Жанчына, якая загінула разам з унучкай у Ружанах у ДТЗ, прасіла ўлады зрабіць ходнікі якраз на гэтым участку дарогі. Свабода падлічыла, колькі б гэта магло каштаваць, і высьветліла, як у Беларусі ствараюць зручнае гарадзкое асяродзьдзе.
Што здарылася
17 лютага ў Ружанах з прычэпа грузавіка «МАЗ» рассыпаліся бярвёны і забілі шасьцімесячную дзяўчынку і яе 45-гадовую бабулю. Раней жыхары трохтысячнага мястэчка ня раз прасілі мясцовыя ўлады зрабіць ходнікі і пешаходны пераход на той самай вуліцы Косаўскай, дзе здарылася трагедыя. Але людзей не паслухалі. Гендырэктар РУП «Брэстаўтадар» Міхаіл Непачаловіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што ходніка на дарозе не было «з прычыны сьціснутых фінансавых умоваў».
Колькі б каштавалі ходнікі
Трагічнае здарэньне ў Ружанах адбылося на тым кавалку вуліцы Косаўскай, дзе няма ходнікаў. У цэнтры ходнікі ёсьць, а вось на кавалку прыкладна ў 1,3 кілямэтра іх няма. Паводле экспэртаў, зь якімі зьвязвалася Свабода, пешаходная зона магла і не ўратаваць загінулых. Пра гэтым зрабіць там ходнік, пра які прасілі месьцічы, каштавала б каля 45,5 тысячы даляраў, падлічвае кансультант праектаў разьвіцьця ПРААН па ўстойлівым транспартаваньні Павал Астапеня. У гэтую суму ўваходзіць асьвятленьне і інфраструктура.
«Гэта сыстэмная праблема, якая ёсьць у сярэдніх і буйных гарадах, ня толькі ў малых. Дарожнае і пешаходнае пакрыцьцё далёкае ад пешаходных нормаў. Узімку асабліва відаць, што ў такіх гарадах няма фінансаваньня. У абласных гарадах сытуацыя лепшая, але сярэднія і драбнейшыя — там праблема зь фінансаваньнем», — кажа Павал Астапеня.
Добраўпарадкаваньню гарадзкога асяродзьдзя спрыяюць «Дажынкі» — дзяржаўнае сьвята збору ўраджаю. Бо перад імі ў горадзе робяць рамонт, выдзяляючы на гэта сродкі.
«Гэта шчасьліўчыкі. Напрыклад, у Лідзе да дажынак была катастрофа — ні прайсьці, ні праехаць. Горад аднавіўся, калі прайшлі „Дажынкі“. Але пасьля іх можна сказаць, што ні рубля на інфраструктуру выдзелена не было», — кажа Павал Астапеня.
Сёлета абласныя «Дажынкі» пройдуць якраз у Ружанах, а на месцы, дзе здарылася аварыя, улады хочуць зрабіць роварную дарожку.
«Дарожны збор ідзе на дарогі для машын, а ня для пешаходаў»
Транспартны падатак, які плацяць беларускія аўтааматары раз на год, вагаецца ад 83 да 237 даляраў, залежна ад магутнасьці машыны, і ідзе на паляпшэньне дарог. За гэтыя сродкі ходнікі ня робяць.
«Гэты збор ідзе на дарогі, а не на вуліцы. І ў асноўным за гэты кошт фінансуюцца дарогі рэспубліканскага значэньня», — кажа Павал Астапеня.
Хто і колькі траціць на добраўпарадкаваньне гарадзкога асяродзьдзя
Бюджэт Пружанскага раёну на 2018 год складае 28 мільёнаў даляраў. Гэта вынікае з рашэньня пружанскага Савету дэпутатаў. На добраўпарадкаваньне, у тым ліку на абсталяваньне ходнікаў, ідзе 1/23 гэтай сумы (1,2 мільёна даляраў) — і гэта на ўсе 12 сельскіх саветаў, якія ўваходзяць у раён. Але нават гэтага б хапіла на 34 кілямэтры ходнікаў.
Грошы на разьвіцьцё зручнага гарадзкога асяродзьдзя ў Беларусі выдзяляе, у прыватнасьці, Эўразьвяз. У 2015 годзе фонд «Інтэракцыя» зрабіў роварную дарожку ў 10,7 кілямэтраў у Полацку. Гэты праект каштаваў 49 тысяч эўра. Агулам трэнд на стварэньне зручнага асяродзьдзя для пешаходаў і раварыстаў цяпер існуе ў гарадах з высокім узроўнем ВУП.
«Прамой залежнасьці паміж уладкаваньнем гарадзкога асяродзьдзя і зьніжэньнем колькасьці ДТЗ, хутчэй за ўсё, няма. Але разьвітыя гарады робяць ухіл на разьвіцьцё грамадзкай прасторы, а аўтамабілі выходзяць зь ліку прыярытэтаў. Бо гэта і аварыйнасьць, і дарагая інфраструктура, і выхлап шкодных газаў. У прыярытэце — грамадзкая інфраструктура», — кажа Павал Астапеня.
Экспэрты, зь якімі гаварыла Свабода, сыходзяцца на думцы, што для большай бясьпекі пешаходаў неабходна некалькі чыньнікаў:
• Абсталяваная пешаходная зона
• Абмежаваны хуткасны рэжым каля населенага пункту
• Асьвятленьне дарогі
• Абсталяваны пешаходны пераход