Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Героя публікацыі Свабоды камісавалі з войска


Андрэй Баброў
Андрэй Баброў

Вайсковец тэрміновай службы Андрэй Баброў трапіў у шпіталь пасьля прыпадку эпілепсіі. Хлопец баяўся, што, нягледзячы на гэта, вернецца служыць.

Ураджэнец Буда-Кашалёва Андрэй Баброў пайшоў служыць у войска 28 лістапада 2018 году, трапіў у вайсковую частку № 18662 30-й асобнай чыгуначнай брыгады. Але праслужыў крыху больш за два тыдні. 15 сьнежня служба маладога салдата нечакана прыпынілася.

«Прыпадак эпілептычны ў мяне здарыўся падчас службы, — расказваў Андрэй Баброў. — Пасьля мяне паклалі ў Вайсковы шпіталь. Не лячылі, гэта ж ня лечыцца. Цяпер кажуць, што калі яшчэ раз паўторыцца, то камісуюць. Адправім дадому».

​Пасьля гэтага выпадку Андрэй некалькі дзён правёў у санчастцы пад назіраньнем. 2 студзеня яго перавялі ў Вайсковы шпіталь у Менску. Давалі вітаміны, зрабілі энцэфаляграму. Яна выявіла ачаг паталягічнай актыўнасьці.

«Паставілі дыягназ — генэралізаваны прыступ,— расказваў салдат у сярэдзіне студзеня. — Як я зразумеў, гэта адна з клясыфікацый эпілепсіі. Ня ведаю, чаму дыягназ менавіта такі. Пазваніў маці, яна тэлефанавала на гарачую лінію Мінабароны. Там адказалі, што ўсё дактары вырашаюць. Я цяпер баюся ў частку вяртацца з такім дыягназам. Каб усё нармальна было, я б даслужыў. А так не разумею, што будзе. Калі б тады побач на лесьвіцы са мной нікога не было, невядома, што магло б здарыцца. Урач патлумачыў, што прыпадак можа паўтарыцца ў любы момант. Праз тыдзень, празь месяц. Хоць зараз можа здарыцца».

20 студзеня, знаходзячыся ў Вайсковым шпіталі, Андрэй Баброў расказваў Свабодзе, што яго зьбіраюцца вярнуць у частку. Аднак гэтага не адбылося. Праз тыдзень пасьля размовы з журналістам у Андрэя здарыўся новы выпадак эпілепсіі.

«Пасьля нашай з вамі размовы, праз тыдзень, здаецца, у мяне здарыўся другі прыступ, — кажа цяпер Андрэй. — У частку ў выніку я так і не вярнуўся, усё адбылося ў шпіталі. Мяне камісавалі. Вярнуўся дадому ў Буда-Кашалёва, уладкаваўся на працу».

У Беларусі заканадаўча замацаваны сьпіс хваробаў, пры якіх прызыўнік (альбо салдат тэрміновай службы) можа атрымаць пэўны ўзровень прыдатнасьці альбо быць вызвалены ад службы ў мірны ці нават ваенны час. Гэта супольная пастанова Мінабароны і Мінздароўя, якая мае афіцыйную назву «Расклад хваробаў». Знайсьці дакумэнт можна тут.

Эпілепсія ў «раскладзе хваробаў» вынесеная ў асобны, 21-ы пункт. Прызыўнікоў з гэтым захворваньнем прызнаюць непрыдатнымі да службы ў мірны час (пры адзінкавых выпадках эпілепсіі) альбо непрыдатнымі да службы з выключэньнем са сьпісу вайсковаабавязаных (пры частых прыпадках — тры і больш за год).

«Наяўнасьць прыпадку павінна быць пацьверджаная мэдыцынскімі дакумэнтамі, — гаворыцца ў пастанове. — Таксама могуць быць прынятыя пад увагу сьведчаньні відавочцаў, калі апісаныя імі прыпадак і пасьляпрыпадачны стан даюць падставу лічыць прыпадак эпілептычным. У сумнеўных выпадках належыць запытваць дадатковыя зьвесткі па месцы жыхарства, вучобы, працы, праходжаньня вайсковай службы (...)».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG