Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцаў і актывістаў вывелі з суду над берасьцейскім блогерам


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Падчас працэсу ў судзе Ленінскага раёну Берасьця над блогерам Сяргеем Пятрухіным АМАП сілком вывеў з залі праваабаронцу Алеся Бяляцкага і амаль тры дзясяткі актывістаў.

Як расказаў Свабодзе Бяляцкі, аргумэнтам судзьдзі было тое, што ў залі не засталося вольных месцаў. Аднак пры больш уважлівым разглядзе стала зразумела, што крэслы занятыя супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным.

«Мы зайшлі адны зь першых, але заля ўжо была запоўненая супрацоўнікамі РАУС у цывільным — і мужчыны, і жанчыны, — кажа праваабаронца. — Усе мясцовыя іх ведаюць, называлі па імені і па бацьку. Судзьдзя Семянчук перад пачаткам працэсу загадаў усім, каму не хапіла месца, пакінуць залю. Пасьля доўгіх спрэчак судзьдзя выклікаў АМАП, і тыя пад ручкі ўсіх вывелі. Такім чынам блізу 30 чалавек былі вымушаныя пайсьці».

Сяргей Пятрухін
Сяргей Пятрухін

Як паведаміў Алесь Бяляцкі, юрыст цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч з гэтай прычыны падаў скаргу на імя старшыні суду Ленінскага раёну Берасьця.

Паводле правааабаронцы, усе, каму не хапіла месца, стаяць у калідоры, дзьверы судовай залі ахоўваюць амапаўцы.

Сяргея Пятрухіна судзяць паводле ч. 2 арт. 188 і ч. 2 арт. 189 Крымінальнага кодэксу (публічны паклёп і абраза супрацоўнікаў міліцыі).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG