Абаронца Курапатаў Зьміцер Дашкевіч паведаміў Свабодзе, што яму дагэтуль не вярнулі 70 крыжоў, якія працаўнікі Бараўлянскага спэцлясгасу, будаўнікі з Заслаўя і міліцыянты зьнесьлі і вывезьлі з Курапатаў 4 красавіка.
Першую скаргу ў пракуратуру актывіст аднёс 8 красавіка. На гэтую скаргу Зьміцер Дашкевіч атрымаў адказ, які назваў адпіскай, паскардзіўшыся другі раз.
Актывіст пытаўся пра законныя падставы для зносу крыжоў, на якія спасылаліся Міністэрства лясной гаспадаркі і Бараўлянскі спэцлясгас пасьля падзей 4 красавіка.
«Памятаеце, яны ж спасылаліся на нейкі дазвол на „ўпарадкаваньне ў Курапатах“, дадзены лясгасу. Але з пракуратуры мне адказалі, што ніякі дазвол і ня быў патрэбны. То бок нібыта ўсё было зроблена законна», — кажа Зьміцер Дашкевіч.
Ён кажа, што не атрымаў адказу ў тым ліку на галоўнае пытаньне — пра далейшы лёс прыналежных яму крыжоў. Таму днямі даслаў у пракуратуру новую заяву:
«Зноў паўтараю: дзе і калі я магу забраць 70 крыжоў, якія Бараўлянскі спэцлясгас павыварочваў і вывез з Курапатаў 4 красавіка 2019 году?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінлясгас «гатовы вярнуць» уласьнікам зьнесеныя курапацкія крыжы. Пры адной умовеПразь некалькі дзён пасьля «крыжалому» ў Курапатах дырэктар Бараўлянскага спэцлясгасу Аляксандар Мірановіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што гатовы вярнуць крыжы Дашкевічу, калі той прадставіць дакумэнты на іх.
«Пагадзіцеся, зьвяртацца да злодзея каб ён вярнуў тое, што забраў — нелягічна і ня мае сэнсу. Таму я адразу зьвярнуўся ў орган, які быццам бы мусіць кантраляваць законнасьць ў краіне — Генпракуратуру», — патлумачыў Свабодзе Зьміцер Дашкевіч.
Крыжалом у Курапатах. Што важна ведаць
У Курапатах 4 красавіка зьнесьлі 70 крыжоў, якія стаялі ўздоўж МКАД і пачалі ўсталёўваць плот. 13 красавіка зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі.
Ці законна гэта? Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.
Як адрэагавалі людзі? Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прыйшлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе зносілі крыжы. Цягам красавіка за Курапаты моляцца ў розных гарадах і мястэчках Беларусі.
Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.
Што такое Курапаты?
Курапаты – лясны масіў на поўначы Менску, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.
Пра масавыя расстрэлы ў Курапатах шырока стала вядома ў 1988 годзе пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці».
Колькі там забілі? Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў.
Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.
Ці не нацысты гэта забівалі? Не, бальшавікі.
Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.