Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Дапкюнас 11 красавіка сустрэўся з амбасадарам Карэйскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі Джу Чон Бонам з нагоды яго прыбыцьця ў краіну.
Як паведамляе беларускі МЗС, Дапкюнас і першы ў гісторыі амбасадар КНДР у Беларусі «ў сяброўскай размове абмеркавалі стан і пэрспэктывы разьвіцьця двухбаковых стасункаў, а таксама супрацу ў міжнародных арганізацыях».
Гандлёвыя і палітычныя дачыненьні Беларусі і КНДР амаль адсутнічаюць, гандлёвы абарот быў і застаецца блізкім да нулю. Амбасада КНДР адкрылася ў Менску яшчэ два з паловай года таму (у прыватным сэктары на Сморгаўскім завулку), але да цяперашняга часу ў Беларусі быў толькі часовы павераны з Паўночнай Карэі.
У замежнай палітыцы Беларусь часьцей «выказвала заклапочанасьць» дзеяньнямі КНДР — раз за разам заклікала Паўночную Карэю спыніць ядзерныя выпрабаваньні і запускі ракетаў, але вітала правядзеньне саміту КНДР з Рэспублікай Карэя.