Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка паведаміў, што 19 красавіка на веснавой сэсіі з пасланьнем выступіць Аляксандар Лукашэнка.
Уладзімер Андрэйчанка правёў паседжаньне рады Палаты прадстаўнікоў перад пачаткам сэсіі 2 красавіка і паведаміў, што Аляксандар Лукашэнка выступіць з пасланьнем у пятніцу, 19 красавіка, у абноўленай Авальнай залі Дома ўраду. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына раней казала, што ў гэты дзень могуць назваць даты выбараў — прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх.
Цяпер у камісіях Палаты прадстаўнікоў знаходзіцца болей за 60 законапраектаў. Цалкам падрыхтаваныя для разгляду — 37.
Што будуць абмяркоўваць сёньня?
Іншаземцам могуць павялічыць тэрмін знаходжаньня ў Беларусі без рэгістрацыі з 5 да 10 дзён. Такая норма закладзеная ў папраўкі ў закон «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства». Гэтая навэля прадыктаваная агульнай тэндэнцыяй спрашчэньня парадку ўезду і знаходжаньня замежнікаў у Беларусі.
Яшчэ адна навацыя — паўнамоцтвы, каб выдаваць іншаземцам дазвол на сталае пражываньне ў Беларусі, могуць перадаць упраўленьням унутраных спраў аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкаму. Цяпер такія дазволы выдае толькі дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў. Дэпутаты мяркуюць, што пры новым парадку іншаземцы змогуць хутчэй атрымліваць дазвол на сталае пражываньне.
У папярэднім парадку дня на сёньня 11 пытаньняў. Сярод іх 8 законапраектаў. Дэпутаты хочуць зьмяніць законы «Аб ахове працы», «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь», а таксама ў шэраг кодэксаў. Зьмены тычацца, у прыватнасьці, супрацьдзеяньня допінгу ў спорце, абмежаваньняў для грамадзян на наведваньне віртуальных казіно ды іншага.