Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў закон аб ізаляцыі расейскага сэгмэнту інтэрнэту. Дакумэнт разьмешчаны на партале прававой інфармацыі.
Закон набудзе моц 1 лістапада 2019 году. Шэраг яго палажэньняў, у тым ліку аб нацыянальнай сыстэме даменных імёнаў, пачне дзейнічаць з 2021 году, паведамляе партал Медуза.
Законапраект аб «забесьпячэньні бясьпечнага і ўстойлівага функцыянаваньня» інтэрнэту ў Расеі быў прыняты Дзяржаўнай Думай 16 красавіка, Савет Фэдэрацыі — 22 красавіка. Паводле плянаў, ён павінен уступіць у сілу ў лістападзе сёлета — за выключэньнем палажэньняў аб крыптаграфічнай абароне інфармацыі, а таксама нацыянальнай сыстэме дамэнных імёнаў, якія ўступяць у сілу з 1 студзеня 2021 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Супраць гэтага вар’яцтва». У Маскве прайшоў мітынг нязгодных з законам аб сувэрэнным інтэрнэцеКаардынаваць выкананьне закону павінен Роскомнадзор, а сьцьвярджаць парадак устаноўкі і эксплюатацыі ахоўных сродкаў у сетцы апэратара — урад Расеі.
У Дзяржаўнай Думе заяўлялі, што законапраект падрыхтаваны «з улікам агрэсіўнага характару прынятай у верасьні 2018 году стратэгіі нацыянальнай кібэрбясьпекі ЗША».
Крытыкі законапраекту баяцца, што аўтаномная сетка створыць магчымасьці для татальнай цэнзуры ў інтэрнэце. У некалькіх гарадах Расеі прайшлі акцыі за свабоду інтэрнэту.
Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі заклікалі Ўладзіміра Пуціна не падпісваць закон. У сумеснай дэклярацыі «Рэпарцёраў без межаў» і Human Rights Watch падкрэсьлівалася, што ён парушае Эўрапейскую канвэнцыю па правах чалавека і пакт ААН аб грамадзянскіх і палітычных правах, якія падпісвала Расея.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пачынаўся інтэрнэт у Беларусі — і што зь ім стала. 15 важных датаўШэраг інтэрнэт-кампаній таксама крытыкавалі закон. У прыватнасьці, дырэктар па разьвіцьці сеткавай інфраструктуры «Яндэкса» Аляксей Сакалоў заявіў, што тэхналёгія, якая распрацоўваецца для яго выкананьня, «пагоршыць працу сэрвісаў», а гендырэктар правайдэра Diphost Філіп Кулін адзначыў, што аналізаваць увесь трафік не па кішэні цяпер нікому і канчатковы кошт праекту будзе «касьмічным».