Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінлясгас заявіў пра забарону ўстаноўкі новых крыжоў у Курапатах


Знос крыжоў і ўсталяваньне агароджы ў Курапатах
Знос крыжоў і ўсталяваньне агароджы ў Курапатах

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая атрымала адказы зь Мінкульту і Мінлясгасу па факце зносу крыжоў і ўсталяваньня агароджы 4 красавіка ў Курапатах.

У афіцыйным адказе Міністэрства культуры гаворыцца, што ўсталяваньне агароджы ў Курапатах «не адносіцца да рамонтна-рэстаўрацыйных» работ, а работы па добраўпарадкаваньні тэрыторыі і ў ахоўных зонах «дазваляюцца» і «могуць выконвацца без дазволу і ўзгадненьня праекту Мінкультуры».

Рашэньні па добраўпарадкаваньні мэмарыялаў і месцаў масавага пахаваньня насельніцтва знаходзяцца «ў кампэтэнцыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў», адзначаецца ў адказе Мінкульту.

«Дзіўна, але калі ніякіх узгадненьняў і дазволаў для такіх работ не патрабавалася, то чаму пра гэта ніхто з чыноўнікаў ня мог адказаць больш за тыдзень? Прычым ні вусна, ні пісьмова. Чаму маўчаў і ўцякаў ад мяне і журналістаў непасрэдна на месцы правядзеньня работ дырэктар лясгаса Мірановіч?» — пракамэнтавала адказы зь міністэрстваў Ганна Канапацкая.

У адказе зь Мінлясгасу гаворыцца, што ва ўрочышчы Курапаты дазваляецца праводзіць работы «па добраўпарадкаваньні тэрыторыі, увекавечваньні памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій, правядзеньні археалягічных дасьледаваньняў, санітарная высечка дрэваў і кустоўя, эксплюатацыя і рэканструкцыя існуючых інжынэрных камунікацый», але разам з тым «забараняецца ўстаноўка новых і зьмяненьне зьнешняга выгляду існуючых крыжоў».

У Мінлясгасе адзначаюць, што падчас «вялікай размовы з прэзыдэнтам» Аляксандар Лукашэнка «зьвярнуў увагу на неабходнасьць навядзеньня парадку» ў Курапатах, пасьля чаго «адпаведнае даручэньне было дадзена ўсім зацікаўленым ведамствам». Прадугледжваецца, што работы па добраўпарадкаваньні Курапатаў будуць працягвацца.​

Крыжалом у Курапатах. Што важна ведаць

Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка
Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка

У Курапатах 4 красавіка ​зьнесьлі 70 крыжоў, якія стаялі ўздоўж МКАД і пачалі ўсталёўваць плот. 13 красавіка зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі.​

Ці законна гэта? Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.

Як адрэагавалі людзі? Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прыйшлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе зносілі крыжы. Цягам красавіка за Курапаты моляцца ў розных гарадах і мястэчках Беларусі.

Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.

Што такое Курапаты?

Курапаты – лясны масіў на поўначы Менску, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.

Пра масавыя расстрэлы ў Курапатах шырока стала вядома ў 1988 годзе пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці».

Колькі там забілі? Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў.

Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.

Ці не нацысты гэта забівалі? Не, бальшавікі.

Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG