10 фактаў пра Алену Талстую, якая прыкавала сябе да слупа на Кастрычніцкай і трымае галадоўку за кратамі

Алена Таўстая прыкавала сябе да слупу на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. 25 сакавіка 2019 году.

Сустаршыня Руху Салідарнасьці «Разам» Алена Талстая трымае галадоўку пратэсту ў турме на Акрэсьціна. Яе арыштавалі 25 сакавіка пасьля таго, як яна 25 сакавіка прыкавала сябе кайданкамі да слупу на Кастрычніцкай плошчы на знак пратэсту супраць затрыманьняў 24 сакавіка з нагоды Дня Волі.

Сябра Рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу Вячаслаў Сіўчык адзначае, што Алена Талстая трэція суткі знаходзіцца ўва ўмовах, якія паводле міжнародных праваабарончых стандартаў прыраўноўваюцца да катаваньняў.

«Калі будуць судзіць Алену Талстую, улады не кажуць, — адзначаецца ў заяве Руху Салідарнасьці «Разам». — Мы заклікаем беларусаў прыйсьці заўтра ў суд Цэнтральнага р-на Менску (вул. Кірава, 21), каб задаць пытаньне, на якое няма адказу: "Калі будуць судзіць Алену Талстую?" Заклікаем прыйсьці на судовае паседжаньне ў згаданым вышэй судзе, якое будзе рана ці позна, каб падтрымаць Алену Талстую, якую катуюць за Беларусь».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывістка прыкавала сябе да слупа на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. ФАТАФАКТ

Два гады таму мы сабралі 10 фактаў пра Алену Талстую, «талакоўку», маці траіх дзяцей, якая праз Караткевіча ўсьвядоміла сваю беларускасьць, а праз бацькоў — злачыннасьць камуністычнага рэжыму.

Ратавала людзей падчас брутальнага Дня Волі 2017 году

На знакамітым фотаздымку, дзе на Дзень Волі спэцназаўцы цягнуць у «варанок» Яны Грыба, побач са старым — Алена Талстая, сустаршыня Руху салідарнасьці «Разам».

«Калі Яна Грыба цягнулі ў „варанок“, у мяне было натуральнае чалавечае пачуцьце — абараніць, як я абараняла б свайго бацьку», — гэтак згадвае Алена Талстая брутальны разгон 25 сакавіка 2017 году на Дзень Волі ў Менску.

Пазнае беларускіх нацыяналістаў па твары

«Усе мае пачуцьці былі зьвязаныя з гэтым супрацьстаяньнем людзкасьці, чалавечнасьці і абязьлічанай сілы, схаванай за маскамі, якая ня мела нічога чалавечага. Мяне найбольш уразілі людзі, якія ў той дзень жадалі патрапіць на сьвята. Гэта былі жанчыны, якіх хапалі і кідалі ў аўтазакі проста за спробы сфатаграфаваць кардоны. Гэты былі вельмі прыгожыя мужчыны сталага ўзросту, беларускія нацыяналісты, якіх проста пазнаеш па твары. Гэтае пазнаваньне адзін аднаго, еднасьць, якую не назіраеш у звычайным жыцьці. Звычайна мы нейкія атамізаваныя, паасобку, а тут еднасьць і салідарнасьць была навідавоку».

Пытаюся, а як Алена можа па твары пазнаць беларускага нацыяналіста?

«Я не магу гэта патлумачыць. Проста бачыла гэтых прыгожых дзядзькаў, якія здароўкалася і адказвалі на цудоўнай беларускай мове. Памятаю старога дзядзьку, які ішоў побач са мной падчас гэтага гвалту і казаў: „Шмат гадоў я не выходзіў на гэтыя акцыі. Я ўжо зьняверыўся, і стан здароўя не дазваляе, але сёньня я ня мог быць дома“. Нейкае глыбіннае пазнаваньне адзін аднаго мяне найбольш уразіла ў той дзень».

Увайшла ў «Талаку» на першым курсе ўнівэрсытэту

Алена Талстая добра памятае сваю першую вулічную акцыю — Чарнобыльскі шлях 1989 году. «Беларускасьць была заўсёды мне блізкая, — кажа Алена. — І таму натуральнымі былі першыя крокі — сяброўства ў нефармальным моладзевым гісторыка-культурным абʼяднаньні „Талака“ на першым курсе БДУ, зьбіраньні песень, якія сьпявалі бабулі, „Гуканьні вясны“ ды іншыя культурніцкія рэчы».

На факультэце радыёфізыкі БДУ навучылася аналітычнаму падыходу

Алена Талстая ўдзячна факультэту радыёфізыкі БДУ, сваім выкладчыкам, многія зь якіх у той час выкладалі па-беларуску:

«Там я навучылася ставіцца аналітычна да ўсяго, што адбываецца. Нас вучылі, што як бы ні было і дзе б не жылі, увесь час трэба навучацца. Радыёфізыка — гэта менавіта тая спэцыяльнасьць, якой ты павінен вучыцца ўсё жыцьцё. А потым я патрапіла ў НДІ ЭВМ, дзе была вельмі моцная суполка БНФ».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улада сьвядома сутыкае нас ілбамі». Вольская, Дашкевіч і Талстая пра 25 сакавіка

Памятае, як пяцігадовы сын бараніў ад міліцыянтаў

У Алены Талстой трое дзяцей — 22, 25 і 27 гадоў. Калі дзеці былі малыя, яна не магла быць вельмі актыўнай у грамадзкім жыцьці, але ніколі не была ўбаку, заўсёды імкнулася хаця б як удзельнічаць:

«Сямʼя мяне падтрымлівае. Малыя дзеткі са мной былі на акцыях. Не магу забыць, як старэйшы сын, калі яму было 5 гадоў, бараніў мяне маленькімі кулачкамі, калі міліцыянт спрабаваў мяне кудысьці зацягнуць. Гэта засталося ў дзяцей у сэрцы на ўсё жыцьцё. І ўжо падчас выбарчай кампаніі ў 2006 годзе разам са старэйшым сынам мы распаўсюджвалі ўлёткі, кідалі іх па паштовых скрынях па вечарах».

У «Талацэ» усім падабалася яе беларускае прозьвішча Мятлушка

«Талстая — гэта прозьвішча па мужу, расейскае прозьвішча. У мяне ня менш цікавае беларускае прозьвішча Мятлушка. Калі я была ў „Талацэ“, яно ўсім падабалася. Яго можна сустрэць у Караткевіча. Мятлушка — гэта невялічкая, летуценная істота кшталту эльфа», — сьмяецца Алена.

Прыйшла ў Рух салідарнасьці «Разам» праз малітвы ля «Чырвонага касьцёлу»

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году Алена Талстая была актывісткай Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Далей была малітва за Беларусь.

«Штодзённая малітва за Беларусь, за палітвязьняў — гэта была акцыя Руху, якая распачалася з канца сьнежня 2010 году, пасьля разгону Плошчы. Праз гэтую акцыю, якую праводзіў Алесь Макаеў і маці Вячаслава Сіўчыка Галіна Васільеўна, я і далучылася да Руху. У той час у акцыі штодня ўдзел бралі 10, 20, 30 і болей чалавек».

Алена Талстая шмат гадоў бярэ ўдзел у акцыях памяці 29 чысла кожнага месяца ў Курапатах, месцы масавых расстрэлаў:

«Гэтыя акцыі праходзяць зь месяцу ў месяц, з году ў год. Для мяне гэта вельмі натуральная дзея. Акцыі руху ўключалі ў гэты кругаварот падзеяў, у справу ўшанаваньня продкаў, якія гвалтоўна сышлі з жыцьця. Гэта для мяне быў напамін ня толькі аб мінулым, але і змаганьне за будучыню.

