Госьць «Інтэрвію тыдня» — Яўген Зубовіч, аўтар кнігі «Беларускі палкоўнік», якая перамагла на сайце Kniha.of.by паводле вынікаў чытацкага галасаваньня ў конкурсе «Кніга году». Яўген кажа, што ўспрымае пісьменьніцкую працу як пакліканьне, заяўляе, што літаратура не прыносіць тых грошай, на якія можна існаваць, і лічыць, што людзі часта галасуюць ня толькі за нейкага аўтара, але і за ягоны сьветапогляд.
Сьцісла:
- Хрысьціянская вера грае вырашальную ролю ў маім жыцьці і робіць вялікі ўплыў на маю творчасьць.
- Уладзімер Арлоў вельмі высока ацаніў узровень майго раману — ня толькі з пункту гледжаньня літаратурнага, але і гістарычнага.
- Для мяне пакуль такіх грошай, на якія можна існаваць, літаратура не прыносіць.
Калі людзі галасуюць — яны часта галасуюць ня толькі за нейкага аўтара, але і за ягоны сьветапогляд
— Яўген, думаю, гэта якраз той выпадак, калі варта пачаць інтэрвію з просьбай да вас распавесьці пра сябе. Бо вы ня вельмі вядомы чалавек — нават для той часткі беларускай публікі, якая цікавіцца беларускай літаратурай. Чым вы займаецеся і як вырашылі напісаць гэты твор?
— Я нарадзіўся ў горадзе Чавусы Магілёўскай вобласьці. Займаюся турызмам, экскурсавод. «Беларускі палкоўнік» — гэта ўжо мая чацьвёртая кніга. Я напісаў гістарычныя нарысы пра Чавусы, турыстычны даведнік па Чавускім раёне, кнігу вершаў.
Раман «Беларускі палкоўнік» выйдзе ў трох частках, пакуль я напісаў толькі першую. Гэта зьвязана і з маім горадам, мяне цікавіць гэты пэрыяд, 17-е стагодзьдзе, у кнізе апісаны Магілёў — месца, зь якім маё жыцьцё таксама моцна зьвязана.
— Нярэдка людзі, якія становяцца пісьменьнікамі, маюць блізкую да гэтай сфэры адукацыю — філялягічную, журналісцкую. Якая ў вас адукацыя? І як вы вырашылі пачаць пісаць?
— Адукацыя ў мяне эканамічная, я скончыў вышэйшую школу турызму ў Эканамічным унівэрсытэце (БДЭУ). Але я заўсёды цікавіўся гісторыяй, гэта фактычна самая галоўная тэма ў маім жыцьці. У гэтым пляне гэта была самаадукацыя, пэўны час я працаваў у архіве, база была менавіта такая.
— Вы лічыце сябе пісьменьнікам? Ці вы лічыце сябе экскурсаводам, які ў вольны час піша кнігі?
— Я лічу, што Бог кожнаму чалавеку ў жыцьці дае пакліканьне. Я лічу, што Бог мяне стварыў для таго, каб я займаўся літаратурай. Я не магу прагназаваць, наколькі гэта будзе ўдала — але лічу, што гэта маё пакліканьне.
Праца ж экскурсавода — гэта таксама блізка, бо я магу людзям распавядаць пра гісторыю сваёй зямлі, ня толькі беларусам, але і замежнікам.
— Наколькі было для вас нечаканым, калі па выніках чытацкага галасаваньня вы занялі першае месца?
— Для мяне гэта было, канечне, даволі нечаканым. Бо сярод тых кніг, якія трапілі ў шорт-ліст прэміі, былі вядомыя аўтары, якія даўно сваёй творчасьцю заслужылі пашану чытачоў. А я ў гэтым сэнсе чалавек дастаткова новы. Гэта, вядома, было нечакана — але вельмі прыемна.
— У сацыяльных сетках вашы сябры і паплечнікі кінулі такі кліч з заклікам галасаваць за вашую кнігу. І, наколькі я сачыў за галасаваньнем, — менавіта пасьля гэтага вы рванулі ўверх. Зь іншага боку, такі кліч маглі кінуць прыхільнікі кожнага з намінантаў.
— Мне вельмі прыемна, што людзі, якія палічылі, што мая кніга вартая, кінулі такі кліч, і шмат людзей прагаласавала. Я ўдзячны ўсім тым, хто мяне падтрымаў. Магчыма, гэты кліч сапраўды меў пэўнае значэньне. Але, як вы слушна заўважылі, такую магчымасьць мелі ўсе аўтары.
— Пераможцам галасаваньня пісьменьніцкага журы стала сёлета кніга Марыі Мартысевіч «Сарматыя». А вы там ня трапілі нават у пяцёрку. Якія ў вас адчуваньні ў гэтай сувязі?
