У Пхэньяне расчараваныя тым, што бакі не дасягнулі пагадненьня на саміце ЗША-КНДР у Ханоі, паведамляюць міжнародныя агенцтвы са спасылкай на заяву намесьніка міністра замежных спраў Паўночнай Карэі Цой Сон Хі.
Паводле яе слоў, КНДР пакідае за сабой права перагледзець забарону на ядзерныя выпрабаваньні і пускі ракет.
Цой Сон Хі сцьвярджае, што на перамовах у Ханоі стварылася атмасфэра варожасьці і недаверу, і вінаваціць у гэтым дзяржсакратара ЗША Майка Пампэа і дарадцы па нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана.
Пазыцыю ЗША на перамовах з КНДР Цой Сон Хі параўнала з «гангстарскай», але пры гэтым падкрэсьліла, што паміж лідэрамі дзьвюх краін захоўваюцца добрыя асабістыя адносіны.
- На саміце ў Ханоі 27-28 лютага прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і лідэр КНДР Кім Чэн Ын не прыйшлі да пагадненьня. Белы дом заявіў, што прадстаўнікі дзьвюх краін працягнуць перамовы ў будучыні.
- На прэс-канфэрэнцыі па выніках саміту Трамп заявіў, што галоўнай праблемай на перамовах зь лідэрам КНДР стала патрабаваньне Паўночнай Карэі цалкам зьняць санкцыі з Пхэньяна ў абмен на адмову ядзернай зброі, аднак Злучаныя Штаты на гэта не пайшлі.