Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рунэт хочуць зрабіць аўтаномным


У Дзяржаўную думу Расеі ўнесьлі законапраект аб аўтаномнай працы расейскага сэгмэнту інтэрнэту на выпадак адсутнасьці доступу да замежных сэрвэраў.

У тлумачальнай запісцы да закону ўказваецца, што яго аўтары ўлічвалі нібыта «агрэсіўны характар» новай стратэгіі нацыянальнай кібэрбясьпекі ЗША, прынятай у верасьні сёлета. Паводле тэксту дакумэнта, будзе створана магчымасьць, пры якой дадзеныя расейскіх карыстальнікаў стануць радзей перадавацца за мяжу. Для гэтага будуць вызначацца кропкі, у якіх расейскія сеткі падключаюцца да замежных.

У выпадку ўзьнікненьня пагрозы апэратары сувязі будуць абавязаныя забясьпечыць магчымасьць цэнтралізаванага кіраваньня трафікам. Закон прадугледжвае ўстаноўку спэцыяльных тэхнічных сродкаў, якія будуць вызначаць крыніцу перадаванага трафіку. Пры неабходнасьці гэтыя сродкі змогуць заблякаваць доступ да рэсурсаў з забароненай інфармацыяй.

Таксама для працы расейскага інтэрнэту ў ізаляваным рэжыме будзе створана нацыянальная сыстэма даменных імёнаў DNS. Патрабаваньні да яе і правілы выкарыстаньня вызначыць Роскомнадзор.

У сакавіку 2018 году былы дарадца прэзыдэнта Расеі па пытаньнях разьвіцьця інтэрнэту Герман Кліменка заявіў, што краіна тэхнічна гатова да адключэньня ад сусьветнага інтэрнэту.

Згодна з праектам праграмы «Лічбавая эканоміка», якая распрацоўваецца па распараджэньні Ўладзіміра Пуціна, да 2024 года 95 адсоткаў усяго трафіку павінна праходзіць праз расейскія сеткі. Долю замежнага абсталяваньня ў дзяржаўных органах плянуюць зьнізіць да 50 адсоткаў, а праграмнага забесьпячэньня — да 10 працэнтаў. Акрамя гэтага ў 2018 годзе павінна запрацаваць сыстэма, якая будзе забясьпечваць "устойлівасьць і бясьпеку" Рунэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG