Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рух салідарнасьці «Разам» абраў новае кіраўніцтва. Сіўчык сышоў


Аляксей Марачкін, Алесь Макаеў, Алена Талстая
Аляксей Марачкін, Алесь Макаеў, Алена Талстая

Вячаслаў Сіўчык больш не ўзначальвае Руху салідарнасьці «Разам», але застаецца сябрам Сойму. Сустаршынямі Руху абраныя Алесь Макаеў, Алена Талстая і Юры Ляшэнка.

Намесьнікамі сустаршыняў — Сьвятлана Софіна, Анатоль Кудласевіч, і Ян Лагвіновіч. Такія кадравыя рашэньні прынятыя на трэцім зьезьдзе Руху салідарнасьці «Разам», які прайшоў у выходныя.

15 траўня на другім зьезьдзе Руху старшыня Руху Вячаслаў Сіўчык не ўвайшоў у новае кіраўніцтва, патлумачыўшы сваё рашэньне неабходнасьцю ратацыі кадраў, безь якой немагчымае разьвіцьцё. Таму праз паўтара месяца Рух правёў яшчэ адзін зьезд і абраў новае кіраўніцтва. Фармаваньне найвышэйшага кіроўнага органу — Сойму — працягваецца.

Зьезд вызначыў тры галоўныя мэты дзейнасьці Руху:

  • Барацьба з этнацыдам. У звароце да лідэраў і кіруючых органаў дэмакратычных партый і арганізацый Рух падкрэсьлівае: «Ужо 10 гадоў мы праводзім розныя акцыі, скіраваныя на адраджэньне нашай нацыі, вяртаньне беларусам сваёй сапраўднай гісторыі, ушаноўваючы памяць герояў і ахвяраў нашага народу». Іншыя арганізацыі запрошаны далучацца і праводзіць супольныя акцыі.
  • Падтрымка прадпрымальнікаў. Рух патрабуе адмены ўсіх нарматыўных актаў, прынятых супраць беларускіх прадпрымальнікаў, у першую чаргу, указаў прэзыдэнта № 222 і № 48, а таксама прыняцьця закону аб малым бізнэсе і тэрміновай распрацоўкі новай дзяржаўнай праграмы ў падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу.
  • Барацьба за вызваленьне палітвязьняў. Рух салідарнасьці «Разам» патрабуе вызваленьня і поўнай рэабілітацыі Андрэя Бандарэнкі, Міхаіла Жамчужнага, Ільлі Валовіка, Вадзіма Бойкі, Зьмітра Паліенкі, Аляксандра Лапіцкага, Алеся Мілюкова (Жаўнова), Эдуарда Пальчыса, Тараса Аватарава, а таксама зьняволенага ў Расеі Кірыла Сілівончыка.

Кіраўніцтва Руху яшчэ ня вырашыла, ці будзе зьвяртацца ў Міністэрства юстыцыі па рэгістрацыю. Сёлета міністэрства ўжо адмовіла Руху ў рэгістрацыі, абгрунтаваўшы сваё рашэньне тым, што сьпіс заснавальнікаў ня ўтрымлівае поўных зьвестак аб працоўных тэлефонах, а адзін з заснавальнікаў падаў непраўдзівую інфармацыя пра месца працы.

Першы зьезд аргкамітэту Руху салідарнасьці «Разам» адбыўся ў чэрвені 2009 году. Рух зарэгістраваны ў Чэхіі, Польшчы, Літве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG