Украіна чакае афіцыйных вынікаў галасаваньня, маюць зьявіцца цягам тыдня, але карціна ўжо зразумелая: у другі тур уваходзяць актор Уладзімір Зяленскі і дзейны прэзыдэнт бізнэсовец Пятро Парашэнка. Юлія Цімашэнка сталася трэцяй лішняй, але паразы пакуль не прызнала.
Другі тур на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны мае адбыцца 21 красавіка.
Яўка была высокай
Сёлета, паводле інфармацыі Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны, грамадзяне прадэманстравалі яшчэ большую актыўнасьць, чым пяць гадоў таму, калі выбары праходзілі пазачаргова пасьля ўцёкаў Віктара Януковіча ў Расею. Цяпер на выбарчыя ўчасткі прыйшлі 18,7 мільёна выбарнікаў (63,47 %), уключаных у сьпіс галасаваньня, у 2014-м яўка склала 59,48 %, або 18,019 мільёна грамадзян.
Але, нягледзячы на электаральную мабілізацыю, Пятру Парашэнку гэтым разам не ўдалося паўтарыць свой мінулы рэкорд. Больш за тое, нават ягоная перамога ў другім туры пакуль пад пытаньнем — непалітык Уладзімір Зяленскі, які стаў вядомым дзякуючы сваім гумарыстычным праграмам, атрымаў падтрымку амаль у два разы большую, чым дзейны прэзыдэнт і найбліжэйшая ягоная канкурэнтка, лідэрка партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары ва Ўкраіне: паводле вынікаў Нацыянальнага экзыт-полу ў другі тур выходзяць Зяленскі і Парашэнка
Карупцыйныя скандалы
Выбары прайшлі на фоне шэрагу карупцыйных скандалаў. Адзін зь іх быў зьвязаны зь дзейным прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам: журналісты абвінавацілі ягонае атачэньне ў раскраданьні бюджэтных сродкаў, прызначаных для абароннай прамысловасьці.
Скандал прывёў да адстаўкі намесьніка сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі Алега Гладкоўскага. Юлія Цімашэнка патрабавала ў сувязі са скандалам імпічмэнту Парашэнкі, але за месяц да выбараў яна ня мела шанцаў пасьпець гэта зрабіць. Пазьней было яшчэ некалькі гучных абвінавачаньняў у карупцыі ў адрас атачэньня Парашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне за месяц да выбараў успыхнуў карупцыйны скандал, апазыцыя хоча імпічмэнту ПарашэнкіТрэці (-ая) лішні
Чатыры экзыт-полы, якія праводзіліся трыма сацыялягічнымі інстытутамі і на замову шэрагу тэлеканалаў, прадэманстравалі фактычна агульную тэндэнцыю — па-за межамі другога туру застаецца Юлія Цімашэнка. Але са сваім трэцім месцам яна не пагаджаецца, бо перакананая, што «ў краіне без дэмакратыі, сапраўднай сацыялёгіі зь мільярднымі рэсурсамі, выкладзенымі на подкуп выбарнікаў, спадзявацца магчыма толькі на пратаколы ўчастковых і акруговых выбарчых камісій».
Партыя «Бацькаўшчына» арганізавала паралельны падлік, і ён нібыта сьведчыць аб тым, што Цімашэнка апярэджвае Пятра Парашэнку.
Цэнтральная выбарчая камісія пакуль апрацоўвае электронныя пратаколы, але першыя дадзеныя адлюстроўваюць тую ж чарговасьць пераможцаў, як і апытаньні выбарнікаў на выхадзе з участкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падлічылі 80% галасоў: Зяленскі і Парашэнка выходзяць у другі тур выбараў прэзыдэнта ЎкраіныЮлія Цімашэнка не сьпяшаецца прызнаваць сваё паражэньне:
«Мы разьлічваем на тое, што пасьля падвядзеньня рэальных вынікаў выбараў на падставе арыгінальных пратаколаў мы будзем змагацца з Уладзімірам Зяленскім у другім туры». Яна заклікала ўсіх сваіх прыхільнікаў абараніць вынік на кожным выбарчым участку.
Пераможцы абмяняліся «камплімэнтамі»
Усе трое лідэраў гонкі выйшлі да журналістаў у сваіх штабах адразу пасьля абвяшчэньня вынікаў Нацыянальнага экзыт-полу. Але на пытаньні журналістаў пагадзіліся адказваць толькі Юлія Цімашэнка і Ўладзімір Зяленскі.
