У менскай майстэрні мастака Аляксея Марачкіна, заснавальніка суполкі «Пагоня», сабраліся сябры і паплечнікі Зянона Пазьняка — у свой час ён сам быў тут частым госьцем. Нагодай да сустрэчы стаў 75-гадовы юбілей аднаго зь лідэраў новага беларускага адраджэньня.
Вынікам вечарыны стаў ухвалены «Плян Зянона для Беларусі», увасабленьне якога, на думку аўтараў, зрабіла б Беларусь паўнавартасным чальцом эўрапейскай сям’і народаў.
«Беларускае нацыятварэньне ў крызісе»
«Юбілей, безь перабольшаньня, лідэра беларускай нацыі Зянона Пазьняка ёсьць добрай нагодай, каб задумацца пра сэнс чалавечага жыцьця і сутнасьці Провіду Божага, — адзначыў на вечарыне адзін зь першых сяброў Беларускага Народнага Фронту „Адраджэньне“ Мечыслаў Бурак. — Для нас, беларускіх нацыяналістаў, сутнасьць ягонай справы заключаецца ў стварэньні тут, на гэтай частцы прасторы, людзкага сьвету, прасякнутага духам сапраўднай беларускасьці. Гэта значыць, у станаўленьні нашай нацыі як суб’екта эўрапейскай цывілізацыі».
Аднадумцы Зянона Пазьняка шмат казалі пра ягоны талент лідэрскага мысьленьня, маральны аўтарытэт, разуменьне неабходнасьці кардынальных ператварэньняў. Урэшце дэпутаты фракцыі БНФ «Адраджэньне» змаглі даць беларускаму народу ў пачатку 1990-х галоўную каштоўнасьць — незалежную краіну Беларусь.
«Беларускае нацыятварэньне знаходзіцца ў крызісе — за прамінулыя 30 гадоў Беларусь так і ня здолела вызваліцца з-пад постімпэрскай апекі, — казаў Мечыслаў Бурак. — Пра неабходнасьць для нацыянальнага адраджэньня дамагацца вяртаньня Беларусі на эўрапейскі шлях цывілізацыйнага разьвіцьця Зянон Пазьняк даводзіў яшчэ да Белавескіх пагадненьняў 1991 году. Толькі ва ўзаемазваротнай сувязі паміж мысьленьнем лідэра і станам грамадзтва выяўляецца жыцьцёвая сіла народу».
Пяць крокаў да вольнай Беларусі
Аляксей Марачкін — аўтар партрэта Зянона Пазьняка. Прызнаецца, што некаторыя знакавыя творы выйшлі з-пад ягонага пэндзля дзякуючы менавіта Пазьняку. Найперш гэта тычыцца абразоў у памяць пра трагедыі Курапатаў і Чарнобылю.
«Я ўдзячны, што пашчасьціла быць у супрацы зь Зянонам. У аргкамітэце БНФ былі і я, і Мікола Купава, і Яўген Кулік. Мы працавалі над афармленьнем мітынгаў, шэсьцяў. А калі здарылася чарнобыльская навала, прыйшоў у майстэрню і кажа: трэба зрабіць абраз. Так зьявілася „Маці Божая ахвяраў Чарнобылю“. А ўжо калі Пазьняк быў за мяжой, даў ідэю „Маці Божай Курапацкай“. Бо менавіта ён наноў адкрыў Курапаты, паказаў пачварную сталінскую сыстэму. Як казаў Пазьняк, Курапатамі вызначаецца маральнасьць і беларускага народу, і вышэйшых кіраўнікоў».
Паплечнікі Зянона Пазьняка вызначылі пяць прыярытэтных спраў, якія неабходна зрабіць, каб дамагчыся рэальнай незалежнасьці Беларусі і адраджэньня нацыі.
«Плян Зянона для Беларусі»
Прапановы, якія ўхвалілі на вечарыне, былі падтрыманыя самім Зянонам Пазьняком.
- Геапалітычны адыход ад Расеі — праз вызначэньне дзяржаўнай мяжы, перавод жыцьця на менскі час, упарадкаваньне сьвецкага і рэлігійнага календароў.
- Актуалізацыя беларускіх нацыянальных здабыткаў — наданьне незалежнасьці Беларускай царкве, пашырэньне карыстаньня беларускай мовай, умацаваньне беларускіх грошай, адраджэньне ў пісьме беларускай лацініцы.
- Дэкамунізацыя грамадзкага жыцьця — празь вяртаньне ў соцыюм дзяржаўнай сымболікі незалежнасьці, упарадкаваньне помнікаў, назваў вуліц, мястэчак, гарадоў.
- Пакаяньне ў сваім гістарычным бяспамяцтве — праз асуджэньне камуністычных злачынстваў, актуалізацыю нацыянальнай гісторыі, прыняцьце на сябе віны за ганебныя пэрыяды, ушанаваньне памяці ахвяраў сталінскага тэрору і сейбітаў нацыянальнага адраджэньня.
- Наданьне эўрапейскай арыентацыі цывілізацыйнаму разьвіцьцю краіны — праз выхад з усіх імпэрскіх дамоваў, аднаўленьне ініцыятывы Балтыйска-Чарнаморскай асацыяцыі, агучанай Зянонам Пазьняком у 1990 годзе, і правядзеньне рэфэрэндуму аб цывілізацыйным выбары Беларусі.
«Калі будзем усё гэта рабіць, калі не адмовімся ад беларускасьці ў жыцьці грамадзтва, калі працягнем увасабляць наш сьветапогляд, дык праз гэта дасягнем духоўнага аздараўленьня грамадзкай сьвядомасьці. Тады беларускі народ будзе ў стане выявіць сваю гістарычную слушнасьць, каб Беларусь узьнялася і пад гаслам Зянона Пазьняка мацавала новую нацыю», — падсумавалі ў калектыўнай віншавальнай тэлеграме на імя Зянона Пазьняка ягоныя аднадумцы.
Хто такі Зянон Пазьняк
Зянон Пазьняк нарадзіўся 24 красавіка 1944 году ў мястэчку Суботнікі Івейскага раёну Горадзенскай вобласьці. У 1967-м скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, а яшчэ празь пяць гадоў — асьпірантуру пры Інстытуце этнаграфіі, мастацтвазнаўства і фальклёру Акадэміі навук Беларусі. У 1981-м абараніў у Ленінградзе дысэртацыю па гісторыі беларускага тэатру. Працаваў у аддзеле археалёгіі Інстытуту гісторыі Акадэміі навук, адстойваў ад разбурэньня гістарычныя кварталы Менску.
У 1988 годзе адкрыў для беларускай і ўсясьветнай грамадзкасьці масавыя пахаваньні ахвяраў сталінізму ў Курапатах. Адзін з заснавальнікаў «Мартыралёгу Беларусі» і Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне».
У 1996-м празь перасьлед уладаў пакінуў Беларусь, цяпер жыве ў Нью-Ёрку. Ад таго часу ў Беларусі ня быў.