Суд так і не дазнаўся, чаму непаўналетні спартовец выйшаў трэнавацца на адкрытай вадзе без ратавальнай камізэлькі. Вырак абвясьцілі 8 красавіка ў судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва.
25-гадовая трэнэрка Магілёўскага цэнтру алімпійскага рэзэрву па вясьлярных відах спорту Ірына К. асуджаная на 3 гады калёніі-пасяленьня за службовую нядбайнасьць, якая прывяла да сьмерці чалавека празь неасьцярожнасьць. Акрамя таго, суд забараніў ёй займацца выкладчыцкай дзейнасьцю тэрмінам на 5 гадоў.
Паводле выраку, абвінавачаная самаўхілілася ад выкананьня ўскладзеных на яе абавязкаў і не гарантавала бясьпекі жыцьцю і здароўю 14-гадовага навучэнца Вячаслава С.
Суд Кастрычніцкага раёну Магілёва абавязаў Цэнтар алімпійскага рэзэрву кампэнсаваць маральную шкоду бацькам патанулага ў суме 60 тысяч рублёў.
Працэс пачаўся 11 сакавіка пад старшынствам судзьдзі Натальлі Крашкінай. Сьведкамі ў справе праходзіла кіраўніцтва Цэнтру алімпійскага рэзэрву, у тым ліку яго дырэктар, алімпійскі чэмпіён 1992 году Аляксандар Масяйкоў. Паказаньні на судзе давалі трэнэры і навучэнцы цэнтру.
Як адбылася трагедыя?
Трагедыя адбылася непадалёк ад трэнавальнай базы весьляроў 26 чэрвеня 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве патануў 14-гадовы вясьляр. «Некаторыя самавольна здымаюць ратавальныя камізэлькі»Трэніроўка праводзілася на Дняпры для некалькіх груп навучэнцаў цэнтру з розным узроўнем падрыхтоўкі. Заняткі праводзіліся для ўдзельнікаў спартова-аздараўляльнага лягеру дзённага знаходжаньня.
Вячаслаў спазьніўся, і яго трэнэрка Ірына К. дазволіла яму самастойна спусьціцца да вады, а затым не кантралявала ягонае знаходжаньне ў акваторыі, вызначанай для заняткаў. Даганяючы групу весьляроў, якую суправаджала трэнэрка, хлопец перакуліўся на лодцы, і яму не аказалі своечасовай дапамогі.
Тое, як апынуўся падлетак у вадзе, бачыў рыбак. Ён прапанаваў быў яму дапамогу, але той адмовіўся. Калі ж зьнік пад вадой, то рыбак выклікаў ратавальнікаў. На падлетку не было ратавальнай камізэлькі.
Чаму адбылася трагедыя
Як устанавіла сьледзтва, да трагедыі прывяло парушэньне абвінавачанай сваіх службовых абавязкаў. Яна дапусьціла непаўналетняга да трэніроўкі на адкрытай вадзе:
- не прыняўшы ў яго залік па плаваньні (без такога заліку спартовец не дапускаецца да трэніровак на адкрытай вадзе);
- без інструктажу тэхнікі бясьпекі (абавязковае патрабаваньне перад трэніроўкай);
- без ратавальнай камізэлькі (спускацца на ваду безь яе катэгарычна забаронена. Калі лодка перакульваецца, вясьляр мае трымацца за яе. Камізэлька ратуе ад патапленьня);
- пакінула яго без увагі падчас трэніроўкі (навучэнец павінен заставацца ў полі зроку трэнэра. Адлегласьць між першым і апошнім чоўнам на трэніроўцы мае складаць 100 мэтраў. Трэнэр павінен знаходзіцца за апошнім чоўнам).
Сьцісла пра абвінавачаную:
- выпускніца Магілёўскай вучэльні алімпійскага рэзэрву і Смаленскай акадэміі фізычнай культуры, спорту і турызму;
- майстар спорту ў акадэмічным веславаньні і мае 2-ю трэнэрскую катэгорыю;
- у Цэнтры алімпійскага рэзэрву працуе трэнэрам-выкладчыцай ад 2015 году;
- жыве ў інтэрнаце і гадуе адна 6-гадовага сына.
Пазыцыя абвінавачанай
На судзе трэнэрка цалкам прызнала сваю віну і прынесла прабачэньні бацькам патанулага падлетка. У перапынку між пасяджэньнямі жанчына зьнепрытомнела ў калідоры суду. Ёй выклікалі «хуткую дапамогу». Падчас суду знаходзілася пад падпіскай пра нявыезд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвінавачаная ў сьмерці падлетка-весьляра страціла прытомнасьць на судзеПаводле матэрыялаў справы, абвінавачаная мела дастатковы ўзровень адукацыі для выкананьня абавязкаў трэнэра-выкладчыка. Прайшла неабходныя інструктажы для правядзеньня заняткаў з павышаным узроўнем бясьпекі і адказвала за здароўе і жыцьцё сваіх гадаванцаў.
У сваіх паказаньнях яна прызнавалася, што неадэкватна паставілася да ўскладзенай на яе адказнасьці за здароўе і жыцьцё гадаванцаў. Даводзіла, што спасьцігала трэнэрскую навуку, пераймаючы досьвед старэйшых калег.
Абвінавачаная казала, што ў цэнтры не было ўмоваў, каб прыняць залікі па плаваньні ў навучэнцаў, бо адсутнічаў паўнавартасны басэйн. Без прыняцьця такога заліку да заняткаў на адкрытай вадзе дапускалі дзяцей і іншыя трэнэры.
Падсудная сьцьвярджала, што пазнаёміла Вячаслава з заданьнем на трэніроўку і правіламі тэхнікі бясьпекі, калі знаходзілася на вадзе ў маторнай лодцы. Ня ўтойвала, што за ягонай трэніроўкай не сачыла і ня бачыла, як перакулілася лодка, бо знаходзілася далёка ад месца здарэньня, зь іншымі весьлярамі.
Адказваючы суду на пытаньне, чаму яе гадаванец быў на занятках без ратавальнай камізэлькі, абвінавачаная дапусьціла, што яму магло не хапіць яе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Магло не хапіць ратавальных камізэлек». У Магілёве судзяць трэнэрку за сьмерць непаўналетняга весьляраНа судзе стала вядома, што пасьля трагедыі адміністрацыя цэнтру арандавала басэйн, дзе зь весьлярамі займаюцца плаваньнем, а ў фае на стэндзе вывешаныя асноўныя правілы тэхнікі бясьпекі.
У дзеяньнях адміністрацыі Цэнтру алімпійскага рэзэрву выяўлены неналежны кантроль за трэнэрамі
Акрамя парушэньняў абвінавачанай, экспэрты выявілі неналежнае выкананьне абавязкаў кіраўніцтвам Цэнтру алімпійскага рэзэрву за правядзеньнем навучальна-трэнавальнага працэсу і арганізацыі спартова-аздараўляльнага лягеру. Адміністрацыя не парупілася, каб:
- наладзіць кантроль за працай трэнэраў-выкладчыкаў;
- скаардыянаваць свае практычныя ўказаньні зь дзеяньнямі між трэнэрамі падчас трэніровак весьляроў рознай ступені падрыхтоўкі ў летніку.
Да дысцыплінарнай адказнасьці пасьля трагедыі з падлеткам, акрамя абвінавачанай, была прыцягнутая намесьніца дырэктара ў асноўнай дзейнасьці. Яна паводле сваіх службовых абавязкаў мелася кантраляваць трэнавальны працэс.
Падрыхтоўку спартоўцаў да трэніроўкі на вадзе меліся кантраляваць мэтадысты цэнтру, якія падначальваюцца намесьніцы дырэктара ў асноўнай дзейнасьці. Яна не змагла адказаць суду, ці сачылі мэтадысты за навучэнцамі ў дзень трагедыі.
Сьледзтва ня ўгледзела між неналежным выкананьнем абавязкаў намесьніцы дырэктара і сьмерцю падлетка сувязі. Крымінальны перасьлед за яе службовую нядбайнасьць быў спынены праз адсутнасьць складу злачынства.
У дзеяньнях дырэктара цэнтру Аляксандра Масяйкова парушэньня службовых абавязкаў не было выяўлена.
Кампэнсацыя маральнай шкоды пацярпелым
Пацярпелымі ў справе прызналі бацькоў патанулага хлопца. Яны прасілі суд спагнаць з Цэнтру алімпійскага рэзэрву 200 тысяч рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. Бацька Вячаслава патлумачыў, што такі пазоў выстаўлены, каб «іншыя арганізацыі задумаліся, што тэхніка бясьпекі — найгалоўнейшае пытаньне, пра якое яны маюць дбаць, а не імкнуцца да перамог, бо чалавечае жыцьцё бясцэннае».
Пацярпелы дадаў, што спагнаныя грошы пойдуць на аказаньне мэдыцынскай дапамогі жонцы, якая ня можа ачуняць ад страты адзінага дзіцяці, а таксама, каб «пачаць новае жыцьцё сям’і».
Прадстаўнік Цэнтру алімпійскага рэзэрву заявіў суду, што яго давернік гатовы выплаціць пацярпелым 20 тысяч рублёў. Ён ня здолеў аргумэнтаваць, чаму сума кампэнсацыі маральнай шкоды зьменшаная ў дзесяць разоў.
Пра патанулага падлетка
Вячаслаў быў адзіным дзіцем у сям’і. Вучыўся ў адной з магілёўскіх гімназіяў. Наведваў факультатыўныя заняткі па клясе скрыпкі і граў у аркестры навучальнай установы. Яго характарызавалі, як спакойнага, адказнага і добразычлівага падлетка.
У сэкцыю веславаньня пры Цэнтры алімпійскага рэзэрву Вячаслава прывёў сябар у студзені 2018 году. У траўні яго залічылі ў яе. Ён рыхтаваўся да першых сваіх спаборніцтваў. Калі адбылася трагедыя, ён быў чальцом спартовага лягеру дзённага знаходжаньня на базе цэнтру.