Двух беларусаў затрымалі за незаконны перахоп міжнародных тэлефанаваньняў

©Shutterstock

Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў аб завяршэньні расьсьледаваньня справы аб шкодзе дзяржаўнаму апэратару сувязі.

23-гадовы мужчына з Горадзенскай вобласьці і 24-гадовы жыхар Менску незаконна прапускалі галасавыя тэлефанаваньні праз інтэрнэт.

Паводле сьледчых, мужчыны «ўступілі ў злачынную змову» зь нявызначанымі замежнікамі і за грошы займаліся «нелегальным пропускам міжнароднага галасавога інтэрнэт-трафіку». Дзеля гэтага яны здымалі кватэтэры ў розных абласьцях Беларусі, праз спэцыяльнае абсталяваньне прымалі і перанакіроўвалі міжнародныя тэлефанаваньні.

Як падлічылі сьледчыя, за некалькі месяцаў мужчыны зарабілі 23 тысячы рублёў, а «Белтэлекам» недазарабіў 43 тысячы. Таксама сьцьвярджаецца, што яны маглі праслухоўваць размовы, якія перанакіроўвалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму КДБ можа легальна слухаць любыя размовы і што з гэтым рабіць

Дзеяньні затрыманых кваліфікавалі як «нанясеньне шкоды пры адсутнасьці прыкметаў крадзяжу, учыненае групай асобаў» (ч.2 арт. 216 КК РБ), «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць з прыбыткам у буйным памеры» (ч.1 арт. 233) і «неправамернае авалоданьне кампутарнай інфармацыяй» (арт. 352).

Мянчук часткова прызнаў віну і кампэнсуе шкоду, яго вызвалілі пад асабістыя парукі. Ягоны саўдзельнік зьмешчаны пад варту. Ім пагражае да 5 гадоў турмы.

Калі тэлефанаваць праз інтэрнэт законна, а калі не

Тэлефанаваньні праз інтэрнэт можна рабіць у праграмах кшталту Skype і Viber, у тым ліку тэлефанаваць зь іх на мабільныя і гарадзкія тэлефоны – гэта завецца VoIP-тэлефаніяй і выходзіць таньней за звычайныя міжнародныя тэлефанаваньні. Але такая дзейнасьць рэгулюецца законам.

У 2016 годзе Аляксандар Лукашэнка сваім указам цалкам забараніў гэта. Але мэсэнджэры не заблякавалі — прэзыдэнцкі апэратыўна-аналітычны цэнтар падзаконным актам дазволіў IP-тэлефанію пасьля платнай рэгістрацыі пастаўшчыка паслугаў і ня стаў распаўсюджваць забарону на Skype і Viber. Ад ідэі дадатковага «падатку на Skype» у Мінсувязі пакуль адмовіліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлефануеш з-за мяжы ў Беларусь — трапляеш на незнаёмцаў і махляроў. Чаму так і што рабіць?

Перахоп чужых тэлефанаваньняў не законны ні пры якіх умовах. Але гэта часам робяць махляры ў розных краінах. Беларусы ня раз заўважалі выпадкі, калі тэлефанаваньні ў Беларусь з-за мяжы даходзяць не да патрэбнага абанэнта, а да незнаёмых людзей, якія просяць проста пачакаць, пакуль паклічуць да слухаўкі знаёмага (а ў час чаканьня грошы за сувязь сьпісваюцца).