Вайсковец 120-й мэханізаванай брыгады Андрэй Макаед па-ранейшаму ў мэдыкамэнтознай коме, але лекары адзначаюць, што ў яго назіраецца станоўчая дынаміка.
Пра гэта Свабодзе сказала маці вайскоўца Натальля Макаед.
«Стан Андрэя стабільны, цяжкі. Па словах мэдыкаў, ёсьць станоўчая дынаміка. З боку мэдыцынскага пэрсаналу да яго вельмі клапатлівае стаўленьне, мы гэта адчуваем, вялікі дзякуй мэдыкам. Ён яшчэ ў мэдыкамэнтознай коме, але мозг у яго жывы, і мы спадзяёмся, што ён паправіцца», — сказала Натальля Макаед.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Салдата знайшлі ва Ўруччы на газоне пад казармай. Ён у штучнай комеУвечары 13 красавіка таварышы па службе знайшлі Андрэя Макаеда на тэрыторыі часткі пад вокнамі казармы. Меркавана, салдат выпаў з вакна. Будынак казармы чатырохпавярховы. У вайскоўца знайшлі шэраг пашкоджаньняў унутраных органаў сярэдняй цяжкасьці. У шпіталі яму зрабілі апэрацыю — выдалілі частку падстраўнікавай залозы і цалкам селязёнку. І ўвялі яго ў стан мэдыкамэнтознай комы.
У прэс-службе Міністэрства абароны пацьвердзілі, што 13 красавіка каля 9:30 у 120-й асобнай мэханізаванай брыгадзе быў траўмаваны малады салдат.
Міністэрства абароны сумесна са Сьледчым камітэтам пачалі высьвятляць абставіны здарэньня. Паведамлялася, што правяраецца і вэрсія пра спробу суіцыду.
Між тым Натальля Макаед ня верыць, што сын мог зь нейкіх прычын паспрабаваць скончыць жыцьцё самагубствам.
«Гэта выключана. У нас добрая веруючая сям’я, у мяне яшчэ тры сыны, усе вельмі добрыя. Андрэй вельмі адказны, на выдатна адвучыўся, працаваў на „Беларуськаліі“. Таму мы ня верым, што была такая спроба. Але пакуль я ня буду камэнтаваць ніякія вэрсіі. Для мяне цяпер галоўнае, каб ён выжыў і паправіўся», — сказала маці салдата.
З Натальляй Макаед ужо сустракаліся афіцэры і саслужыўцы сына з 120-й мэханізаванай брыгады, а таксама намесьнік міністра абароны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што дрэннага, калі салдат у нядзелю будзе езьдзіць «да мамкі па піражкі»