Эўрапейскі зьвяз апублікаваў справаздачу аб стане правоў чалавека і дэмакратыі ў сьвеце.
Эўразьвяз адзначае, што ў 2018 годзе сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не палепшылася і не былі зьмененыя законы, якія найбольш абмяжоўваюць фундамэнтальныя свабоды. Аўтары справаздачы пішуць пра шэраг іншых праблемаў:
- Хоць дзейнасьць незарэгістраваных арганізацый і была дэкрыміналізаваная, але за яе ўвялі штрафы ў адміністрацыйны кодэкс.
- Працэс рэгістрацыі застаецца надзвычай складаным.
- Свабодзе асацыяцый па-ранейшаму сур’ёзна шкодзіць патрабаваньне рэгістраваць замежнае фінансаваньне.
- У краіне не зьявілася незалежнай інстытуцыі нагляду за правамі чалавека.
- Не было зроблена сур’ёзных крокаў, каб ператварыць у жыцьцё прыняты ў 2016 годзе Нацыянальны плян дзеяньняў па правах чалавека. Улады засяроджваліся на асобных сфэрах, але не рабілі намаганьняў, каб вырашыць ключавыя праблемы.
- У 2018 годзе ўсе яшчэ ўжывалася сьмяротнае пакараньне. Былі вынесены два новыя прысуды і выкананы чатыры ранейшыя. Пры гэтым, аднак, прадстаўнікі ўладаў бралі ўдзел у дыскусіях пра сьмяротнае пакараньне.
- Мясцовыя выбары ў лютым 2018 году не адпавядалі шэрагу ключавых міжнародных стандартаў, каб быць вартымі даверу, інклюзіўнымі і празрыстымі.
- Праца экспэртнай групы па вывучэньні рэкамэндацый Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, заснаванай пад эгідай прэзыдэнта, была прыпыненая, і не было зроблена ніякіх крокаў, каб зьмяніць Выбарчы кодэкс.
- Сярод галоўных праблемаў застаюцца шматлікія затрыманьні і штрафы апазыцыйным і прафсаюзным актывістам, праваабаронцам і журналістам. Адзначаецца, што гэтак званая «справа БелТА» і справа супраць актывістаў прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці выклікалі нэгатыўныя водгукі з боку міжнароднай супольнасьці.
- Паведамлялася пра некалькі выпадкаў дыскрымінацыі паводле на сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасьці, у тым ліку запалохваньне, гамафобны дыскурс, мову варожасьці і гвалт супраць прадстаўнікоў ЛГБТ. З станоўчага боку — у сакавіку 2018 году была зарэгістраваная арганізацыя ЛГБТКІ-супольнасці «Outloud / Makeout».