Мітынг з партрэтамі Сталіна. Менскія ўлады не дазволілі шэсьце расейскай акцыі «Несьмяротны полк», але санкцыянавалі мітынг недалёка ад плошчы Перамогі — ля музэю І зьезду РСДРП.
На акцыю прыйшлі каля 500 чалавек. Некаторыя зь іх выйшлі з партрэтамі сваіх родзічаў, якія ваявалі ў Другую сусьветную, некаторыя — з партрэтамі Сталіна і нават Леніна (які памёр за больш як 15 гадоў да пачатку Другой сусьветнай вайны), некаторыя — са сьцягамі БССР (вэрсіі 1951 году) і СССР. На акцыі актыўна раздавалі «георгіеўскія стужкі», дзяржаўнай або нацыянальнай беларускай сымболікі практычна не было.
Арганізатарам менскага «Несьмяротнага палку» ў Менску зноў выступіў былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Драко.
Арганізатары плянавалі правесьці невялікае шэсьце ад 10-й гадзіны, але толькі каля 10:30 частка ўдзельнікаў выйшла на ходнікі на праспэкце Незалежнасьці, большасьць засталася каля музэю І зьезду РСДРП.
Прайсьці шэсьцем у бок плошчы Перамогі было фактычна немагчыма: там зьбіраліся ўдзельнікі дзяржаўнага мерапрыемства (аб 11-й пачалася цырымонія ўскладаньня кветак да абэліску, у якой браў удзел Лукашэнка).
У сакавіку Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «катэгарычна супраць» гэткіх мерапрыемстваў. Афіцыйныя мерапрыемствы праходзяць у іншым фармаце пад лёзунгам «Беларусь памятае».
У Віцебску мясцовыя ўлады адмовілі ў правядзеньні шэсьця-акцыі «Несьмяротны полк» з фармулёўкай «не ўяўляецца магчымым» і прапанавалі далучыцца да акцыі «Беларусь памятае». Але «Несьмяротны полк» там прайшоў несанкцыянавана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску «Несьмяротны полк» зладзіў шэсьце, нягледзячы на забаронуШто ня так зь «Несьмяротным палком»?
Акцыю «Несьмяротны полк» у Расеі праводзяць з 2013 году. Удзельнікі акцыі масава выкарыстоўваюць расейскія дзяржаўныя сьцягі, а таксама георгіеўскія стужкі, якія сталіся сымбалем расейскай агрэсіі ў Крыме і на Данбасе.
Падчас «вялікай размовы» 1 сакавіка Аляксей Дзермант запытаўся ў Аляксандра Лукашэнкі пра акцыю «Несьмяротны полк». Лукашэнка тады адказаў, што ён катэгарычна супраць.
«Не таму, што супраць гэтай акцыі, — тлумачыў Лукашэнка. — Гэта бліскучая акцыя, расейская акцыя, мы з прэзыдэнтам Расеі абмяркоўвалі некалькі гадоў таму гэтае пытаньне. Я кажу: „Таксама там вашы нас папракаюць, што мы нібыта забараняем „Несьмяротны полк“. Вы ж у нас, груба сказаў так, перадралі гэтую ідэю“. Памятаеце? „Беларусь памятае“. Вы памятаеце гэтыя акцыі?
Я стаў прэзыдэнтам, першая мая была акцыя, і мяне вэтэраны паклікалі ісьці ад унівэрмагу, па-мойму, мы ішлі ад ГУМа да Плошчы Перамогі і ўскладалі заўсёды вянкі. Хто з партрэтамі, хто яшчэ з чымсьці. Чаму мы павінны кінуць сваё „Беларусь памятае“ і схапіцца за „Несьмяротны полк“? Калі па сваёй сутнасьці і нават па зьнешняй форме яны падобныя, яны аднолькавыя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каго Лукашэнка павіншаваў з Днём перамогіУ 2018 годзе ўлады спачатку не далі дазволу на акцыю «Несьмяротны полк» у Менску, прапанаваўшы ініцыятарам уліцца ў дзяржаўнае шэсьце «Беларусь памятае». Тады пра забарону «Несьмяротнага палку» ў Менску пачалі пісаць расейскія СМІ, яго арганізатары пачалі заклікаць прыхільнікаў выйсьці на акцыю без дазволу. У выніку шэсьце дазволілі менш як за дзень да яго правядзеньня.
Дзяржаўныя СМІ праігнаравалі гэтае альтэрнатыўнае шэсьце, а Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ніхто не забараняў ісьці з партрэтамі сваякоў, якія загінулі на вайне, а зьмяніць фармат папрасілі самі вэтэраны. Пры гэтым кіраўнік Беларусі скрытыкаваў тых, хто хоча «прыватызаваць» тэму перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Георгиевская ленточка» ня мае дачыненьня ані да сьвятога Георгія, ані да Беларусі