Верхняя палата расейскага парлямэнту ўхваліла законапраект аб «сувэрэнным інтэрнэце», аўтары якога прапануюць стварыць тэхнічную магчымасьць расейскаму сэгмэнту сацсеткі працаваць аўтаномна ад сусьветнага інтэрнэту.
Законапраект аб «забесьпячэньні бясьпечнага і ўстойлівага функцыянаваньня» інтэрнэту ў Расеі быў прыняты Дзяржаўнай Думай 16 красавіка. Паводле плянаў, ён павінен уступіць у сілу ў лістападзе сёлета — за выключэньнем палажэньняў аб крыптаграфічнай абароне інфармацыі, а таксама нацыянальнай сыстэме дамэнных імёнаў, якія ўступяць у сілу з 1 студзеня 2021 году.
Каардынаваць выкананьне закону павінен Роскомнадзор, а сьцьвярджаць парадак ўстаноўкі і эксплюатацыі ахоўных сродкаў у сетцы апэратара — урад Расеі.
У Дзяржаўнай Думе заяўляюць, што законапраект падрыхтаваны «з улікам агрэсіўнага характару прынятай у верасьні 2018 году стратэгіі нацыянальнай кібэрбясьпекі ЗША».
Крытыкі законапраекта баяцца, што аўтаномная сетка створыць магчымасьці для татальнай цэнзуры ў інтэрнэце. У некалькіх гарадах Расеі прайшлі акцыі за свабоду інтэрнэту.