Што ня так з замежнымі візытамі Аляксандра Лукашэнкі?

Аляксандр Лукашэнка — з афіцыйным візытам у Турэччыне

Цяпер, як ніколі раней, візыты Аляксандра Лукашэнкі (альбо іх адсутнасьць) становяцца важнымі маркерамі акцэнтаў у замежнай палітыцы Беларусі.

Сьцісла

  • З замежнымі паездкамі Лукашэнкі апошнім часам нешта ня тое.
  • Візыт Лукашэнкі ў Турэччыну пакінуў уражаньне сваёй незавершанасьці.
  • Кіраўнік Беларусі ігнаруе запрашэньні наведаць краіны ЭЗ.
  • Калі Лукашэнка паедзе ў Брусэль, Варшаву ці Вільню, то гэта выкліча незадаволенасьць Расеі.

Візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Турэччыну выглядаў у пэўным сэнсе дзіўным. Найперш, мінулі два з паловай гады пасьля таго, як турэцкі прэзыдэнт Рэджэп Эрдаган наведаў Менск (11 лістапада 2016 году). Выглядала, што два лідэры спадабаліся адзін аднаму, нават называлі адзін аднаго «братамі». Таму можна лічыць, што візыт у адказ адбыўся надта позна. Узаемны гандаль мінулым годам дасягнуў 984 млн даляраў (хоць Беларусь і мае вялікі дэфіцыт). Гэта нямала. З большасьцю краін, якія звычайна наведвае Лукашэнка (за выключэньнем Расеі, Кітая, Казахстану), у Беларусі няма такога вялікага абʼёму гандлю. Турэччына — дзявяты гандлёвы партнэр Беларусі. Беларускі кіраўнік падчас візыту назваў адносіны з Турэччынай «абсалютным прыярытэтам» для Беларусі.

Візыт быў не рабочы, а афіцыйны. Што прадугледжвае цэлы шэраг сустрэч і мерапрыемстваў. Пасол Беларусі ў Турэччыне Андрэй Савіных напярэдадні візыту Лукашэнкі назваў яго «сыстэмаўтваральным», адзначыўшы, што ён будзе «вызначаць двухбаковыя адносіны на многія гады наперад».

Напярэдадні візыту ў інтэрвію турэцкаму інфармацыйнаму агенцтву «Анадолу» Лукашэнка заявіў, што хоча, каб праз 3–5 гадоў з Турэччынай былі «такія ж цёплыя і сяброўскія адносіны, як, напрыклад, мы маем сёньня з Расейскай Фэдэрацыяй».

Замах быў вялікі. Аднак візыт аказаўся кароткім. 16 красавіка Лукашэнка прыляцеў у Анкару ў 11.46, а вылецеў назад у 20.04. Такая скарастрэльнасьць неяк не дацягвае да аповедаў пра «сыстэмаўтваральнасьць» і «абсалютны прыярытэт».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнку ў Анкары паказалі «турэцкі» трактар «Беларус»

Можна нават выказаць гіпотэзу, што нешта пайшло ня так. Лукашэнка не наведаў беларуска-турэцкі бізнэс-форум, які гэтым днём там праходзіў. І ўвогуле, калі кіраўнік дзяржавы прылятае толькі на некалькі гадзін, то навошта засяляцца ў гатэль? Усё гэта наводзіць на думку, што праграма візыту зь нейкіх прычын на хаду была скарочана. Падпісаныя дакумэнты былі яўна не прэзыдэнцкага ўзроўню.

Увогуле, неяк з замежнымі візытамі Лукашэнкі апошнім часам ня ладзіцца. Паездкі ў Расею (Санкт-Пецярбург, Масква, Сочы) заканчваюцца альбо скандаламі, альбо непрымальнымі ўльтыматумамі.

А зь візытамі ў Эўропу ўвогуле нешта незразумелае. Лукашэнка з 2017 году ігнаруе ўсе запрашэньні. Ён адмовіўся ляцець у Брусэль (лістапад 2017 г.), Парыж (лістапад 2018 г.), Мюнхэн (люты 2019 г.), а таксама ў Латвію і Аўстрыю. Можна меркаваць, што перад ім узьнік нейкі псыхалягічны барʼер, які ён ня можа ніяк пераадолець.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея перадала Беларусі прапановы наконт далейшай інтэграцыі. У Менску вызначаюцца

Вось цяпер у яго на стале ляжаць пяць запрашэньняў. Застаюцца на парадку дня візыты ў Латвію і Аўстрыю.

Кіраўніцтва Эўразьвязу запрасіла Лукашэнку, разам зь пяцьцю іншымі прэзыдэнтамі краін УП — Армэніі, Азэрбайджану, Грузіі, Малдовы і Украіны, у Брусэль на абед 13 траўня з нагоды дзясятай гадавіны «Ўсходняга партнэрства».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнку запрасілі ў Варшаву, Вену і Рыгу. Куды ён паедзе?

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда запрасіў Лукашэнку ў Варшаву на ўрачыстыя мерапрыемствы ў гонар 80-й гадавіны пачатку Другой усясьветнай вайны (1 верасьня 2019 г.)

16 красавіка зьявілася інфармацыя, што на ўрачыстую цырымонію перапахаваньня парэшткаў паўстанцаў Літва зьбіраецца запрасіць найвышэйшых службовых асобаў Беларусі, Польшчы і Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва рыхтуе запрашэньне Лукашэнку на цырымонію перапахаваньня паўстанцаў Каліноўскага

Калі беларускі лідэр прыме хоць адно з гэтых запрашэньняў і зьдзейсьніць візыт у Брусэль, Варшаву ці Вільню, то гэта будзе ў піку Маскве.

Паездка ў Брусэль, сталіцу Эўропы, — гэта не візыт у Рыгу ці Вену. Брусэль — адзін з сымбаляў Захаду, таго самага, зь якім Расея цяпер вядзе непрымірымую барацьбу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнку запрасілі на абед у Брусэль

Наведваньне Варшавы і ўдзел у мерапрыемстве, якое асацыюецца з агрэсіяй СССР супраць Польшчы ў 1939 годзе, віной Масквы ў разьвязваньні Другой усясьветнай вайны (Уладзімір Пуцін туды запрашэньня не атрымаў), таксама будзе хваравіта ўспрынята ў Крамлі.

І візыт у Вільню на пахаваньне парэшткаў тых, хто паўстаў супраць Расейскай імпэрыі, наўрад ці спадабаецца ў Маскве.

Але калі беларуска-расейскія адносіны будуць разьвівацца па шляху эскаляцыі, то нельга выключаць, што Лукашэнка паспрабуе націснуць на Крэмль заходнім рычагом.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уга, Муамар, Рэджэп і Валодзя. Хто ў Лукашэнкі «браты», а хто «сябры»