Зь міліцэйскім аншлягам. У Берасьці за абразу чатырох міліцыянтаў судзяць блогера Пятрухіна

Блогер Сяргей Пятрухін і праваабаронца Алесь Бяляцкі ў судзе ў Берасьці, 9 красавіка 2019

Працэс адбываецца пры поўнай залі супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным; месца для тых, хто хацеў бы падтрымаць блогера, не застаецца. Перад судом Свабода пагутарыла з падсудным Сяргеем Пятрухіным, які знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд.

10 красавіка працягваецца суд над берасьцейскім блогерам Сяргеем Пятрухіным. Яго вінавацяць паводле двух крымінальных артыкулаў — за абразу і паклёп у дачыненьні чатырох супрацоўнікаў міліцыі.

Максымальная санкцыя гэтых артыкулаў — да 3 гадоў абмежаваньня волі.

Пацярпелымі ў справе праходзяць міліцыянты Сяргей Ігнацюк, Дзьмітры Якушэвіч, Сяргей Токун, Ігар Галянціч. Першы дабіваецца спагнаньня зь Пятрухіна 3000 рублёў кампэнсацыі маральнага ўрону, астатнія трое — па 1500 рублёў.

Судзьдзя Ленінскага суду Берасьця Аляксандар Семянчук.

Справу разглядае судзьдзя Ленінскага суду Берасьця Аляксандар Семянчук.

Першае паседжаньне адбылося 9 красавіка, на яго ня здолелі трапіць многія берасьцейцы, якія прыйшлі падтрымаць Сяргея Пятрухіна, а таксама праваабаронцы. Калі яны прыйшлі, заля суду была запоўненая міліцыянтамі. Большую залю для паседжаньня не прапанавалі, АМАП вывеў з памяшканьня людзей, якім не хапіла крэслаў.

На суд над Пятрухіным арганізавана прыходзяць міліцыянты ў цывільнай вопратцы, 9 красавіка

У чым вінавацяць Пятрухіна?

Сяргей Пятрухін сказаў Свабодзе, што ня бачыць падставаў для пакараньня.

Сяргей Пятрухін у судзе, 9 красавіка

«Справа ў тым, што ў экспэртызе, якую праводзілі на заяву міліцыянта Ігнацюка, выразы „пляшывы“, „з тупым казіным позіркам“ і „насаты“ прызналі абсалютна літаратурнымі. Але прызналі абразьлівым слова „дэбілы“, напісанае ў камэнтары, якое адносіцца да групы асобаў. Атрымліваецца, што артыкул — “абраза асобы”, а там няма ніякай канкрэтнай асобы. Ніводная з трох экспэртыз ня сьведчыць пра наяўнасьць абразаў у дачыненьні канкрэтнай асобы», — кажа Сяргей Пятрухін.

Апроч таго, блогера вінавацяць у паклёпе — за заяву пра тое, што міліцыянт зьбіваў чалавека.

10 красавіка ў судзе будзе дапытаны сьведка, які сьцьвярджаў у ягоных відэароліках, што міліцыянт ужываў да яго фізычную сілу.

«Я знайшоў яшчэ двух чалавек, якія пацярпелі ад гэтага міліцыянта. Адзін будзе ў судзе і раскажа пра гэта. А другога ня хочуць выклікаць, маўляў, гэта ня тычыцца справы. Але я хацеў паказаць, што гэта сыстэма, што ён б’е людзей. Людзі прыходзяць і пра гэта гавораць. А яшчэ некалькі чалавек проста баяцца пра гэта казаць», — заявіў блогер.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ОМОН — сила!». Берасьцейскі блогер Пятрухін выказаў «падзяку» міліцыі на дзьвярах сваёй кватэры

Блогер Сяргей Пятрухін вядомы ў Берасьці асьвятленьнем тэмаў карупцыі, скаргаў на міліцыянтаў. Апошні год рэгулярна асьвятляе пратэсты супраць пабудовы акумулятарнага заводу пад Берасьцем.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» назваў суд над блогерам палітычна матываваным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Засуджаны блогер Сяргей Пятрухін: «Я ў апазыцыі да зладзеяў і карупцыянэраў»