Каля трох дзясяткаў чалавек прыйшлі 1 траўня на набажэнства ў Курапаты, у тым ліку грамадзкія актывісты, абаронцы Курапатаў Вячаслаў Сіўчык, Ганна Шапуцька, Ніна Багінская, Валерый Рабцаў.
«Я спадзяюся, што хутка тут будуць ня толькі вернікі, што тут будзе паства ўсіх канфэсій, — сказала Ганна Шапуцька. — Трэба верыць і разьлічваць на сябе. Хай нас мала, купка людзей, але мы павінны стаяць як скала. Зьнішчаць нас — усё паўторыцца. Калі не супрацьстаяць гвалту, ён прыйдзе зноў на нашу зямлю».
Ніна Багінская нагадала пра падзеі 1988 году, калі на Дзяды (дзень памінаньня продкаў) адбылося масавае шэсьце ў Курапаты, жорстка разагнанае міліцыяй. Супрацьстаяньне з уладамі ў Курапатах працягваецца да гэтага часу, падкрэсьліла Багінская.
Людзі сьпявалі песьні, у тым ліку «Магутны Божа», Ганна Шапуцька прачытала вершы сучаснага беларускага паэта Лявона Цімохіна, на лячэньне якога ад анкалягічнага захворваньня праводзіцца грамадзкі збор сродкаў.
Набажэнства доўжылася крыху больш за гадзіну. Тое, што адбываецца, здымалі на відэа людзі ў цывільным.
У камэнтары БелаПАН сябра Рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу Вячаслаў Сіўчык адзначыў: ён ня лічыць, што ў Курапаты прыходзіць мала людзей. «Калі б гэта была іншая краіна, дзе ў грамадзянаў былі б правы і свабоды, то можна было сказаць, што прыйшло мала людзей. Тое, што людзі прыходзяць у Курапаты і моляцца, — гэта, наадварот, дасягненьне. І трэба падзякаваць у першую чаргу гэтым людзям», — сказаў актывіст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Курапатах прайшло крыжовае шэсьце і малебен з удзелам каля трох дзясяткаў чалавекНа яго думку, пакуль няма ніякіх іншых, акрамя малітвы, мэтадаў узьдзейнічаць на страшную сытуацыю, калі былі выдраныя крыжы. «Таму добра, што малітвы адбываюцца кожны дзень, і спадзяюся, што яны будуць працягвацца. Наша мэта застаецца ранейшай — гэта абарона нацыянальнага нэкропаля, які стварылі людзі», — падкрэсьліў Сіўчык.
Малітвы ў абарону Курапатаў рэгулярна праводзяцца ва ўрочышчы пасьля таго, як 4 красавіка тут па рашэньні ўладаў былі зьнесеныя і вывезеныя ў невядомым накірунку 70 шасьцімэтровых крыжоў. Гэтыя дзеяньні выклікалі нэгатыўны розгалас у грамадзтве. Знос крыжоў асудзілі прадстаўнікі розных канфэсій.
10 красавіка абаронцы Курапатаў перадалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта адкрыты зварот на імя Лукашэнкі з заклікам вярнуць на месца дэмантаваныя крыжы. Аднак 13 красавіка былі зьнесеныя новыя крыжы — гэтым разам 24 мэталічныя, устаноўленыя ў 2017 годзе на грошы грамадзкасьці. Вакол урочышча быў усталяваны плот з уваходнымі аркамі.
20 красавіка Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытаньні журналістаў, заявіў, што ня варта перабольшваць градус палітызацыі адпаведнай тэматыкі. Гаворачы аб навядзеньні ў Курапатах парадку, ён адзначыў: «Якія да мяне прэтэнзіі? Мяне папрасілі, запатрабавалі, мяне папракалі пастаянна, чаму там няма парадку. Але і на «вялікай размове» я сказаў: «Добра, калі на тое пайшло, трэба прэзыдэнту і тут парадак навесьці, я паспрабую».
Крыжалом у Курапатах. Што важна ведаць
У Курапатах 4 красавіка зьнесьлі 70 крыжоў, якія стаялі ўздоўж МКАД і пачалі ўсталёўваць плот. 13 красавіка зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі.
Ці законна гэта? Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.
Як адрэагавалі людзі? Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прыйшлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе зносілі крыжы. Цягам красавіка за Курапаты моляцца ў розных гарадах і мястэчках Беларусі.
Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.
Што такое Курапаты?
Курапаты – лясны масіў на поўначы Менску, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.
Пра масавыя расстрэлы ў Курапатах шырока стала вядома ў 1988 годзе пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці».
Колькі там забілі? Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў.
Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.
Ці не нацысты гэта забівалі? Не, бальшавікі.
Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.