Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэны на мабільны інтэрнэт у Беларусі назвалі вышэйшымі за аўстрыйскія, італьянскія і фінскія


Ілюстрацыйнае фота, ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота, ©Shutterstock

Брытанскі сайт Cable, які займаецца параўнаньнем цэнаў на паслугі сувязі, апублікаваў рэйтынг коштаў мабільнага інтэрнэту ў розных краінах сьвету. Беларусь аказалася на 48 месцы паводле таннасьці.

Найбольш танным названы мабільны інтэрнэт у Індыі — у сярэднім 26 цэнтаў за 1 Гб. Сьледам — краіны былога СССР: Кіргізстан, Казахстан і Ўкраіна (27, 49 і 51 цэнт адпаведна).

Беларусь, дзе ў сярэднім 2,36 даляра за 1 Гб, паставілі паміж Зымбабвэ і Турэччынай (46–47 месца), Лесота і Аўстраліяй (49–50 месца). Ніжэйшыя за Беларусь цэны ёсьць ня толькі ў краінах з заробкамі, ніжэйшымі за Беларусь, але і ў багацейшых — напрыклад, у Аўстрыі, Італіі, Фінляндыі.

Мабільны інтэрнэт каштуе менш, чым у Беларусі, таксама ў Расеі (3 месца, 91 цэнт), Польшчы (21 месца, 1,32 даляра), Літве (41 месца, 2,06 даляра). З суседзяў цэны вышэйшыя толькі ў Эстоніі (80 месца, 3,67 даляра) і Латвіі (141 месца, 7,12 даляра).

У канцы рэйтынгу — Экватарыяльная Гвінэя і Зымбабвэ, дзе 1 Гб мабільнага інтэрнэту каштуе адпаведна 65 і 75 даляраў. Сярэдняя цана ва ўсім сьвеце — 8,53 даляра.

Рэйтынг улічвае не мінімальную даступную цану тарыфу, а менавіта сярэднюю з розных тарыфаў. Напрыклад, калі нейкі тарыф прадугледжвае 10 Гб трафіку за 30 даляраў, то дасьледчыкі лічаць гэта як 1 Гб за 3 даляры.

Цяпер у Беларусі дзейнічаюць тры мабільныя апэратары. МТС мае 5,5 млн абанэнтаў, velcom — 4,873 млн, life:) — 1,6 млн. У краіне ўжо даўно больш сім-картак, чым жыхароў: прыблізна кожны чацьвёрты мае па дзьве сімкі. З трох апэратараў толькі два прапануюць інтэрнэт паводле стандарту 4G – частотамі распараджаецца напаўдзяржаўная кампанія «Беларускія воблачныя тэхналёгіі», зь якой больш як тры гады ня можа дамовіцца апэратар velcom.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG