На веснавой сэсіі Палаты прадстаўнікоў дэпутаты даведаліся, што яшчэ двое іхных калег пераходзяць у структуры выканаўчай улады.
44-гадовы Дзьмітры Заблоцкі сышоў з камісіі прамысловасьці, паліўна-энэргетычнага комплексу, транспарту і сувязі, а 58-гадовы Валянцін Мілашэўскі — з камісіі аховы здароўя, фізычнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыкі.
Прычына пераменаў — іх новыя прызначэньні: Заблоцкі прызначаны старшынём Жодзінскага гарвыканкаму, а Мілашэўскі — кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёну Берасьця.
Першым пакінуў дэпутацкі корпус 53-гадовы Іван Маркевіч. У верасьні 2018 году Лукашэнка зрабіў яго намесьнікам старшыні Менскага аблвыканкаму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачынаецца сэсія, на якой могуць абвясьціць даты прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараўСтаршыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына патлумачыла Свабодзе, што ў такіх выпадках дэпутаты пакідаюць Палату прадстаўнікоў:
«У нас закон патрабуе, каб дэпутаты Палаты прадстаўнікоў выконвалі свае абавязкі на прафэсійнай аснове. Выключэньне зробленае толькі адно — для чальцоў ураду. Міністар альбо старшыня Дзяржкамітэту можа працаваць ва ўрадзе і быць дэпутатам. Але на практыцы такое было шмат гадоў таму. Памятаю, Шпілеўскі быў дэпутатам і старшынём Дзяржаўнага мытнага камітэту».
Паводле Ярмошынай, на вакантныя дэпутацкія месцы трэба праводзіць давыбары.
«Але час іх правядзеньня ў законе ня вызначаны. Як правіла, іх сумяшчаюць зь іншай выбарчай кампаніяй. Правесьці такія давыбары асобна мы ня можам, бо ў нас на гэта няма фінансаваньня», — кажа старшыня ЦВК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына не сумняваецца ў чысьціні ўкраінскіх выбараў, але ня хоча карыстацца іх досьведамЯшчэ адна прычына, чаму давыбары ў Палату прадстаўнікоў не праводзяцца, — няўпэўненасьць уладаў, ці пойдуць на іх выбарнікі.
«Хто прыйдзе на выбары ў асобна ўзятую выбарчую акругу? А ў нас жа ёсьць абавязковы кворум на парлямэнцкія выбары», — кажа Лідзія Ярмошына.
Чаму два дэпутаты не здалі сваіх мандатаў
47-гадовы Валеры Барадзеня і 44-гадовы Іван Рабкавец хоць і атрымалі новыя прызначэньні, свае месцы ў Палаце прадстаўнікоў захавалі. Рабкавец стаў намесьнікам міністра транспарту і камунікацыяў, а чальцы ўраду, як адзначалася вышэй, застаюцца дэпутатамі. Барадзеню прызначылі першым прарэктарам Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце. І хоць дэпутатам забараняецца выконваць любую іншую працу за грошы, навуковая сфэра — выключэньне.
Такім чынам, цяпер у Палаце прадстаўнікоў свае абвязкі выконваюць 107 з 110 дэпутатаў.
Экс-дэпутат: якая розьніца, колькі іх там
Аляксандар Дабравольскі быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня — апошняга парлямэнту краіны, выбранага больш-менш дэмакратычна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія законы забаранілі перапісваць цягам першага году. Аднак улады пакінулі пралазыЁн кажа, што тады ў Вярхоўным Савеце былі партыйныя фракцыі, вяліся сапраўдныя дыскусіі, шмат законапраектаў рыхтавалі самі дэпутаты.
«Наколькі я ведаю, у Палаце прадстаўнікоў амаль усё зьмянілася. Напрыклад, дэпутатка Канапацкая распрацоўвае свой праект закону. А ёй кажуць гэтага не рабіць, бо падобны дакумэнт рыхтуецца ў прэзыдэнцкай Адміністрацыі. Пра што наагул казаць, калі нават свае грошы цяперашнія „абраньнікі народу“ фактычна атрымліваюць з прэзыдэнцкай касы?! Якая тут можа быць самастойнасьць? І таму якая розьніца, колькі іх там — 110, 107 ці 90?» — кажа былы дэпутат Дабравольскі.