Выбары ў Беларусі і Польшчы: 7 адрозьненьняў

Галасаваньне на выбарах у Эўрапарлямэнт на выбарчым участку ў Варшаве

Летась карэспандэнт Свабоды назіраў за выбарамі ў Менскі гарадзкі савет. На мінулым тыдні ён правёў тры дні ў Беластоку ды паўдзельнічаў у назіраньні за выбарамі ў Эўрапарлямэнт. Расказваем пра 7 асноўных адрозьненьняў, якія мы пабачылі.

Актыўная палітычная кампанія

Ужо на пад’езьдзе да Беластоку заўважаеш багата агітацыйных білбордаў розных кандыдатаў. А на вуліцах каманда адной з партыяў раздае ня толькі ўлёткі, але і пончыкі ды цукеркі. На тэлевізіі, у сеціве, у газэтах, часопісах актыўна абмяркоўваюць выбары.

У Менску падчас апошніх выбараў такога не было: некалькі білбордаў, агітацыйных плякатаў. Адна з прычынаў — абмежаванае фінансаваньне кандыдатаў ды адсутнасьць падтрымкі палітычных партый ад дзяржавы. Абмяркоўвалі электаральную кампанію амаль выключна ў сеціве. Бо дзейнічалі значныя абмежаваньні на агітацыю ў клясычных мэдыя: кандыдаты ў дэпутаты тады мелі толькі тры хвіліны на выступ на дзяржаўным радыё.

Фармаваньне выбарчай камісіі

У Польшчы, каб стаць сябрам участковай выбарчай камісіі, не патрабуюць досьведу ці знаходжаньня на дзяржаўных пасадах. Туды ідуць людзі рознага веку, партыйнасьці і прафэсіі. Прычым камісіі фармуюцца абсалютна выпадкова: іх склад генэруецца кампутарнай праграмай. То бок на выбарчым участку сябры камісіі збольшага незнаёмыя адзін з адным.

У Беларусі, паводле статыстыкі, вельмі складана трапіць у выбарчую камісію. На мясцовых выбарах у 2018 годзе туды ня трапіў ніводзін прадстаўнік апазыцыйнай партыі. Выбарчыя ўчасткі Менску, дзе назіраў карэспандэнт Свабоды, былі сфармаваныя з працаўнікоў ЖЭСу і школы.

Назіральнікі

На ніводным з трох участкаў у Беластоку, якія наведаў карэспандэнт Свабоды, не было польскіх назіральнікаў. Паводле словаў аднаго з прадстаўнікоў палітычных партый, яны ня вельмі патрэбныя, бо сябры розных палітычных структураў ёсьць у саміх выбарчых камісіях. Усе яны могуць уносіць у пратакол свае заўвагі.

Міжнародным назіральнікам нескладана атрымаць акрэдытацыю ў Польшчы. Група беларускіх назіральнікаў ад руху «За свабоду» і Беларускага дому ў Варшаве мелі на ўчастках у Беластоку такія самыя правы, як і польскія назіральнікі. Адно што не маглі ўносіць заўвагі і скаргі.

На выбарах у Менску беларускім грамадзянам таксама нескладана было атрымаць акрэдытацыю назіральніка: дастаткова сабраць 10 подпісаў жыхароў участку або вылучыцца ад партыі ці грамадзкай арганізацыі. У параўнаньні зь Беластокам у Менску назіральнікаў было шмат: па два на ўчастак ад незалежнай кампаніі «Права выбару» ды каля 6–8 іншых. Але магчымасьці назіральнікаў даволі абмежаваныя. Напрыклад, размаўляць можна толькі са старшынёй участковай выбарчай камісіі. Фіксаваць парушэньні на камэру тэлефона забаронена. Дарэчы, у Польшчы назіральнікі таксама ня мелі права здымаць на выбарчым участку і потым публікаваць у сеціве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазбаўленыя права голасу на радзіме. Як беларускі галасавалі на эўрапейскіх выбарах

Адсутнасьць буфэтаў і забаўляльнай праграмы

На ўсіх трох участках Беластоку, якія наведаў карэспандэнт Свабоды, не было буфэтаў з алькагольнымі напоямі. Паводле словаў аднаго зь сябраў участковай выбарчай камісіі, у Польшчы такое немагчыма. Не было заўважана і нейкай забаўляльнай праграмы.

