыя зьяўляецца добрай магчымасьцю для абмену меркаваньнямі «аб пазыцыі левых у дачыненьні да сучаснага матэрыяльнага і сацыяльнага становішча людзей, наяўных праблемаў у рэалізацыі асноўных правоў і свабодаў чалавека ў нашых краінах».
«У сучасным сьвеце, нягледзячы на заклінаньні нашых палітычных праціўнікаў, расьце папулярнасьць левай ідэі. Зразумела, чаму гэта адбываецца. Панавальная ў сьвеце на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў неалібэральная палітыка і практыка прывяла да жахлівай несправядлівасьці ў сьвеце, дзе кіруе транснацыянальны капітал, вынікі навукова-тэхнічнага, тэхналягічнага і інфармацыйнага прагрэсу не вядуць да грамадзтва ўсеагульнага дабрабыту, а выкарыстоўваюцца ў мэтах звышэксплюатацыі меншасьцю-паразітам працоўнай большасьці».
У гэтых умовах, падкрэсьліў Калякін, левыя партыі імкнуцца «прапанаваць людзям зразумелую і прывабную альтэрнатыву разьвіцьця», заснаваную на прынцыпах «народаўладзьдзя, сацыяльнай справядлівасьці, роўнасьці, салідарнасьці і свабоды».