Эўропа на мяжы распаду. У Эўропе падымае галаву фашызм. Эўропа зрынае старую эліту, якая сябе скампрамэтавала і выбірае радыкалаў. Эўраскептыкі бяруць Эўропу на абардаж. Ажно млосна робіцца ад клішэ, якімі некалькі гадоў карыстаюцца прапагандысты з розных бакоў.
Эўраскептыкі каторы год запар крычаць пра паразу эўрапейскага праекту і ўскладаюць адказнасьць на левалібэрэлаў. Левалібэралы крычаць, што Эўропе пагражае фашызацыя і вінавацяць эўраскептыкаў.
Палітыка, як вядома, гэта эмоцыі. Дык вось — усе бакі гэтай спрэчкі «харошанькія», бо спрабуюць ціснуць на эмоцыі і фобіі. А тым часам плёткі пра сьмерць Эўразьвязу моцна перабольшаныя. І гэта паказалі вынікі выбараў у Эўрапейскі парлямэнт. Сярод 751 месца ў ЭП эўраскептыкі атрымалі 110 месцаў. Але чаму эўраскептык павінен адразу быць фашыстам?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары ў Эўрапарлямэнт: эўраскептыцызм не прайшоўНайбольш крытыкі даставалася Ўсходняй Эўропе, якую вінавацілі ледзь не ў рэнэсансе фашысцкіх настрояў. Тым часам у «брыдкіх качанятах» гэтага рэгіёну — Польшчы і Вугоршчыне — праэўрапейскія партыі вядуць рэй. І Віктар Орбан, і Яраслаў Качыньскі, ніколі, яшчэ раз — НІКОЛІ — ня ставілі пытаньня пра выхад сваіх краін з Эўразьвязу. Іх партыі — праэўрапейскія, што б ні казалі крытыкі.
Партыя «Фідэс» Орбана два месяцы таму была прыпыненая ў правах найбуйнейшай фракцыі Эўрапарлямэнту — Эўрапейскай народнай партыі, самай праэўрапейскай у ЭЗ. Але не за фашызм, а за крытыку старшыні Эўракамісіі і міграцыйнай палітыкі. Зрэшты, калі «Фідэс» — гэта фашысты, дык хто такія радыкалы з партыі «Ёбік», якія нават злагодзіўшы сваю рыторыку, ледзь перакрочылі выбарчы парог?
У Польшчы праэўрапейскія настроі сягаюць 80%. Складзіце вынік «Эўрапейскай каааліцыі» і кансэрватараў з партыі ПіС, і вы атрымаеце тыя ж 80% ці нават больш. ПіСаўцаў апанэнты вінавацяць у эўраскептыцызьме. Але ёсьць адзін нюанс. Менавіта Лех Качынскі з ПіСу падпісаў Лісабонскую дамову — дакумэнт, які рэфармаваў Эўразьвяз і ператварыў у актыўную структуру. І гэтая партыя ніколі не ўздымала пытаньня пра выхад з Эўразьвязу — Polexit, якім палохае апазыцыя ўнутры краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вялікай Брытаніі на выбарах у Эўрапарлямэнт перамагла партыя ідэоляга BrexitПалітыкі гэтай партыі сапраўды часам крытыкуюць рашэньні эўрасупольнасьці. Але краінам-чальцам гэта нідзе не забаронена. Для гэтага і існуе Эўрапейскі парлямэнт, дзе дэпутаты павінны спрачацца пра будучыню ЭЗ. Дзіўным было б, каб там панавала 100% згоды наконт усяго.
Супраць ПіСу таксама гучаць абвінавачваньні ў фашызьме. Але рэальныя радыкалы, блізкія да фашыстоўскай ідэалёгіі, няздольныя ў Польшчы перакрочыць нават выбарчы бар’ер. Адзін з такіх кадраў паабяцаў нават калісьці аблізаць унітазную дошку з электрычкі, калі не набярэ 1%. Крышкі ён так і не аблізаў, але 1% таксама не набраў. Хаця на яго працавалі самыя радыкальныя сілы ў Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На прэзыдэнцкіх выбарах у Літве перамог эканаміст Гітанас НаўседаУ Аўстрыі эўраскептыкі набралі 11% і занялі трэцяе месца. Гэта тыя, што кіруюць краінай і не ўздымаюць пытаньня пра выхад з Эўразьвязу. У Галяндыі эўраскептыкам прадказвалі першае месца, а яны занялі ажно чацьвёртае — 3,5%. Партыя Марын Лё Пэн усяго на 2 працэнтных пункты пераганяе партыю праэўрапейскага Макрона. Гэта трыюмф фашызму? У Харватыі эўраскептыкі здабылі ажно 1 мандат, у Эстоніі таксама. Калі гэта наступ фашызму, то як тады назваць 641 месца праэўрапейскіх сілаў у новым Эўрапарлямэнце?
І нарэшце нешта для эўраскептыкаў. Эўропа ня чуе сваіх грамадзян, ігнаруе іх голас, грымяць яны на сваіх дэманстрацыях. Народ! Прачытайце вы нарэшце, як збудаваная сыстэма прыняцьця рашэньняў у ЭЗ і дзеля чаго існуе Эўрапарлямэнт. І што ніводнае важнае пытаньне ня можа быць зацьверджанае ў ЭЗ бяз поўнага кансэнсусу ўсіх краінаў, то бок тых урадаў, якія выбіраюць эўрапейцы на нацыянальных выбарах у сябе дома.
Эўропа ў добрай форме і жывейшая за усіх жывых. І гэта добрая навіна для беларусаў, для якіх Эўропа — узор для перайманьня.
Дарэчы, а ведаеце колькі набралі нэанацысты ў Нямеччыне? Менш за сатырычную Die Partei (2,6%), якая патрабавала аднаўленьня Бэрлінскага муру, i за Партыю аховы жывёлаў — 1,4%. Я ўздымаю келіх за тую Эўропу, дзе абаронцы жывёлаў набіраюць больш галасоў за нэанацыстаў.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.