Былому кіраўніку незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) на дзьве гадзіны скарацілі час, калі ён мусіць абавязкова знаходзіцца ў сваёй кватэры. Адпаведнае рашэньне прыняла крымінальна-выканаўчая інспэкцыя Цэнтральнага РУУС Менску. Яно набыло сілу ад 2 траўня.
Цяпер яму забараняецца выходзіць з дому ад 21-й гадзіны да 6-й гадзіны. Раней Фядынічу прадпісвалася знаходзіцца ў кватэры з 19-й да 6-й.
Таксама ўсталяваны новы час наведваньня арганiзацый аховы здароўя, устаноў сувязі, гандлю, бытавога абслугоўваньня, фінансавых ды іншых арганізацый у працоўныя дні. Цяпер Фядынічу можна знаходзіцца там — з 18 да 20 гадзін. Папярэдняе прадпісаньне дазваляла наведваць гэтыя ўстановы з 12 да 14 гадзін.
Фядыніч паведаміў Свабодзе, што раней і ён асабіста, і прафсаюз РЭП неаднаразова зьвярталіся ў інспэкцыю з просьбамі зьмяніць усталяваны рэжым адбываньня «хатняй хіміі».
А вось забарона выхаду з кватэры ў суботу, нядзелю, выходныя і сьвяточныя дні застаецца ў сіле.
Летась суд Савецкага раёну Менску прызнаў лідэраў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка вінаватымі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і прысудзіў чатыры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу зь пяцігадовай забаронай займаць кіраўнічыя пасады.
Суд прызнаў прафсаюзных дзеячаў вінаватымі ў тым, што яны «выкарыстоўвалі асоб, якія ня ведалі аб злачынным характары дзеяньняў, для перавозкі грошай з-за мяжы, якія не рэгістраваліся ў дэпартамэнце па гуманітарнай дзейнасьці Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта». Наўмысна скажаючы дадзеныя ў бухгалтарскім уліку, лідэры прафсаюза РЭП, як палічыў суд, ухіляліся ад выплаты падаткаў.