Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля капітальнага рамонту з фае Авальнай залі зьнікла савецкая атрыбутыка


Авальная заля Палаты прадстаўнікоў Беларусі. 2 красавіка 2019 году
Авальная заля Палаты прадстаўнікоў Беларусі. 2 красавіка 2019 году

Адной з адметнасьцяў чарговай сэсіі Палаты прадстаўнікоў, якая адкрылася 2 красавіка, у тым, што пасьля капітальнага рамонту яна зноў праходзіць у Авальнай залі. Да таго дэпутаты працавалі ў іншым крыле Дому ўраду — у залі паседжаньняў Савету Міністраў.

Сьцягі і граматы перакачавалі ў музэй

Візуальна памяшканьне зьмянілася: шырэйшымі сталі праходы паміж шэрагамі, паставілі новыя крэслы, ёсьць адно месца, да якога можна пад’ехаць на інвалідным вазку. На другім паверсе зрабілі адмысловыя кабіны для перакладчыкаў.

Істотна зьмянілася і фае — адтуль зьнікла ўся савецкая сымболіка. Няма сьцягоў, якім БССР узнагароджвалася як пераможца ўсесаюзных спаборніцтваў, ганаровых граматаў ЦК КПСС і Саўміну СССР. Усе гэтыя атрыбуты перададзеныя ў музэй.

Авальная заля часоў Вярхоўнага Савету, 1991 год
Авальная заля часоў Вярхоўнага Савету, 1991 год

Дэпутат Ігар Марзалюк на пытаньне Свабоды, ці падабаецца працаваць у новых умовах, адказаў ляканічна: «І раней было добра, і цяпер хораша...»

Дэпутаты ІТ-краіны галасуюць уручную

Першы дзень працы ў абноўленай Авальнай залі праходзіць зь вялікім тэхнічным «глюкам». Адсутнічае трансьляцыя ў прэс-цэнтар і фае; гук з трыбуны раз-пораз губляецца або, наадварот, зашкальвае.

Дала збой і сыстэма галасаваньня: аб прыняцьці законапраектаў дэпутаты галасавалі ўручную, электроніка запрацавала толькі пасьля перапынку.

Апошні раз капітальны рамонт у Авальнай залі быў у 1985 годзе, а касмэтычны — у 1996-м, калі рашэньнем Аляксандра Лукашэнкі на зьмену Вярхоўнаму Савету прыйшоў дзьвюхпалатны Нацыянальны сход.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG