Уладальнікам пакетаў з пакетамі прысьвячаецца. Як я тыдзень жыла бяз плястыку

Кацярына Лашко

«І гэта не было проста!» — піша Кацярына Лашко

Кожны год у сьвеце вырабляецца 300 мільёнаў тон плястыку. Аб’ёмы вытворчасьці толькі працягваюць расьці. Плястык знайшлі нават у глыбакаводных рыбах, вадзе з-пад крана і пакеціках гарбаты. Мікраплястык ёсьць у арганізьме чалавека, і пакуль незразумела, як гэта на нас узьдзейнічае.

Калі задумацца пра гэта, то пачынаеш бачыць аднаразовы плястык усюды, нават там, дзе раней не заўважаў. І там, дзе яго не павінна быць. Зубная паста ў цюбіку, упакоўка ад гарбаты і батон у цэляфане, усе мыйныя сродкі ў плястыкавай тары, нават выбеленая туалетная папера не прадаецца без абгорткі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым можна замяніць плястыкавы посуд, ад якога адмаўляюцца ў Эўразьвязе, і што пра гэта думаюць у Беларусі

Напярэдадні плястыкавага апакаліпсісу я мабілізавала ўсе торбачкі, зь якімі заўжды хаджу ў краму, і кантэйнэры, што былі ў запасе. Потым зрабіла некалькі папяровых пакецікаў і пашыла сетку для садавіны, гародніны і ўсяго, што яшчэ туды ўлезе. Экалягічны лад жыцьця, нават думкі пра яго, спрыяе разьвіцьцю творчасьці! Задаволеная, легла спаць, каб раніцай прачнуцца плястык-фры-асобай.

На працягу экспэрымэнту я вырашыла прытрымлівацца двух правілаў:

  1. Не набываць нічога з аднаразовага плястыку, з плястыкам ці ў плястыкавай упакоўцы. Выключэньнем сталі таблеткі і падарунак для блізкага чалавека, які быў замоўлены загадзя.
  2. Можна карыстацца плястыкам, які ўжо быў дома да пачатку экспэрымэнту, але абмяжоўваць ці замяняць на альтэрнатыўныя матэрыялы (шкло, перапрацаваная папера, мэтал), калі гэта магчыма. Хочаце сказаць, што гэта несумленна? Калі ў лядоўні як вымецена, а адна зубная шчотка з бамбуку каштуе 10 рублёў, то раптоўны пераход на альтэрнатыўныя прадметы абыдзецца ў добрую капейку.

Дзень 1

Мыцца з мылам ня страшна. Няхай валасы не блішчаць, як пасьля шампуню, няхай скура ня пахне лявандай, але жыць можна. Мыла стала і шампунем, і гелем для душу, і пенай для галеньня, і пенкай для ўмываньня, і вільготнымі сурвэткамі для зьняцьця макіяжу. У любой незразумелай сытуацыі — мыла!

Дзень 2

Даела рыбныя катлеты, якія мне зь любоўю наляпіла маці. Памыла пакецік. Ляжыць, сохне на сонейку, радуецца новаму жыцьцю.

У краме сёньня адмовілася ад пакета для булачак. Ажно два разы. Абедзьве прадавачкі доўга спрабавалі мне іх усунуць, а потым, калі кінулі гэтую задуму, пацікавіліся, чаму я не хачу ўзяць пакет — «гэта ж бясплатна».

Увага: адмова ад пакетаў гарантуе падвышаную ўвагу да вашай асобы і жыцьцёвых прынцыпаў.

Дзень 3

Невыносна хочацца крабавых палачак, але я трымаюся. Гэты экспэрымэнт усё больш нагадвае мне дыету. І хоць я магу купіць печыва ці зэфір на вагу, хочацца менавіта ёгурту. І вось стаю я насупраць стэляжа з малочнымі прадуктамі, а ёгурту ў шкляных слоічках няма.

Затое ёсьць малако! Ну нішто сабе! Апошні слоік, якраз для мяне. Ня варта і казаць, што цана на такое малако вышэйшая і абʼём меншы, але даўно я так ня радавалася малаку. Мой рагачоўскі цуд. Цяпер я кладу туды цэдру апэльсіна, якую звычайна дадаю ў чай для водару.

Дзень 4

О, дзіўны новы сьвет... бляшанак. І шпроты ў тамаце, і сардыны, і гарошак, і фасоля — з голаду не памрэш.

Каб ня слоікі з хатнімі нарыхтоўкамі, я б памерла менавіта ад аднастайнасьці. Калі вы хочаце жыць у Менску без аднаразовага плястыку і зь мінімальнымі зьменамі ў рацыёне, я вас засмучу: не атрымаецца. Бо вы нідзе ня купіце замарожанай гародніны, гатовых катлет, варэнікаў, кетчупу ці проста ежы перакусіць бяз плястыкавай упакоўкі. Мне не ўдалося знайсьці нават кавы, каб яе ўпакоўка не зьмяшчала плястык.

Але на гэтым прыгоды не канчаюцца. Пра касмэтыку, некаторыя сродкі гігіены і мыйныя сродкі можаце забыць. Ну альбо зрабіць сваімі рукамі. Зрабіць зубную пасту сама я не рызыкнула, а ў шкляным слоіку нідзе не знайшла, таму карысталася тым, што было. І гэта, безумоўна, мінус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўразьвязе ад 2021 году забароняць плястыкавы посуд

Дзень 5

Сёньня трэба было купіць сушы. Узброіўшыся кантэйнэрам, я мэтанакіравана пайшла ў краму. Але чым бліжэй я падыходзіла да яе, тым менш ува мне застаецца ўпэўненасьці: не люблю і не хачу канфліктаў. Мармычу сабе пад нос: «Пастанова Міністэрства здароўя... нумар 132... Забараняецца водпуск харчовай прадукцыі ў брудную тару...У чыстую можна...»

Я на месцы. Доўга хаджу кругом ды навокал. Урэшце падыходжу да прадавачкі, выдыхаю і прашу пакласьці мне сушы ў мой кантэйнэр, на што чую сухое «нельга».

— А чаму? Гэта ў вашых правілах так напісана?

— Ага.

— Тады можна я пагавару з вашым начальнікам?

Празь дзесяць хвілін майго задуменна-нэрвовага глядзеньня ў столь прыйшла жанчына зь вельмі добрым, як мне здалося, тварам і стомлена спытала, што здарылася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як адмовіцца ад плястыкавых пакетаў у крамах. ВІДЭА

— Чаму я не магу ўзяць сушы ў свой кантэйнэр?

— Таму што нельга. Патрабаваньні «санпіну».

— Але чаму? У мяне ёсьць чысты кантэйнэр, і я ведаю, што магу пакласьці ежу ў яго. Няма такога закону, які б забараняў пакласьці ежу ў чыстую тару пакупніка.

— Патрабаваньні «санпіну», разумееце? Нельга.

Тут я вельмі жаласна гляджу на «начальніцу», і яна здаецца.

— Ладна. Пакажыце свой кантэйнэр.

— Ну вось, я перад выхадам яго памыла.

Зірнуўшы на маю чыстую тару, «начальніца» просіць прадавачку пакласьці сушы ў мой кантэйнэр. «І хто гэты загадкавы Сан Пін, чаму ён забараняе купляць ежу ў свае кантэйнэры?» — выдыхаю я і чамусьці не адчуваю сябе пераможцай. Можа, таму, што прадавачка наляпіла штрых-коды на пакецік, хоць я і прасіла на кантэйнэр?

Дзень 6

Даводзіцца быць прадбачлівай: браць ежу з сабой, усюды насіць торбачку, відэлец, ваду ці тэрмакубак і зрабіць мапу ў галаве, дзе можна купіць той ці іншы прадукт без упакоўкі.