У дзень галасаваньня на мясцовых выбарах у менскай школе, дзе назіраў карэспандэнт Свабоды ў 2018 годзе, у буфэце можна было набыць алькагольныя напоі ды спажыць іх на месцы. А ў актавай залі адміністрацыя школы ладзіла забаўляльную імпрэзу. Таксама ў школе працаваў кірмаш.

Падлік галасоў

У Беластоку галасаваньне праходзіла адзін дзень — ад 7 раніцы і па 21 гадзіну вечара. Пасьля гэтага распачаўся падлік галасоў. Толькі адзін назіральнік мог прысутнічаць на ўчастку падчас працэдуры падліку галасоў, але ня мусіў трымацца ўдалечыні ад камісіі. Карэспандэнт Свабоды назіраў прыкладна за паўмэтра ад стала, дзе лічылі галасы. Можна было бачыць бюлетэні. Прадстаўнікоў сілавых структураў на падліку не было.

Сам працэс падобны да беларускага, але значна больш павольны і далікатны. Вынікі галасаваньня падлічылі прыкладна за 70 хвілінаў. Яшчэ паўтары гадзіны спатрэбілася на бюракратычныя працэдуры: афармленьне пратаколаў і пакаваньне бюлетэняў.

Падлік галасоў на мясцовых выбарах у Менску, люты 2018

На мясцовых выбарах у Менску, дзе назіраў карэспандэнт Свабоды, падлік прайшоў хутка. Назіральнікаў трымалі на адлегласьці чатыры-пяць мэтраў. Назіраць за празрыстасьцю падліку было складана. Прысутнічаў міліцыянт. Вынікі выбараў агучылі ўжо праз паўтары гадзіны. Прычым на запаўненьне пратаколу пайшло каля 10–15 хвілінаў.

Парушэньні

Паводле беларускіх назіральнікаў у Беластоку, замест традыцыйных для Беларусі кабінак для галасаваньня яны бачылі школьныя парты зь вялікай кардоннай перагародкай, якая засланяе выбаршчыка ад камісіі, але не ад іншага выбаршчыка. На адным участку насупраць месца для галасаваньня была школьная відэакамэра. Больш сур’ёзных парушэньняў назіральнікі не заўважылі.

Падчас мясцовых выбараў у Менску назіральнікі ад «Права выбару» фіксавалі шматлікія парушэньні. Адно з асноўных — выбарчыя «карусэлі». Падчас датэрміновага галасаваньня групы людзей на аўтамабілях і службовых мікрааўтобусах курсавалі па розных выбарчых участках і стваралі масавасьць і яўку. Падлік галасоў быў непразрысты.

Экзыт-полы і вынікі

На выбарах у Эўрапарлямэнт ад Польшчы рабіліся экзыт-полы, вынікі якіх можна агучваць толькі пасьля закрыцьця ўчасткаў. Буйныя партыі чакаюць абвяшчэньня экзыт-полаў у сваіх штабах або на вечарынах з электаратам.

У Беларусі апазыцыйныя партыі скептычна ставяцца да дзяржаўных сацыялягічных апытаньняў. А дзейнасьць прыватных і міжнародных сацыялягічных кампаній вельмі абмежаваная. Кандыдат, на чыёй акрузе назіраў карэспандэнт Свабоды, сустракаў вынікі выбараў не ў сваім штабе, а на адным з участкаў, назіраючы за падлікам галасоў. Праз пэўны час выбарчая камісія пастанавіла выдаліць яго з участку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чэсных» выбараў зноў ня будзе. Цэнтарвыбаркам адхіліў усе прапановы апазыцыі