«Меч Брачыслава» — фэстываль сярэднявечнай культуры ў Браславе. Ён ладзіцца на Замкавай гары. Тут у 1065 годзе быў заснаваны Браслаў.
Сёлета «Меч Брачыслава» прайшоў дзявяты раз. Фэст дэбютаваў у 2010-м, калі Браслаў сьвяткаваў 945-годзьдзе, а Беларусь — чатырохсотую гадавіну Грунвальда. Тады з нагоды юбілею традыцыйнае сьвята рамёстваў перанесьлі з музэйнага падворка на Замкавую гару, месца заснаваньня Браслава, і назвалі ў гонар князя Брачыслава, які збудаваў на гары адзін з памежных фарпостаў Полацкага княства. З яго імем дасьледчыкі зьвязваюць паходжаньне назвы гораду.
«Фэст прысьвечаны пэрыяду раньняга сярэднявечча, часу Брачыслава», — удакладняе Эла Зінкевіч, загадчыца музэю традыцыйнай культуры і ініцыятарка фэстывалю. Галоўны арганізатар гістарычнай імпрэзы — Браслаўскае музэйнае абʼяднаньне. Ідэю падтрымліваюць гарадзкія ўлады. Фэст ладзіцца раз на год у межах другой значнай для Браслава міжнароднай падзеі — сьвята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы». Яно нашмат даўнейшае за «Меч Брачыслава — сёлета ўжо 52-е.
Замкавая гара — помнік гісторыі і культуры 9–15 стагодзьдзяў. Першымі тут пасяліліся балцкія плямёны. Тутэйшая ўмацаваная крэпасьць абараняла паўночна-заходнюю мяжу Полацкага княства. А ў часы Вялікага Княства Літоўскага Браслаў быў цэнтрам павету. Раз на год мясцовая шляхта зьбіралася на гары на павятовыя сэймікі. Браслаўцы старажытнае гарадзішча называюць замкам. Рэшткі гістарычнага замка да сёньня не захаваліся. Ён тут заўсёды быў драўляны.
Замкавая гара стала зручнай пляцоўкай для фэсту. Плошча старажытнага гарадзішча — два гектары. Яно лічыцца адным з самых вялікіх у Беларусі. Замак узвышаецца на 14 мэтраў над узроўнем азёраў. Максымальная вышыня абарончых валоў — каля сямі мэтраў. Гэта найлепшая ў горадзе пляцоўка для агляду.
Замкавая гара стаіць на перашыйку паміж азёрамі Дрывяты і Навята. Дрывяты, зьвязаныя ракой Друйкай зь Дзьвіной, займаюць пятае месца па велічыні ў краіне і надаюць Браславу прыморскі выгляд. Малы горад на эўрапейскіх мапах значыўся, як правіла, побач зь вялікім возерам. Гэта выразна відаць на мапах, прывезеных адмыслова для фэстывалю праектам imago.by, які займаецца старадаўнімі картамі і гравюрамі.
Традыцыйна «Меч Брачыслава» распачынаецца здабываньнем жывога агню на адмысловым прыстасаваньні — агнёвым сьвідры. Па абодва бакі станка, асобныя дэталі якога зробленыя з высушанай сасны, ліпы і клёну, становяцца мужчыны, якія вяроўкамі круцяць вэртыкальны кол, замацаваны вострым канцом на падкладзе.
Абрад адрадзілі музэйныя супрацоўнікі, якія дваццаць гадоў таму захапіліся рухам экспэрымэнтальнай археалёгіі. Тады група рэканструктараў «Крывіцкая асада» з Браслава пачала езьдзіць па эўрапейскіх фэстывалях сярэднявечнай культуры.
«Не за адзін год мы гэта зрабілі, — кажа ў інтэрвію Радыё Свабода Валеры Зінкевіч, ганчар, супрацоўнік музэю традыцыйнай культуры. — У нас некалькі варыянтаў было. Аднойчы нямецкі археоляг-рэканструктар нам падказаў, як падклад рабіць, як зьбіраць жар. Цэра, якая прымае жар, вельмі важная для здабываньня агню. Найлепш падыходзяць сухая трава, лыка ядлоўцу, перацёртыя іголкі сасны». Здабываючы жывы агонь, людзі бралі энэргію сонца і перадавалі яе зямлі. Рытуал адбываўся ў поўнай цішыні. Вясельле пачыналася пасьля зьяўленьня полымя.
Здабыты агонь нясуць да кухні, дзе сымбалічна запальваецца вогнішча, на якім падчас усяго фэстывалю гаспадыні выпякаюць мучныя праснакі зь мёдам, сочывам і зелянінай, запарваюць гарбату на зёлках.
«Меч Брачыслава» — адзін зь нешматлікіх фэстываляў Беларусі, дзе спалучаюцца два кірункі гістарычнай рэканструкцыі: рыцарства і старажытныя рамёствы.
Майстрам-рэканструктарам удалося адрадзіць даўнія спосабы бондарства, ганчарства. Яны навучыліся працаваць на прымітыўным ганчарным крузе, ткаць на вэртыкальных кроснах, пісаць па-даўнейшаму, прасьці на верацяне, апрацоўваць і фарбаваць воўну, вырабляць лямец, вязаць касьцяной іголкай, шыць абутак і каліты са скуры, бяросты, плесьці сеткі, кублы, берасьцянкі, апрацоўваць крэмень для наканечнікаў стрэлаў.
На пляцоўцы паміж валамі разьбіты рыцарскі стан. Сёлета ў Браслаў прыехалі клюбы гістарычнай рэканструкцыі зь Менску, Віцебску, Полацку, Вільні, Даўгаўпілса, Вялікіх Лукаў. Удзельнікі жывуць у шатрах з поўным абсталяваньнем, імітуючы быт даўніх часоў.
Ваярскія забавы, спаборніцтвы невялікіх дружын, штурм крэпасьці і турнір ваяроў зь дзідамі адбываюцца побач — на адмыслова агароджанай пляцоўцы.
У розных месцах Замкавай гары — забавы для дзяцей: арганізатары пазыцыянуюць фэстываль як сямейнае сьвята. Семʼямі прыяжджаюць ня толькі госьці, але і самі рэканструктары.
Сярод заўсёдных гасьцей фэстывалю — вулічны тэатар «Вір».
Фэстываль прыцягвае ўвагу да гісторыі. Гарадзішча па-ранейшаму застаецца цэнтрам, вакол якога віруе жыцьцё Браслава. Лічылася, што азёры перашкаджаюць гораду расьці. Жыгімонт Аўгуст хацеў перанесьці яго ў зручнейшае месца, але ўрэшце горад застаўся пры замкавай гары.
«Меч Брачыслава» супадае з пачаткам у гарадку летняга турыстычнага і фэстывальнага сэзону. Гарачая пара спрыяе папулярызацыі фэстывалю і дапамагае зьбіраць вялікую для лякальнай падзеі колькасьць наведнікаў.