Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне затрымалі беларускага анархіста, які знаходзіўся ў міжнародным вышуку


«Кактэйлі Молатава», ілюстрацыйнае фота
«Кактэйлі Молатава», ілюстрацыйнае фота

Затрыманаму ва Ўкраіне грамадзяніну Беларусі Артуру Кандратовічу на радзіме пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў.

Праваахоўныя органы Ўкраіны затрымалі грамадзяніна Беларусі Артура Кандратовіча, які ў Беларусі падазраецца ва ўдзеле ў акцыі супраць праваахоўных органаў: два гады таму ў Івацэвічах Берасьцейскай вобласьці анархісты падпалілі рэклямны шчыт з гербам Міністэрства юстыцыі і надпісам «Сіла закону ў яго выкананьні».

Артур Кандратовіч затрыманы ў Кіева-Сьвятошынскім раёне Кіеўскай вобласьці на падставе інфармацыі аб тым, што ён абвешчаны ў міжнародны вышук. Згодна з рашэньнем суду беларуса зьмясьцілі ў Кіеўскі сьледчы ізалятар, дзе ён будзе як мінімум да 5 траўня.

Ва Ўкраіне ён знаходзіўся на законных падставах — 31 жніўня 2018 году Кандратовіч атрымаў від на часовае жыхарства (гэты дакумэнт выдаецца толькі на адзін год і штогод мусіць падаўжацца).

Праваахоўныя органы Ўкраіны паінфармавалі сваіх беларускіх калег аб затрыманьні Кандратовіча і цяпер чакаюць запыт для ягонай экстрадыцыі.

Як вынікае з судовага рашэньня, у Беларусі Кандратовіча абвінавачваюць адразу паводле трох артыкулаў — часткі 2 артыкулу 295-3 (незаконныя дзеяньні з прадметамі, заснаванымі на гаручых рэчывах), часткі 3 артыкулу 339 (хуліганства з выкарыстаньнем зброі) і часткі 2 артыкулу 218 (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці). За ўсё гэтыя злачынствы прадугледжваецца пакараньне як у выглядзе абмежаваньня, так і пазбаўленьня волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў.

У матэрыялах справы аб затрыманьні Кандратовіча адзначаецца, што ён у змове зь дзьвюма іншымі асобамі падпаліў рэклямны шчыт з выкарыстаньнем «шкляных колбаў ад лямпачак, напоўненых неўстаноўленым гаручым рэчывам з дадаваньнем мінэральнай алівы з газай і дызэльным палівам».

Раней беларускія праваахоўнікі затрымалі ў гэтай справе яшчэ двух анархістаў. У лютым 2018 году суд Івацэвіцкага раёну прызнаў іх вінаватымі і прызначыў кожнаму зь іх пакараньне ў выглядзе 3 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG