У Менску затрыманы беспрацоўны мужчына 1978 году нараджэньня, якога падазраюць у гвалтоўных дзеяньнях сэксуальнага характару ў дачыненьні дзьвюх родных малалетніх дачок, паведамляе прэс-служба МУС.
Пра тое, што дзяўчынкі 2004 і 2007 гадоў нараджэньня, магчыма, цярпяць ад сэксуальнага гвалту, у міліцыю паведаміла дырэктарка школы. Падазрэньні ўзьніклі пасьля анкетаваньня вучняў. Школьны псыхоляг пагутарыла з адной зь дзяўчынак, і тая пацьвердзіла, што на працягу двух гадоў бацька рэгулярна рабіў зь ёй і яе малодшай сястрой як непасрэдна палавыя акты, так і іншыя дзеяньні сэксуальнага характару.
Менчука затрымалі. Спачатку ён усё адмаўляў, аднак пазьней прызнаўся, што неаднаразова ўступаў у інтымныя зносіны зь дочкамі дома, а таксама ў лесе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму вашым дзецям варта баяцца ня цёмных завулкаўПаводле мужчыны, маці дзяўчынак ведала пра ўсё, што адбываецца, але паведамляць у міліцыю не збіралася. Больш за тое, паводле інфармацыі апэратыўнікаў, яна дапамагала мужу здымаць парнаграфічнае відэа з удзелам дачок. Цяпер міліцыя высьвятляе, ці распаўсюджвалася гэтае відэа дзе-небудзь.
Жанчына была катэгарычна супраць затрыманьня мужа і наракала, што ня будзе каму працаваць на прысядзібным участку.
Фрунзенскі раённы аддзел Сьледчага камітэту распачаў крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 167 Крымінальнага кодэксу Беларусі (гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару). Цяпер праводзіцца папярэдняе расьсьледаваньне, міліцыя высьвятляе, ці былі іншыя пацярпелыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура назвала 8 прычынаў росту выпадкаў пэдафіліі: вінаватыя бацькі, улады, інтэрнэт, ЖЭСыПаводле афіцыйнай статыстыкі, якую ў 2018 годзе публікавала Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, за апошнія 5 гадоў колькасьць выкрытых злачынстваў, зьвязаных з пэдафіліяй, у Беларусі павялічылася ў 15 разоў.
80% такіх злачынстваў учыняюць не незнаёмцы, а родзічы або знаёмыя дзяцей, паводле статыстыкі МУС. У міліцэйскіх зводках фігуруюць сваякі ахвяраў (бацька, айчым, дзед), а таксама трэнэры, настаўнікі і нават лекары-пэдыятры.
У Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсьць разьдзел «Злачынствы супраць палавой недатыкальнасьці або палавой свабоды». І артыкулы 166–170 прадугледжваюць пакараньні за сэксуальныя дзеяньні да малалетніх — да 15 гадоў зьняволеньня. Аднак, паводле беларускага заканадаўства, крымінальны перасьлед пэдафіла пачынаецца толькі пасьля сэксуальнага гвалту над дзіцем.
У 2018 годзе Міністэрства ўнутраных спраў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзевятоўскі прапаноўвалі ўнесьці папраўкі ў заканадаўства — увесьці крымінальную адказнасьць за ўсталяваньне псыхалягічнага кантакту з падлеткамі з мэтай сэксуальных адносін (грумінг) і за захоўваньне бяз мэты распаўсюду дзіцячай парнаграфіі. Пакуль прапановы не праходзяць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 2 месяцы 2018 году ў Беларусі 113 дзяцей пацярпелі ад сэксуальнага гвалту ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС растлумачыў, чаму колькасьць фактаў пэдафіліі ў Беларусі вырасла ў 15 разоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржава за дзяцей ці за пэдафілаў?