Пятро Парашэнка абмежаваўся заявай, якую ў першую чаргу мусілі пачуць прыхільнікі Ўладзіміра Зяленскага:
«Хацеў бы цяпер зьвярнуцца да тых, каму менш за 30 гадоў. Вы бачыце зьмены ў краіне, але хочаце, каб зьмены былі больш глыбокімі і хуткімі. Я цалкам падзяляю вашае жаданьне. Але каб зьмены былі якасныя, мы павінны аб’яднацца, каб гэтага дасягнуць і не марнаваць час. Я разумею матывы вашай незадаволенасьці, я пачуў вас і прашу, пачуйце і вы мяне. Мы мусім зьберагчы адзінства з нашымі эўрапейскімі і амэрыканскімі партнэрамі за „вялікім сталом“ перамоў. Мы павінны зьберагчы санкцыі як магутную матывацыю Расеі таксама браць удзел у гэтых перамовах. І прадстаўляць Расею будзе не Максім Галкін і не Яўгеній Петрасян, а, каб вы ведалі на ўсялякі выпадак, прадстаўляць Расею будзе Пуцін».
Пятро Парашэнка назваў свайго саперніка «марыянэткай» украінскага алігарха Ігара Каламойскага. Уладзімір Зяленскі доўга з адказам не вагаўся: «Бачылі прэсавую канфэрэнцыю нашага гаранта. Ён яшчэ раз сказаў, што я марыянэтка Каламойскага. Як сказаў гарант, што рабіць? У мяне толькі адно пытаньне, я думаю, што ён убачыць гэта. Дык вы марыянэтка Сьвінарчука ці Сьвінарчук — ваша марыянэтка?».
Сьвінарчук — гэта папярэдняе прозьвішча былога першага намесьніка сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Алега Гладкоўскага і ягонага сына Ігара, якія, паводле журналісцкага расьсьледаваньня, маюць дачыненьне да раскраданьняў бюджэтных грошай у ваенна-прамысловым комплексе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карупцыйны скандал ва Ўкраіне: Парашэнка звольніў з Рады нацыянальнай бясьпекі свайго бізнэс-партнэраТур на выбываньне
Сацыялягічныя апытаньні сьведчаць, што ў другім туры Ўладзімір Зяленскі з 39 % падтрымкі абыходзіць Пятра Парашэнку, якому прагназуюць 18 % галасоў. Прычым, як пераконваюць сацыёлягі, да актора пераходзяць галасы амаль 50 % прыхільнікаў Юліі Цімашэнкі пасьля ейнага пройгрышу, а таксама 91,7 % ад Анатоля Грыцэнка і 49,2 % — Юрыя Бойкі.
Перад дзейным прэзыдэнтам стаіць даволі цяжкая задача — пераканаць чужы яму электарат.
«Гэта складаная задача. Але будзем працаваць», — заявіла Свабодзе віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірына Герашчанка, якая падтрымлівае Пятра Парашэнку.
Але і каманда «Зе!» таксама не зьбіраецца спыняцца. Яны заклікалі сваіх выбарнікаў яшчэ раз мабілізавацца.
У прэзыдэнты праз дэбаты
На думку экспэртаў, адзінае, што можа паўплываць на грамадзкую думку напярэдадні другога туру галасаваньня — наўпроставыя дэбаты, у якіх Пятро Парашэнка разьлічвае перамагчы: як вядома Ўладзімір Зяленскі на працягу ўсёй выбарчай кампаніі пазьбягаў наўпроставых кантактаў з журналістамі і нічога не камэнтаваў — ён кепска валодае ўкраінскай мовай і даволі сумбурна фармулюе свае думкі. У Зяленскага даволі нявыгадныя стартавыя пазыцыі ў дэбатах у параўнаньні Пятром Парашэнкам — прафэсійным дыпляматам з ужо пяцігадовым прэзыдэнцкім досьведам.
Пятро Парашэнка ўжо заявіў, што менавіта дэбаты маюць стаць ключавым момантам у часе падрыхтоўкі да другога туру. Нечакана Ўладзімір Зяленскі заявіў аб сваёй гатоўнасьці да дэбатаў зь дзейным прэзыдэнтам.
Напярэдадні першага туру галасаваньня грамадзкая тэлевізія «UA: Перший» запрасіла першую тройку лідэраў гонкі — Зяленскага, Парашэнку і Цімашэнку на дэбаты. Але ні Зяленскі, ні Парашэнка на гэтую сустрэчу не прыйшлі.