На будынку амбасады Вялікай Брытаніі ў Менску 17 траўня зьявіўся вясёлкавы сьцяг — побач з брытанскім і эўрапейскім. Летась брытанская амбасада таксама вывешвала гэты сьцяг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадарка Вялікай Брытаніі далучылася да крытыкі вядоўцы БТ за гамафобныя намёкіТады на гэта адмоўна адрэагаваў міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч, які палічыў вывешваньне сьцяга «прапагандай таго ладу жыцьця, які для нас непрымальны». На сайце МУС сьцьвярджалася, што «аднаполыя адносіны — гэта падробка».
На пытаньне карэспандэнта Свабоды пра тое, ці будзе рэакцыя МУС гэтым разам, афіцыйная прадстаўніца міністэрства Вольга Чамаданава адказала: «Убачыце ўсё на нашым сайце».
Абноўлена: МУС зноў адрэагавала на вясёлкавы сьцяг на брытанскай амбасадзе, зьвязала з ростам пэдафіліі
Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей летась ня стаў крытыкаваць Шуневіча, але заявіў, што перад такімі заявамі «трэба думаць пра наступствы», а Эўразьвязу пажадаў не «навязваць тыя ці іншыя рэчы, якія ўжо даўно ўстаяліся ў нейкіх краінах».
Шуневіч пазьней заявіў, што ў функцыі ягонага ведамства нібыта ўваходзіць таксама «ахова маральнасьці» (гэта не замацавана прынамсі ў публічных праўных актах).
У сьвеце 17 траўня адзначаецца як Дзень барацьбы з гамафобіяй. У Вялікай Брытаніі правы ЛГБТ-людзей абараняюцца на дзяржаўным узроўні, аднаполыя шлюбы рэгіструюцца з 2014 году (акрамя Паўночнай Ірляндыі, дзе прызнаюцца толькі аднаполыя «грамадзянскія партнэрствы».
Супольна з брытанскай амбасадай ў абарону правоў ЛГБТ-людзей выступілі амбасады ЗША, Ізраілю і Швэцыі, прадсташнікі ААН і Сусьветнай арганізацыі здароўя.
МУС і сэкс: што адбывалася апошнім часам
- 17 траўня 2018 году, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікай Брытаніі і ЗША ў Менску вывесілі вясёлкавыя сьцягі.
- 20 траўня 2018 Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай.
- 21 траўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч назваў вывешваньне міжнароднага сымбаля ЛГБТ-супольнасьці прапагандай «непрымальнага» ладу жыцьця.
- 7 чэрвеня 2018 Шуневіч заявіў, што «ахова маральнасьці» — гэта функцыя МУС, хоць такой функцыі ў законе «Аб органах унутраных спраў» няма.
- Улетку супрацоўнікі міліцыі неаднаразова ладзілі аблавы на закрытыя ЛГБТ- і сьвінг-вечарыны, удзельнікаў затрымлівалі.
- У сьнежні 2018 году ў інтэрвію тэлеканалу АНТ Шуневіч назваў частку грамадзян Беларусі «дзіравымі». Некаторыя ўспрынялі гэтае выказваньне як адрасаванае ЛГБТК+ супольнасьці. Праваабарончы цэнтар «Вясна» назваў гэтае выказваньне гамафобным і патрабавала прыцягнуць Шуневіча да крымінальнай адказнасьці. Генпракуратура назвала выказваньне «асабістым меркаваньнем».