Для мяне вельмі важныя і людзі, зь якімі я пазнаёмілася ў руху — Аляксей Марачкін, Уладзімер Арлоў, Алесь Тамковіч, Уладзімер Халіп, Сяргей Законьнікаў, Ніна Багінская, Сяргей Ханжанкоў, якога я добра ведала».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не падштурхоўваць аўтазак, які вязе на расстрэл» — Караткевіч, Карач і Талстая пра кампрамісы

Ля магілы Васіля Быкава

Ад чэрвеня 2016 году Алена Талстая разам з Алесем Макаевым і Юрʼем Ляшэнкам — сустаршыня Руху салідарнасьці «Разам».

Сярод людзей, якія моцна на яе паўплывалі, Вячаслаў Сіўчык і Сяргей Ханжанкоў

Алена Талстая вельмі шмат гаворыць пра свайго паплечніка, апазыцыйнага палітыка Вячаслава Сіўчыка.

«Вячаслаў Сіўчык заўсёды вучыў дакладна ставіць мэты і фармуляваць задачы, якія стаяць перад нашым рухам. Што ты хочаш і чаго ты можаш дасягнуць? І гэтае змаганьне працягваецца нават за кратамі, калі, здавалася б, ты бездапаможны, але заўсёды ёсьць магчымасьць змагацца ў любых умовах. Часам у мяне бывае ўпадак духоўных сіл, зьнявераньне, але калі я бачу нязломнасьць чалавека, які знаходзіць сілы змагацца ўжо столькі гадоў, то мне проста сорамна сядзець на месцы», — прызнаецца Алена.

Яшчэ адзін безумоўны аўтарытэт для яе — Сяргей Ханжанкоў, якога за савецкім часам асудзілі на 10 гадоў лягераў за тое, што ён разам зь сябрамі хацеў узарваць менскую вежу-глушылку, якая перашкаджала слухаць Радыё Свабода.

«Сяргей Мікалаевіч у свой час адмовіўся ад двух гадоў волі праз тое, што не падпісаў пагадненьне з КДБ. Мы зараз прывыклі апраўдваць чалавечую слабасьць, а для яго гэта быў просты рух сэрца, для яго некаторыя рэчы былі проста немагчымыя. Я заўсёды памятаю пра ягоны выбар», — кажа Алена Талстая.

Яе дзед быў вязьнем ГУЛАГу на Салаўках

Дзед Алены Талстой у 15 гадоў трапіў у лягер на Салаўкі. Расказваў, што там і атрымаў адукацыю, бо ў лягеры было вельмі шмат палітвязьняў, якія яго вучылі:

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі эльф. 9 фактаў пра Алену Талстую, якая пазнае беларускага нацыяналіста па твары

«А мой бацька ніколі не належаў ні да акцябратаў, ні да піянэраў, ні да камсамольцаў. Заўсёды казаў, што камуністычная ўлада — злачынная. Усьведамленьне беларускасьці прыйшло да мяне праз Караткевіча, а ўсьведамленьне злачыннасьці камуністычнай улады — праз бацькоў».

Сама Алена Талстая за свае 52 гады жыцьця таксама зьведала рэпрэсіі — затрыманьні, суды і штрафы.

Ня лічыць палітыку ані прафэсіяй, ані хобі

На пытаньне пра яе галоўную амбіцыю Алена Талстая адказвае, не задумваючыся:

«Для мяне палітыка — не амбіцыі і не прафэсійны занятак, ня хобі, гэта натуральная справа чалавека, які хоча жыць у нармальнай краіне, натуральная справа жанчыны, якая хоча, каб у яе дзетак была нармальная будучыня, бо яны выбралі жыць у гэтай краіне. Для жанчыны гэта натуральныя дзеяньні, бо жанчына абараняе і працягвае жыцьцё, забясьпечвае дзеткам будучыню».