Па факце падзеньня з вышыні 21-гадовага вайскоўца ў Менску Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу.
Як паведаміў СК ў тэлеграм-канале, справа распачатая 13 красавіка па ч. 1 арт. 145 КК («Давядзеньне асобы да самазабойства ці замаху на яго шляхам жорсткага абыходжаньня з пацярпелым ці сыстэматычнай зьнявагі яго асабістай годнасьці»).
Днём Міністэрства абароны паведаміла, што надзвычайнае здарэньне адбылося 13 красавіка. Вайсковец 120-й асобнай мэханізаванай брыгады (Уручча, Менск) быў знойдзены калегамі каля 9.30 на газоне ля казармы. Яму апэратыўна аказалі мэдычную дапамогу, цяпер ён у шпіталі. Пра стан салдата нічога не паведамляецца.
Паводле інфармацыі СК, пацярпелы «шпіталізаваны з траўмамі, характэрнымі для падзеньня з вышыні». «Сьледчыя адпрацоўваюць розныя вэрсіі таго, што здарылася. Сабраныя дадзеныя даюць падставы сьцьвярджаць, што які-кольвечы кантакт іншай асобы зь вайскоўцам, які выпаў з акна прыбіральні на чацьвёртым паверсе казармы, адсутнічаў. Ён знаходзіўся ў памяшканьні сам», — гаворыцца ў паведамленьні камітэту.
«Таксама старанна вывучаецца маральна-псыхалягічны клімат у калектыве. У выпадку, калі будуць устаноўленыя парушэньні, зьвязаныя з узаемаадносінамі ў падразьдзяленьні, такім дзеяньням будзе дадзеная адпаведная прававая ацэнка. У рамках адпрацоўкі вэрсіі аб тым, што здарэньне зьяўлялася спробай суіцыду, асаблівая ўвага надаецца магчымым матывам», — адзначае СК.