Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына прапанавала выбіраць кіраўнікоў гарадоў і раёнаў. Да гэтага заклікалі дэпутаты ў 1996-м


Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына прапанавала не прызначаць, а выбіраць кіраўнікоў гарадоў і раёнаў. З падобнай ініцыятывай Вярхоўны Савет 13-га скліканьня выступаў яшчэ ў 1996 годзе.

«У Беларусі трэба абіраць кіраўнікоў сельскіх і пасялковых выканаўчых органаў, а затым, калі гэта спрацуе, пераходзіць да выбараў кіраўнікоў раёнаў і мэраў гарадоў», — сказала Лідзія Ярмошына ў ток-шоў дэпутата Ігара Марзалюка на тэлеканале СТБ.

«Я даўно выступаю за тое, каб сельскія і пасялковыя саветы як органы былі скасаваныя, каб мы не абіралі сельскіх і пасялковых дэпутатаў — гэта чыста дэкаратыўныя органы зь мінімумам паўнамоцтваў. А каб абіралі кіраўнікоў мясцовых сельскіх органаў, кіраўнікоў мясцовых адміністрацый. Гэта будзе адначасова і выканаўчая, і прадстаўнічая ўлада — абʼяднаная. Вяскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у выбарах, цікавіць толькі адно: хто будзе старшынём сельсавету. Дайце яго абіраць непасрэдна вяскоўцам», — сказала старшыня Цэнтравыбаркаму.

Яна дадала, што праз такія зьмены на ніжэйшым узроўні ўлады можна будзе пабачыць, што рабіць у гэтым кірунку далей.

«Давайце паглядзім, як яно пойдзе, — сказала кіраўніца ЦВК. — Калі гэта добра спрацуе на такім узроўні, можа, мы потым пяройдзем на ўзровень раёну, на ўзровень гораду — і тады ў нас будуць сапраўды абраныя мэры гарадоў. Чаму б і не? Але, каб не рызыкаваць, трэба паглядзець, як гэта спрацуе ўнізе».

Калякін: Пра гэта мы казалі яшчэ 23 гады таму

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

У лістападзе 1996 году ў Беларусі з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі адбыўся рэфэрэндум. На яго выносіліся 7 пытаньняў: 4 ініцыяваў прэзыдэнт, а 3 — тагачасны Вярхоўны Савет.

Адно з пытаньняў парлямэнтараў фармулявалася ў бюлетэнях так: «Ці выступаеце Вы за тое, каб кіраўнікі мясцовых органаў выканаўчай улады абіраліся непасрэдна жыхарамі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі?».

Афіцыйна галасы грамадзянаў падзяліліся наступным чынам: «за» выказаліся 28,24% выбарнікаў, «супраць» — 69,92%. Атрымліваецца, бальшыня беларусаў не захацелі самастойна абіраць сабе ўладу.

У Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня Сяргей Калякін кіраваў фракцыяй камуністаў. Сёньня ён згадаў, як нарадзілася дэпутацкая ініцыятыва.

«Гэта была супольная прапанова дзьвюх парлямэнцкіх фракцый — камуністаў і аграрыяў, якія падтрымала бальшыня Вярхоўнага Савету. Што было на той час? Фармальна кіраўнікі мясцовых органаў улады абіраліся саветамі. Мы прапаноўвалі перадаць гэтае права наўпрост мясцовым выбарнікам. І былі ўпэўненыя, што людзі нас падтрымаюць. Да гэтага часу не магу паверыць, што беларусы самі адмовіліся абіраць сабе кіраўнікоў. Нешта тут ня тое».

Пастухоў: Канстытуцыйны суд палічыў прызначэньне парушэньнем

Міхаіл Пастухоў
Міхаіл Пастухоў

«Лукашэнка, калі ён прыйшоў да ўлады, адразу вырашыў узяць расстаноўку кіроўных кадраў, пачынаючы зьнізу да самага верху, пад свой кантроль», — згадвае ў размове са Свабодай судзьдзя першага складу Канстытуцыйнага суду Беларусі прафэсар Міхаіл Пастухоў.

«Летам 1995 году прэзыдэнт заявіў, што ён будзе прызначаць усю кадравую вэртыкаль. Былі падрыхтаваныя адпаведныя дакумэнты, якія тычыліся мясцовага самакіраваньня. Добра памятаю, што тады наш суд прызнаў гэтыя крокі не адпаведнымі Асноўнаму Закону Рэспублікі Беларусь. Але Лукашэнку гэта не спыніла», — кажа прафэсар Пастухоў, непасрэдны ўдзельнік тых падзеяў.

Прафэсар кажа, што насамрэч падчас рэфэрэндуму 1996 году пытаньня пра тое, абіраць ці прызначаць мясцовую ўладу, кіраўнік краіны ў бюлетэнях ня ставіў.

«Там было хітра зроблена. Гэтая праблема ўвайшла ў агульнае пытаньне пра тое, ці прымаеце вы новую рэдакцыю Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якую прапаноўвае прэзыдэнт? Бальшыня нібыта прагаласавала „за“. Ад таго часу ўладная вэртыкаль стала законна аформленай», — падсумаваў Міхаіл Пастухоў.

Пліска: Лукашэнка, калі быў дэпутатам, выступаў за абраньне ўлады

Юрыст Міхаіл Пліска, які спадзяецца неўзабаве завяршыць сваю кнігу пра той час, распавядае Свабодзе, як мянялася стаўленьне Аляксандра Лукашэнкі да гэтай праблемы.

«Пытаньне аб абраньні мясцовай улады было вельмі папулярным пасьля распаду СССР. І дэпутаты Вярхоўнага Савету яшчэ 12 скліканьня яго не абміналі. Гуляла ксэракопія звароту групы парлямэнтараў, якія выступалі за абраньне мясцовых кіраўнікоў тутэйшымі жыхарамі. Сярод тых, хто яго падпісаў, быў і дэпутат Лукашэнка. Але пасьля абраньня на прэзыдэнта ягоныя погляды ў гэтым пытаньні радыкальна зьмяніліся».

Спадар Пліска дадае, што ў яго захаваліся дадзеныя шматлікіх апытаньняў насельніцтва перад рэфэрэндумам 1996 году.

«Лічбы абсалютна ўсіх апытаньняў паказваюць адно і тое ж — бальшыня выступала за абраньне, а не прызначэньне ўлады. А на рэфэрэндуме людзі нібыта выступілі супраць гэтага», — канстатуе супярэчнасьць юрыст Міхаіл Пліска.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG