Нацыянальны гістарычны музэй у Менску адкрыў 27 сакавіка выставу «1919. Беларуская! Рэспубліка», прысьвечаную 100-годзьдзю абвяшчэньня ССРБ і 95-годзьдзю пачатку так званай беларусізацыі. Яе ладзіла тая ж каманда, што рабіла летась выставу да 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.
Экспазыцыя дзейнічае да 12 траўня, на яе ня трэба дакупляць асобны квіток — дастаткова звычайнага музэйнага (7 рублёў за дарослага). Выстава, як і музэй, працуе з 11-й да 19-й гадзіны.
Там паказваюць, што ў БССР беларусам было добра?
Дасьледнік гісторыі міжваеннага часу і аўтар Telegram-каналу «Беларускі піонэр» Уладзімер Садоўскі (савецкія плякаты зь ягонай калекцыі вісяць у калідоры музэю) кажа Свабодзе, што на выставе і ня ставілі мэтаю паказаць усю гісторыю і ўсе аспэкты існаваньня дзяржавы — акцэнт зроблены на абвяшчэньне, першыя гады існаваньня савецкай рэспублікі, «нацыянал-камунізм». Заяўленую тэму раскрылі добра, мяркуе ён, але згадалі таксама іншыя аспэкты, у тым ліку бальшавіцкія рэпрэсіі.
«Гэты час, міжваенны, цяпер у масавай сьвядомасьці збольшага зьвязаны з рэпрэсіямі, — адзначае Садоўскі. — Але, на маю думку, ён зьвязаны ня толькі зь імі. Беларусізацыя 1920-х і нацыянальны ўздым — гэта таксама цікавая тэма.
Большасьць дзеячоў, якія стваралі літаратуру, мастацтва, архітэктуру і ўсё астатняе, былі падбітыя на ўзьлёце. І ня толькі 1937 годам, але яшчэ з 1929–1930 гадоў, калі была справа „Саюзу вызваленьня Беларусі“ прыдуманая».
На выставе, рэзюмуе ён, паказаныя пераважна «сьветлыя бакі», але і тое, «да чаго ўсё прыйшло».
Арганізатар: «Гэта не адбельваньне камуністаў»
Адзін з куратараў праекту Аляксандар Зімніцкі ня згодны з тым, што на выставе паказваюць «сьветлы бок БССР», ён упэўнена заяўляе: «Гэта ня ёсьць адбельваньнем камуністаў».
«Хутчэй мы ставілі перад сабой задачу паказаць беларускую сутнасьць БССР у першае дзесяцігодзьдзе яе існаваньня — тое, што сканцэнтравана ў другой частцы назвы, 95-годзьдзе абвяшчэньня беларусізацыі, — тлумачыць ён. — Гэта выстава пра тое, якой магла быць Беларуская Рэспубліка.
Калі гэтыя людзі, „БНР-аўцы“ і „БССР-аўцы“, пачыналі ў свой час у „Нашай Ніве“, яны фактычна былі адным пакаленьнем. У пэўны момант іхныя шляхі разышліся: адны абвесьцілі БНР, іншыя крыху пачакалі, але абвешчаная БНР ім дазволіла пасьля актывізавацца, каб пасьля абвясьціць БССР. І нават тое, што шматлікія дзеячы БНР пасьля вярталіся ў БССР, паказвае, што гэта была рэалізацыя іхнае мары. У пачатку стагодзьдзя гэта была яшчэ толькі мара, а тут яны ўжо будавалі беларускую дзяржаву».
Ён падкрэсьлівае, што на выставе была нададзеная вялікая ўвага пэрсаналіям і БССР, і БНР, іхным лёсам. Увагу наведніка спрабавалі акцэнтаваць і на тым, што прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху былі ці расстраляныя, ці арыштаваныя і сасланыя: «Курапаты ўраўнялі ўсіх».
Выстава, дадае ён, разьлічаная ня толькі на гісторыкаў (якія там ужо адзначылі некаторыя цікавыя моманты), але і на незаангажаванага наведніка: стараліся зрабіць максымум мастацкіх разьвязаньняў, інсталяцыяў, коміксаў.