У Ізраілі праходзяць цырымоніі, прысьвечаныя Дню памяці пра ахвяраў Галакосту. 6 мільёнаў габрэяў — ахвяраў нацысцкага генацыду — успамінаюць таксама ў былым лягеры сьмерці Асьвенцім, які знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы.
У дзесяць гадзін раніцы жыхары Ізраілю пачулі гукі сырэнаў, па ўсёй краіне на хвіліну смутку і маўчаньня прыпыніўся рух. У сувязі зь Днём памяці ахвяраў Галакосту ў Тэль-Авіве і ў іншых вялікіх гарадах у сераду ўвечары сталі закрывацца рэстараны, бары і іншыя забаўляльныя ўстановы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вашынгтоне ўшанавалі памяць ахвяраў менскага гета. ФОТАМясцовыя СМІ адзначаюць, што памінальныя цырымоніі прайшлі ў школах, ваенных базах і іншых дзяржустановах. Акрамя гэтага ў сераду ўвечары дзяржаўныя дзеячы Ізраілю ўсклалі кветкі да помніку ахвяраў паўстаньня ў Варшаўскім гета ў музэі Яд-Вашэм у Іерусаліме.
На гэтай цырымоніі прысутнічаў прэм’ер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньягу. Ён заявіў, што Ізраіль «ня будзе прыносіць сябе ў ахвяру, знаходзячыся перад пагрозай зьнішчэньня». Нэтаньягу таксама раскрытыкаваў дзеяньні Ірану і перасьцярог Эўропу перад ростам антысэмітызму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Антысэміты па інэрцыі» — The New York Times пра знойдзеныя ў Берасьці парэшткі 1214 ахвяраў ГалакостуУ чацьвер у былым нацысцкім канцлягеры ў польскім горадзе Асьвенцім праходзіць так званы «Марш жывых». У штогадовым мерапрыемстве ўдзельнічаюць габрэі, якія перажылі Галакост.
Дзень памяці пра ахвяраў Галакосту — нацыянальны дзень памяці і жалобы ў Ізраілі і за яго межамі, усталяваны Кнэсэтам у 1951 годзе. У гэты дзень па ўсім сьвеце ўспамінаюць габрэяў, якія сталі ахвярамі генацыду. Дзень памяці праходзіць кожны год 27 нісана па габрэйскім календары, што адпавядае канцу красавіка ці пачатку траўня.