Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўночная Карэя заявіла пра выпрабаваньне новай зброі


Паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын
Паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын

Паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын 17 красавіка асабіста назіраў за выпрабаваньнямі новай тактычнай кіраванай зброі. Пра гэта раніцай 18 красавіка паведаміла дзяржаўнае Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва КНДР — ЦТАК.

У паведамленьні ЦТАК не ўдакладняецца, што менавіта было выпрабаванае — ракета ці іншы тып узбраеньняў. Пад словам «тактычны» звычайна маецца на ўвазе ўзбраеньне зь невялікім радыусам дзеяньня, у адрозненьне ад балістычных ракет вялікай далёкасьці.

Новае ўзбраеньне абсталяванае «магутнай боегалоўкай», а таксама валодае «асаблівым рэжымам кіраванага палёту», сьцьвярджаюць у ЦТАК.

Агенцтва прыводзіць цытату Кім Чэн Ына, які заявіў, што «завяршэньне распрацоўкі сыстэмы ўзбраеньняў выключна важнае для павелічэньня баявой моцы» паўночнакарэйскай арміі.

Кім Дон Юб, вайсковы экспэрт з Інстытута далёкаўсходніх дасьледаваньняў пры Унівэрсытэце Кенам у Сэуле кажа, што выпрабаваньне «праводзілася ў розных рэжымах стральбы па розных цэлях». Паводле экспэрта, гэта, хутчэй за ўсё, азначае, што зброя магла быць запушчаная зь зямлі, мора і паветра, і вельмі верагодна, што гэта крылатая ракета меншай далёкасьці.

У лістападзе 2018, згодна з паведамленьнямі паўночнакарэйскіх выданьняў, Кім Чэн Ын таксама прысутнічаў пры выпрабаваньні тактычнай зброі, нібыта здольнай абараніць КНДР у якасьці «сталёвай сьцяны». Выгляд гэтага ўзбраеньня таксама пакуль не ўдалося ўстанавіць.

Паводле высокапастаўленага прадстаўніка адміністрацыі Трампа, Паўночнаамэрыканскае і Стратэгічнае камандаваньне Ўзброеных сіл ЗША не зарэгістравалі ракетных запускаў з тэрыторыі Паўночнай Карэі. Чыноўнік, які гутарыў з Reuters на ўмовах ананімнасьці, дадаў, што цяпер вядзецца дадатковая праверка.

Афіцыйны прадстаўнік Арміі ЗША Дэйв Істбэрн пацьвердзіў, што ў Пэнтагоне ўжо ведаюць аб паведамленьні ЦТАК. У Дзярждэпартамэнце на запыт Reuters пакуль не адказалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG