Дуля ў кішэні. Як прымусіць людзей плаціць дарожны збор?

У сытуацыі са сплатай дарожнага збору ўлады трапілі ў пастку, якую самі расставілі.

Сьцісла

  • Уся гісторыя з дарожным зборам разбурае ўяўленьне пра законапаслухмянасьць беларусаў.
  • Людзі не пратэстуюць, а проста байкатуюць загад уладаў.
  • Улады ліхаманкава шукаюць выйсьце, каб прымусіць аўтаўладальнікаў плаціць транспартны падатак.
  • Рост цэнаў на бэнзін — праблема вельмі балючая з сацыяльнага і палітычнага гледзішча.

Гэтая сумная гісторыя бярэ пачатак у 2014 годзе. Тады ўлады ўвялі новы падатак на беларусаў. Але не на ўсіх, а толькі на ўладальнікаў аўтамабіляў. Ён называўся па-рознаму: транспартны падатак, падатак на аўто, дарожны збор. Ад самага пачатку насельніцтва ўспрыняло яго як несправядлівы, як чарговую спробу дзяржавы залезьці ў кішэню грамадзяніну.

Такіх несправядлівасьцяў звальваецца шмат. Аднак, як правіла, у такіх выпадках беларусы моўчкі робяць тое, што загадвае начальства. Памятаеце знакаміты анэкдот пра беларуса: вяроўку з сабой браць?

Але вось тут каса найшла на камень. Уся гісторыя з дарожным зборам разбурае ўяўленьне пра законапаслухмянасьць беларусаў. Яны проста перасталі яго плаціць.

І гэта не адзіны такі выпадак за апошнія часы. Узгадайма, як у 2017 годзе насельніцтва байкатавала выкананьне дэкрэту аб дармаедах. З 470 тысяч чалавек, якім было накіравана паведамленьне з патрабаваньнем выплаціць збор, заплаціла толькі 10%.

Нешта падобнае адбывалася і з дарожным зборам. Аўтаўладальнікі проста перасталі праходзіць тэхагляд, да якога была прывязаная выплата збору. У 2016 годзе 56% зь іх праігнаравалі гэтую працэдуру, а ў 2018 годзе ўжо 71% уладальнікаў аўтамабіляў фактычна адмовіліся праходзіць тэхнічны агляд і плаціць транспартны падатак.

Тут цікава, як беларусы рэагуюць на несправядлівасьць. Яне не пратэстуюць, не абʼядноўваюцца ў нейкую структуру, каб законным шляхам лабіраваць адмену заканадаўчага акту, які лічаць няправільным і несправядлівым. Не, яны проста перастаюць выконваць яго, ладзяць ціхі сабатаж.

Прычым беларускія грамадзяне ігнаруюць дзяржаўны загад толькі пры ўмове, што нічога вельмі дрэннага ім за гэта ня будзе. Калі і аштрафуюць за няпройдзены тэхагляд, дык штраф значна меншы за дарожны збор. Такая дуля ў кішэні.

У выніку ўлады ўжо каторы год думаюць, што рабіць з гэтым грамадзкім сабатажам. Летась новы прэмʼер Сяргей Румас неўзабаве пасьля свайго прызначэньня вырашыў памяняць схему выплаты транспартнага падатку. Новы варыянт адвязваў дарожны збор ад тэхагляду, прапаноўвалася плаціць яго з разьбіўкай па месяцах, прадугледжваўся паніжальны каэфіцыент, калі аўтаўладальнік плаціць за ўвесь год. Аднак Адміністрацыя прэзыдэнта зь невядомых прычын гэты праект забракавала.

Здавалася б, самы просты і справядлівы варыянт сплаты транспартнага падатку — гэта прывязаць яго да кошту бэнзіну: хто больш запраўляецца, той, адпаведна, і больш плаціць за карыстаньне дарогамі. Як адзначыў намесьнік міністра фінансаў Беларусі Дзьмітры Кійко, менавіта такі варыянт і застаецца.

Але тут улада ўсё роўна паўстане перад праблемамі. Галоўная — у тым, што давядзецца значна падвышаць цэны на бэнзін. Але ж гэта давядзецца рабіць так ці інакш, з прычыны падатковага манэўру ў Расеі. У выніку таго манэўру цана нафты, якая паступае ў Беларусь, рухаецца да ўзроўню ўсясьветных цэнаў. Усьлед за ёй павінны павышацца і цэны на бэнзін. Калі гэтага не рабіць, то беларускія НПЗ акажуцца стратнымі, давядзецца адмяняць акцыз, што нанясе моцны ўдар па бюджэце. Дарэчы, у зьвязку з падатковым манэўрам стаўкі акцызаў на паліва ўжо давялося зьнізіць на 25% з пачатку 2019 году.

А ўсім вядома, што рост цэнаў на бэнзін — праблема вельмі балючая з сацыяльнага і палітычнага гледзішча. Беларускія ўлады добра памятаюць акцыю пратэсту «Стоп бэнзін», якая аднойчы паралізавала транспартны рух у сталіцы. Тады пад ціскам вуліцы давялося адмяніць павышэньне цэнаў на паліва. Прычым цэны павялічацца ня толькі для гаспадароў аўтамабіляў, але і для ўладальнікаў газонакасілак, бэнзапіл і іншых прыбораў, якія працуюць на бэнзіне. Выклікаць відавочнае незадаволеньне насельніцтва напярэдадні дзьвюх выбарчых кампаній уладам зусім ня хочацца.

Акцыя «Стоп бэнзін» у 2011 годзе ў Менску

Акрамя таго, у выніку гэтага варыянту ўзьнікнуць і іншыя нэгатыўныя наступствы. Могуць паламацца пляны ўраду і Нацбанку ўтрымаць гадавы ўзровень інфляцыі ў інтэрвале 5–6%.

Цэны на бэнзін у Беларусі акажуцца значна вышэйшыя, чым у Расеі. Бо страты ад падатковага манэўру кампэнсуюцца там нафтаперапрацоўчым заводам з фэдэральнага бюджэту. Мала таго, што ў беларусаў зьявіцца відавочны і паказальны ўзор для параўнаньня, дык пачнецца масавы заезд у Расею на запраўкі па таннае паліва. А гэта дадатковы вываз валюты, спэкуляцыя.

То бок, куды ні кінь — усюды клін. Таму ўлады і кідаюцца ва ўсе бакі ў пошуках выйсьця з пасткі, якую самі прыдумалі для людзей.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кілямэтар ходнікаў у Ружанах каштаваў бы 35 тысяч даляраў, але «бракуе сродкаў»