Экалягічны шопінг нагадвае пазл: у адным месцы купляеш адно, у другім — яшчэ нешта. Каб закупіцца на тыдзень, даводзіцца змарнаваць палову дня. А калі на носе прыгоды і трэба за тры дні аб’ехаць палову Беларусі, зборы становяцца цяжарам.

Дзень 7

Мой галодны страўнік гучна нагадвае пра сваё існаваньне — з самай раніцы там не было ані крошкі, а справа набліжаецца да вечара.

На беларускіх запраўках немагчыма знайсьці прадуктаў не ў плястыку, асабліва тых, дзе няма мяса. З гатовай ежы вы ўбачыце толькі бургеры ў пакетах ці дэсэрты на талерцы. Але я не хачу дэсэрту і прашу наліць мне кавы ў тэрмакубак. Прадавачка спачатку налівае каву ў «папяровы» кубачак, а потым пералівае ў мой тэрмакубак.

На пытаньне, навошта так рабіць, мне адказваюць, што толькі так можна палічыць, колькі трэба наліць кавы. У мяне шок — і які тады сэнс у тым, што я наліваю ў сваю тару і кажу, колькі туды ўлезе? Зноўку «не паложана»? Я разьлічваюся і іду да машыны. Усё ж такі адмовіцца ад плястыку значыць пужаць людзей сваімі просьбамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Беларусі будуць змагацца з тысячамі тон плястыкавых пакетаў?

Спроба паесьці ў дарозе нумар два. Мы збочылі да самотнай прыдарожнай крамы-кавярні. На палічках ляжаць піца і піражкі, як калісьці ў дзяцінстве: начынку нібыта хтосьці яшчэ да цябе выеў, затое цеста — заваліся. І тут мае вочы чапляюцца за дранікі ў гліняных гаршчэчках — вось гэта знаходка!

— Дранікі, калі ласка, і піражок з капустай.

— Вам дранікі на плястыкавую талерку ці ў пакецік?

— А ў гаршчэчку можна?

— А гаршчэчак 15 рублёў каштуе.

— Зразумела, тады проста два піражкі з капустай.

Вынікі

Мне пашанцавала, што падчас экспэрымэнту ня трэба было нічога купляць з тэхнікі ці мыйных сродкаў. Пражыць дома бяз плястыку значна лягчэй, чым у дарозе.

Але шмат ад чаго давялося адмовіцца і шмат што зразумець.

Напрыклад, што асноўная адказнасьць за спажываньне павінна ляжаць на вытворцах і крамах, а не на пакупніках. Калі макарона ў кардоне каштуе ў чатыры разы даражэй, чым у плястыку, у нас проста не застаецца выбару.

Але вы маеце права прыйсьці ў краму са сваёй тарай. Натальля Блышчык, супрацоўніца Цэнтру экалягічных рашэньняў, расказала, што ў санітарных нормах для крам няма непасрэднай забароны на выкарыстаньне тары пакупніка. У гэтых нормах ёсьць толькі забарона на водпуск харчовай прадукцыі ў брудную тару пакупніка і ў друкаваную макулятуру.

«Нягледзячы на гэта, некаторыя гандлёвыя сеткі спасылаюцца або на гэтыя нормы, альбо на свае ўнутраныя правілы, — кажа Натальля Блышчык. — Але спасылка на санітарныя нормы не зьяўляецца карэктнай».

Па словах Натальлі, у гэтым выпадку пакупнік мае права пакінуць сваю прапанову ў кнізе водгукаў і прапаноў або адправіць электронны ліст з просьбай перагледзець унутраныя правілы ў адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам.

Такі падыход трэба зьмяняць на ўсіх узроўнях: зь дзіцячага садочка расказваць людзям пра плястык і сартаваньне сьмецьця, а прадаўцоў навучыць не рабіць вялікія вочы і ня ўпіхваць пакеты, калі пакупнік ад іх адмаўляецца. Паспрабуйце самі пражыць нейкі час бяз плястыку — вы ўбачыце маштабы гэтай праблемы і больш ня зможаце яе ігнараваць.