На сайце Petitions.by зьявіўся адказ на зварот аб мэтазгоднасьці бяленьня ствалоў дарослых дрэваў, які падпісалі чатыры сотні карыстальнікаў.
Аўтары пэтыцыі пісалі, што сумняваюцца ў эфэктыўнасьці пабелкі дарослых дрэваў на вуліцах і ў парках: яна абгрунтаваная хіба для маладых пладовых дрэваў, іншым можа нават нашкодзіць. Аўтары таксама сьцьвярджалі, што бяліць дрэвы і бардзюры пачалі «у час вайны, каб калёна тэхнікі магла арыентавацца ў начны час».
Экспэртную ацэнку даў Інстытут экспэрымэнтальнай батанікі імя Віталя Купрэвіча, які ўваходзіць у структуру Акадэміі навук. Дырэктар інстытуту Аляксандар Пугачэўскі пацьвердзіў: найчасьцей бяленьне ня мае сэнсу. Навукова-гаспадарчая мэтазгоднасьць пабелкі дрэваў у горадзе адсутнічае, піша ён.
«Адзінае месца, дзе, як вынікае з падручнікаў садаводзтва, належыць бяліць дрэвы, гэта пладовыя сады», — тлумачыць дырэктар інстытуту.
Для дрэваў, якія вырошчваюць для атрыманьня ўраджаю садавіны, пабелка можа дапамагчы:
- не дапусьціць апёкаў і растрэскваньня ствалоў, бо адбівае сонечнае сьвятло;
- не дапусьціць утварэньня мікратрэшчынаў, бо прадухіляе ад перападаў тэмпэратураў;
- абараніць ад шкодных насякомых, калі ў пабелку дадаваць інсэктыцыдныя прэпараты, а таксама ад грыбной інфэкцыі, калі дадаваць фунгіцыды;
- нават абараніць ад мышэй і зайцаў — можна дадаваць і такія рэчывы, якія іх адпужваюць.
Але пабелка — нятанны і працаёмкі занятак, адзначае навуковец. Пабелка дрэваў у парках, сквэрах, на бульварах і вуліцах не прадугледжаная і рашэньнем Менскага гарадзкога савету дэпутатаў. Выключэньне складаюць санітарныя зоны, тэрыторыі ўстановаў адукацыі.
Блогер Антон Матолька адзначае, што ў менскіх правілах не дазваляецца і не забараняецца пабелка на вуліцах, а таксама не ідзе гаворка пра санітарныя зоны і ўстановы адукацыі. Але агулам ён мяркуе, што адказ мае вялікія плюсы — маўляў, прыблізна такога і чакалі, зь ім можна «змагацца з гэтым злом».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія сэрбскіх знаёмцаў Лукашэнкі стаіць за высечкай менскага сквэруДы на іншую пэтыцыю пра дрэвы прыйшоў наўрад ці той адказ, якога хацелі падпісанты. На просьбу адказаць, хто распарадзіўся зрабіць «барбарскую абрэзку» галінаў дрэваў на завулку Маякоўскага ў Менску (мяркуючы па фота, ад дрэваў пакінулі адно тоўстыя ствалы) адміністрацыя раёну толькі паведаміла, што дрэвы нібыта былі з засохлымі верхавінамі, а таполі добра перажываюць «амаладжальную абрэзку».