МВФ і Сусьветны банк чакаюць эканамічнага росту ў Беларусі за 2019 год на 1,8% і 2,2% адпаведна, у той жа час улады прагназуюць 4%. Яны ўспамінаюць страты ад падатковага манэўру, але S&P верыць, што кампэнсацыя ад Расеі будзе.
Міжнародны валютны фонд пагоршыў эканамічны прагноз для Беларусі — цяпер чакаецца, што сёлета беларуская эканоміка вырасьце ўсяго на 1,8%. У мінулым кастрычніку МВФ прагназаваў рост на 3,1%. На 2020 год МВФ цяпер прагназуе рост эканомікі Беларусі на 2,2%.
Але прагноз МВФ наконт інфляцыі крыху палепшыўся. На 2019 год раней прагназавалі рост цэнаў на 5,5%, цяпер — толькі на 5%. Дэфіцыт рахунку бягучых апэрацыяў плацежнага балянсу, як прагназуе МВФ, складзе 4% (раней чакалі 4,2%).
Беларускія ўлады тым часам чакаюць за 2019 год росту эканомікі на 4%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даляр будзе па 2,38. Урад заплянаваў, што стане зь бюджэтам і эканомікай у 2021 годзеСусьветны банк на мінулым тыдні таксама пагоршыў прагнозы ў росьце валавога ўнутранага прадукту ў Беларусі. Цяпер чакаюць сёлета рост на 2,2% (горш на 0,5 адсоткавага пункту за ранейшыя прагнозы), у 2020-м на 2,4% (горш на 0,1), у 2021-м на 2,1% (на 0,4).
Справа ў падатковым манэўры і ня толькі
Як МВФ, так і Сусьветны банк адзначаюць, што на беларускую эканоміку кепска паўплывае адсутнасьць кампэнсацыі за расейскі падатковы манэўр. Калі ня будзе зусім ніякай кампэнсацыі, Сусьветны банк чакае запавольваньня росту ВУП Беларусі да ўзроўню ніжэй за 2% — у найгоршым сцэнары дапускаецца, што краіна нават можа «скаціцца ў рэцэсію».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раманчук прапанаваў Лукашэнку быць «пажыцьцёвым прэзыдэнтам». Але з рынкавай эканомікайІ падатковы манэўр, падобна, не адзіная прычына кепскіх прагнозаў. І Сусьветны банк, і МВФ, і іншыя міжнародныя арганізацыі год за годам адзначаюць адны і тыя ж праблемы беларускай эканомікі, а таксама адсутнасьць сапраўдных рэформаў.
Агенцтва Standard & Poor's Global Ratings усё ж чакае, што Беларусь зможа калі-небудзь, хай не ў самы блізкі час, дамагчыся кампэнсацыі.
Без кампэнсацыі, паводле S&P, шкода ад падатковага манэўру складзе 10,6 млрд даляраў. МВФ адзначала, што ад гэтага дзяржаўная запазычанасьць можа вырасьці да 70% ВУП.
Пазытыўны момант, піша агенцтва, у тым, што беларускі ўрад у сваіх плянах не прадугледжвае кампэнсацыі і гатовы да затрымак зь ёй у будучыні.
Будзе IT-краіна?
Standard & Poor's Global Ratings адзначае, што ў Беларусі актыўна разьвіваецца IT-сэктар, але ён ня можа быць адзінай крыніцай росту беларускай эканомікі.
З аднаго боку, даданая вартасьць у беларускім IT за першыя тры кварталы мінулага году вырасла на 10% (гэта адчувальна больш, чым у іншых галінах эканомікі), захаваліся нізкія выдаткі на працоўную сілу (хоць заробкі ў IT вышэй, чым у іншых сфэрах у Беларусі), запусьціліся некалькі пасьпяховых стартапаў, экспарт IT-паслуг за 2018 год перавысіў 1,5 млрд даляраў (плюс 31,4% да 2017-га).
З другога боку, на IT прыпадае толькі 5% ВУП і толькі 18,2% экспарту паслуг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Нашая бяда — псыхалёгія. Мы, аграрыі, пачынаем ныць, што нам цяжка»