25 красавіка падчас ток-шоў «У абстаноўцы міру» на тэлеканале СТВ дэпутат і гісторык Ігар Марзалюк заявіў, што «ва ўсёй Беларусі ў часы рэпрэсій было расстраляна ня больш за 30 тысяч, а ў Менску — 7,5 тысячы чалавек».
Адкуль маглі зьявіцца гэтыя лічбы? На якія дакумэнты і крыніцы абапіраецца Ігар Марзалюк? Свабода зьвярнулася па камэнтар да Ігара Кузьняцова, кандыдата гістарычных навук, які абараніў дысэртацыю на тэму «Масавыя рэпрэсіі ў 1930-я гады і рэабілітацыя ахвяраў тэрору» ў Томскім дзяржаўным унівэрсытэце, і некалькі дзесяцігодзьдзяў займаецца вывучэньнем гісторыі палітычных рэпрэсій у Беларусі.
— Спэкуляцыя ідзе вакол лічбы, якую ўпершыню ўвёў беларускі гісторык Уладзімер Адамушка (былы намесьнік старшыні Дзяржаўнага камітэту па архівах і справаводзтве Беларусі — РС) у кнізе «Палітычныя рэпрэсіі 1920–1950 гадоў у Беларусі». Гэта выданьне 1994 году. На той момант было прааналізавана 7 тысяч картачак, і Адамушка даваў дадзеныя рэпрэсаваных па нацыянальнасьці і іншых паказьніках. Тады Адамушка напісаў, што ў агульнай колькасьці ў гады рэпрэсій пацярпела, паводле ягоных падлікаў, (афіцыйна ніякія дадзеныя не абагульняліся) 250 тысяч чалавек па лініі судовых, несудовых органаў, 350 тысяч чалавек па адміністрацыйных (ссылка, высылка). І ён назваў лічбу, што было расстраляна больш за 28 тысяч чалавек. Зьвярніце ўвагу. Ня 28 тысяч, ня 27 тысяч, а больш за 28 тысяч. 100 тысяч — гэта таксама больш за 28 тысяч. Гэта быў пачатковы пэрыяд, калі ішла актыўная рэабілітацыя рэпрэсаваных. У 1989 годзе быў адпаведны ўказ. І ў Беларусі гэтая рэабілітацыя толькі набірала пік. Лічба «замерла» на пачатковым вывучэньні і складаньні картак уліку, якія былі потым уведзеныя ў электронную базу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абноўленая «Картатэка Сталіна» — 60-тысячная база рэпрэсаваныхГэтая лічба не адпавядае рэальнасьці, таму што яна нават не ахоплівае ўвесь масіў тых, хто быў рэабілітаваны, таму можна сьмела да гэтых, умоўна кажучы, 30 тысяч дадаць, як мінімум, 15 тысяч. Я магу гэта даказаць па той жа базе. Мінімальная лічба, якая называецца афіцыйным дасьледчыкам з улікам гэтых карэкціровак, будзе ня менш за 45 тысяч.
— А адкуль узялася лічба 7,5 тысячы расстраляных у Менску?
— Тагачасны генэральны пракурор Алег Бажэлка падчас чарговага сьледзтва па Курапатах назваў гэтую лічбу, сказаўшы, што гэта іх дадзеныя. Ніхто не пацьвярджаў гэтыя дадзеныя па Курапатах. Іх не пацьвярджае нават тая лічба, якая называецца па выніках сьледзтва 1988 году, калі Зянон Пазьняк, Алег Іоў і Мікола Крывальцэвіч у раскопках удзельнічалі. Іоў нядаўна яшчэ раз пацьвердзіў, што паволе ягоных падлікаў з улікам мясцовасьці каля 30 тысяч чалавек былі расстраляныя ў Курапатах. А тут называецца лічба ўсіх расстрэлаў па Беларусі — нібыта 30 тысяч. А лічба 7,5 тысячы ніякімі крыніцамі не пацьверджаная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ушанаваныя і не ўшанаваныя Курапаты ў 15 постсавецкіх краінах— З чым вы зьвязваеце гэтую заяву афіцыйнага гісторыка?
— У мяне ўражаньне, што паступіла ўстаноўка зафіксаваць лічбу па Курапатах у межах 7 тысяч. Прайшло з 1994 году чвэрць стагодзьдзя, колькі было рэабілітавана, колькі дакумэнтаў зьявілася, колькі лёсаў было ўстаноўлена, і гэта не было ўлічана. Марзалюк агучвае інфармацыю Адамушкі. Ён жа доктар навук, член-карэспандэнт Акадэміі Навук. Як жа можна агучваць лічбы 1994 году праз 25 гадоў? Я кажу як чалавек, які 30 гадоў займаецца гэтымі праблемамі. Гэта амаральна.
Цалкам інтэрвію з Ігарам Кузьняцовым пра рэальныя маштабы рэпрэсій у Беларусі і мэтодыкі падліку чытайце неўзабаве на сайце Свабоды.
Як піша «Наша ніва», у ток-шоў «У абстаноўцы міру» Ігар Марзалюк таксама назваў дзеяньні пэўных людзей у Курапатах «правакацыяй» і казаў, што так можа пачацца грамадзянская вайна. «Ёсьць рэчы, на якіх нельга спэкуляваць. Сапраўды, гэта месца палітычных рэпрэсій 1937–1940 гадоў. Але д’ябал у дэталях», — сказаў Марзалюк. Ён абураўся дзеяньнямі Зьмітра Дашкевіча, які самавольна ўсталёўваў крыжы ў ахоўнай зоне. «Хто асьвячаў тыя крыжы?» — казаў Марзалюк. Гісторык сказаў, што самі пахаваньні знаходзяцца на ўзгорку так званай Галгофы, а таксама яе схілах, а на месцах, дзе былі крыжы, якія зьнесьлі, іх няма.
«Крыжы на месцах пахаваньняў ніхто не чапаў і чапаць ня будзе. Улады самі іх узновяць, калі будзе патрэба», — тлумачыў дэпутат. Ён распавёў, што грыф «сакрэтна» з расьсьледаваньня КДБ па Курапатах, якое праводзілася ў 1998 годзе, ужо зьняты. І анансаваў, што неўзабаве дакумэнты будуць надрукаваныя.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.
Your browser doesn’t support HTML5
Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі
Асноўнае пра Курапаты
Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму
Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў
«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі
Картатэка Сталіна