Зранку 24 красавіка старшыня КНДР Кім Чэн Ын прыбыў на бронецягніку (самалётамі ён не карыстаецца) на расейскую станцыю Хасан у Прыморскім краі — гэта ягоны першы афіцыйны візыт у Расею і першы за 18 гадоў саміт лідэраў Расеі і Паўночнай Карэі.
Па прыезьдзе Кім Чэн Ына павіталі губэрнатар Прыморскага краю, міністар разьвіцьця Далёкага Ўсходу, амбасадар Расеі ў Паўночнай Карэі ды іншыя чыноўнікі. Да Ўладзівастоку Кім мае дабрацца толькі ўвечары — там 25 красавіка ў яго заплянаваная сустрэча з расейскім калегам Уладзімірам Пуціным.
За мінулы год паўночнакарэйскі лідэр правёў перамовы на найвышэйшым узроўні з прэзыдэнтам ЗША, з кіраўнікамі Віетнаму, Кітаю і Паўднёвай Карэі. На думку экспэртаў, як перадае «Голас Амэрыкі», сустрэча ва Ўладзівастоку сьведчыць, што рэжым Кіма вырашыў канчаткова выйсьці з міжнароднай ізаляцыі.
Паводле шэрагу экспэртаў, Кім Чэн Ын перастае быць выгнанцам, якім быў яшчэ год таму, і цяпер асноўная мэта Пхэньяну — паслабіць санкцыі ААН, якія засталіся пасьля правалу чарговага раўнду перамоваў з ЗША. Пуцін наўрад ці зможа аказаць КНДР значную эканамічную дапамогу з прычыны праблемаў расейскай эканомікі, але можа прынамсі дапамагчы аслабіць эканамічную залежнасьць ад Кітаю. Але Кім будзе спрабаваць выкарыстоўваць усе магчымыя варыянты, «маніпуляваць усімі супраць усіх».