Зранку 8 траўня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі апублікавала віншаваньні Аляксандра Лукашэнкі з нагоды Дня перамогі.
У гэты дзень 74 гады таму нацысцкая Нямеччына капітулявала ў Другой сусьветнай вайне. У краінах былога СССР Дзень перамогі адзначаецца 9 траўня праз розьніцу ў часе: паводле маскоўскага часу, акт аб безумоўнай капітуляцыі набыў моц ад 00:01 9 траўня 1945 году. Другая сусьветная вайна завяршылася 2 верасьня таго ж году, калі капітулявала Японія.
Лукашэнка ў віншаваньні беларускаму народу піша, што 9 траўня — «сьвятая дата для кожнага беларуса» і «дзень, які вярнуў нашаму народу права на жыцьцё і надзею на будучыню», адрасуе «нізкі паклон» вэтэранам вайны.
Таксама апублікаваны сьпіс віншаваньняў замежным палітыкам. Ад імя Лукашэнкі іх накіравалі лідэрам:
- Расеі — прэзыдэнту, прэм’ер-міністру, старшыні Савету фэдэрацыі, старшыні Дзяржаўнай думы, патрыярху маскоўскаму;
- Азэрбайджану — прэзыдэнту;
- Армэніі — прэзыдэнту;
- Грузіі — прэзыдэнтцы;
- Казахстану — былому і дзейнаму прэзыдэнтам;
- Кіргізстану — прэзыдэнту;
- Малдовы — прэзыдэнту;
- Таджыкістану — прэзыдэнту;
- Туркмэністану — прэзыдэнту;
- Узбэкістану — прэзыдэнту;
- Украіны — дзейнаму прэзыдэнту і выбранаму наступным прэзыдэнтам;
- кіраўнікам міжнародных структураў: СНД, «саюзнай дзяржавы» і Эўразійскай эканамічнай камісіі.
Пры тым ня згадваецца, каб віншаваньні накіроўваліся Польшчы, Літве, Латвіі і Эстоніі — суседзям Беларусі і краінам, якія ўдзельнічалі ў Другой сусьветнай вайне на баку саюзьнікаў (на пачатку вайны СССР і Нямеччына падзялілі Польшчу паводле сакрэтнай дамовы, а краіны Балтыі лічаць сваё далучэньне да СССР акупацыяй). Таксама ня згадваецца пра віншаваньні іншым краінам-удзельніцам антыгітлераўскай кааліцыі, як то ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Кітаю і іншым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Крамлі адсочваюць інфармацыю пра сытуацыю з акцыяй «Несьмяротны полк» у БеларусіУладзімір Пуцін таксама накіраваў віншаваньні шэрагу кіраўнікоў дзяржаваў. Апоўдні прэс-служба Крамлю паведаміла, што віншаваньні накіраваныя лідэрам і грамадзянам Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Казахстану, Кіргізстану, Малдовы, Таджыкістану, Туркмэністану, Узбэкістану, а таксама часткова прызнаных Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі на тэрыторыі Грузіі. Асобна адзначаецца, што віншаваньні былі накіраваныя народам Грузіі і Ўкраіны (але не кіраўнікам дзяржаваў). Як і ў выпадку з Лукашэнкам, не адзначаецца, ці былі накіраваныя віншаваньні краінам Захаду і іншым удзельнікам антыгітлераўскай кааліцыі.