— Магчыма, гэта можна патлумачыць тым, што я чалавек новы і малавядомы нават у пісьменьніцкіх колах. Таму гэта якраз для мяне не было нейкім такім сюрпрызам. Магчыма, у мяне ўсё толькі пачынаецца. Магчыма, пазьней, калі я як аўтар стану больш вядомым, кнігі мае будуць больш чытанымі, — гэта будзе ўплываць і на выбар саміх пісьменьнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як склаўся б твой лёс, калі б ты жыла ў Сарматыі? ВАРАЖЫЦЬ ТУТ— Як выглядае, вы ніяк ня ўдзельнічаеце ў розных спрэчках, дачыненьнях, канфліктах, якія адбываюцца ў пісьменьніцкім асяродзьдзі? Іншымі словамі — вы ніяк не датычныя да пісьменьніцкай «тусоўкі»? Ці часам ходзіце на нейкія падзеі, імпрэзы?
— Паводле сваёй працы я дастаткова заняты. Я пішу ў гістарычным жанры, а гэта вымагае вялікай падрыхтоўкі. Трэба праводзіць дасьледаваньні, шукаць крыніцы.
Што тычыцца літаратурных асяродкаў — то я сапраўды мала ў іх бываю і не магу сказаць, што ў нейкіх зь іх заангажаваны ў прынцыпе. І, у прынцыпе, калі людзі галасуюць — яны часта галасуюць ня толькі за нейкага аўтара, але і за ягоны сьветапогляд. І гэтыя сьветапогляды могуць быць розныя. Мой раман мае выразны хрысьціянскі зьмест. Таму, я лічу, ён мае сваю публіку, і не для кожнага ў сёньняшняй Беларусі гэты зьмест натуральны і прымальны. У Эўропе і Беларусі, напрыклад, даволі папулярныя левыя настроі. Так што ёсьць пэўныя перакананьні ў розных аўтараў — і за іх яны таксама галасуюць.
Уладзімер Арлоў вельмі высока ацаніў узровень майго раману — ня толькі з пункту гледжаньня літаратурнага, але і гістарычнага
— Вы і ў сваім Фэйсбуку пракамэнтавалі сваю перамогу ў тым сэнсе, што «другі год запар кніга з хрысьціянскім зьместам займае першае месца ў чытацкім галасаваньні». Наколькі хрысьціянская вера важная ў вашым жыцьці і як яна аказвае ўплыў на вашую творчасьць?
— Яна мае вырашальную ролю ў маім жыцьці і аказвае вялікі ўплыў на маю творчасьць. Бо я эвангельскі хрысьціянскі вернік. Я лічу, што гісторыю стварае Бог, і лічу, што будучыня Беларусі павінна быць з Богам. У нашага патрыятызму павінна быць важная маральная аснова, якая ёсьць у хрысьціянскай веры. Толькі ў гэтым будучыня і надзея нашай краіны.
— Я пачытаў трошкі ваш раман і заўважыў, што вы сапраўды вельмі ўважліва ставіцеся да гістарычных дэталяў — хто як быў апрануты, як выглядаў дом. Ці сустракаліся вам нейкія водгукі на ваш твор — як з боку літаратурных крытыкаў, гэтак і з боку прафэсійных гісторыкаў?
— Людзі розныя, і ў кожным творы можна знайсьці нейкія дробязі. Але я магу сказаць, што калі мой раман выйшаў — то славуты наш пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў вельмі высока ацаніў узровень майго раману — ня толькі з пункту гледжаньня літаратурнага, але і гістарычнага. Для мяне гэтая ацэнка была вельмі важная. Асабліва крытычных стрэлаў у свой бок я не сустракаў.
— Вы сказалі, што «Беларускі палкоўнік» — гэта толькі першая частка, а далей будзе трылёгія. Яна будзе з тымі самымі героямі ці гэта будуць цалкам новыя кнігі?
— Гэта будуць дзьве новыя часткі ад майго раману. Першая частка не сканчае аповед, галоўны герой якога — магілёўскі шляхціч Канстанцін Паклонскі, і яго постаць будзе праходзіць праз увесь раман, праз другую і трэцюю частку. Ужо ў гэтым годзе, на пачатку восені, павінна выйсьці другая частка.
— У сьвеце няшмат людзей, якія жывуць у матэрыяльным сэнсе зь пісьменьніцкай працы. А ў Беларусі такіх увогуле адзінкі. Вам пісаньне прыносіць нейкі матэрыяльны дабрабыт, дае магчымасьць існаваць? Ці гэта застаецца хобі і «пакліканьнем»?
— Так, гэта хутчэй пакліканьне. Беларуская літаратура ня так моцна распаўсюджаная, а я яшчэ аўтар новы. Я лічу, што пытаньне беларускай літаратуры залежыць ад пытаньня распаўсюджанасьці беларускай мовы. Чым болей будзе людзей, якія гавораць і чытаюць на беларускай мове — тым больш будзе посьпеху ў беларускай літаратуры, гэта будзе ўплываць на наклады любых аўтараў.
Мне пакуль такіх грошай, на якія можна існаваць, літаратура не прыносіць.