Мяне як чалавека вясковага таксама страшэнна абурае, калі бачу занядбаную свойскую жывёлу — у гнаі і брудзе, хворую і паўгалодную, бязь цёплай падсьцілкі... І калі ўчора я назіраў, як Аляксандар Лукашэнка, убачыўшы такіх кароў у адной з найлепшых шклоўскіх гаспадарак, у гневе выганяў з пасадаў усё абласное і мясцовае начальства, абяцаў начальнікам кайданкі і крымінальныя справы і параўноўваў убачанае з Асьвенцімам — я цалкам быў на баку гэтых няшчасных кароў і яго як адзінага іхнага абаронцы.
Даглядаць свойскую скаціну і пільнаваць, каб пад каровамі і сьвіньнямі ўвесь час было суха і чыста — занятак ня самы лёгкі і ня самы прыемны, гэта я вам кажу зь веданьнем справы. Калі неяк у дзяцінстве, загуляўшыся на вуліцы, праігнараваў даручэньне маці і не падкінуў своечасова саломы ў стойла, яна апавяла мне гісторыю са свайго дзяцінства, якую міжволі ўспомніў, паглядзеўшы ўчора тэлерэпартаж са Шклоўскага раёну.
Справа была падчас нямецкай акупацыі, летам 1942 ці 1943 году. Невялікая вёска Вуглы Шчучынскага раёну. З гміны на фурманцы прыехалі немцы — фэльдфэбэль і некалькі салдатаў. Вядуць вопіс жывёлы (акупацыйныя ўлады, відавочна, дбалі пра забесьпячэньне свайго фронту, таму сачылі, каб мясцовае насельніцтва не хавала сельгасрэсурсы).
Дайшла чарга да хлява Адася. Адась — гаспадар ня самы дбайны, у работу не ўлягаў, скаціну ня надта глядзеў. У вёсцы гэта ўсе ведалі. Фэльдфэбэль, чалавек перадпэнсійнага веку і без вайсковай выпраўкі, магчыма, да вайны сам нейкі баўэр з-пад Кёльну ці Дрэздэну, зайшоўшы ў хлеў, вельмі хутка выйшаў адтуль злы і абураны. Накіраваў на Адася «шмайсэр», загадаў увайсьці ў хлеў, дзе сьвіньні і каровы стаялі па калена ў гнаі. Потым прымусіў перапалоханага гаспадара некалькі разоў легчы і ўстаць проста пасярод гэтага гною.
Калі зьбялелы і ўвесь перапэцканы Адась выйшаў з хлява, на яго са страхам і трывогай глядзела ледзь ня ўся невялікая вёска. Фэльдфэбэль стаяў з аўтаматам на рамяні, накіраваным у бок гаспадара. Адась кінуўся яму ў ногі:
— Паночку, толькі не страляй, дзеці маленькія...
Фэльдфэбэль апусьціў зброю і спытаў:
— Ну як табе ў такім выглядзе — добра, зручна? Ану марш па салому!...
Ад’яжджаючы зь вёскі, немец паабяцаў, што прыедзе і праверыць, ці добра Адась даглядае скаціну.
Фэльдфэбэль больш ніколі не вярнуўся, але Адась, кажуць, ня толькі да лета 1944-га, але і да канца жыцьця вельмі пільна сачыў, каб пад скацінай у хляве было суха і чыста. І нэрвова рэагаваў, калі яму пра гэта нагадвалі.
Гэтая гісторыя ў нашай мясцовасьці надоўга запала ў народную памяць. І жыве дагэтуль, хоць у Вуглах ужо не засталося ніводнай хаты, дзе вечарамі загаралася б сьвятло ў вокнах і дзе ў хлявах заставалася б хоць якая жыўнасьць.
...Учора Аляксандар Лукашэнка спрабаваў вучыць падначаленых цывілізаванаму стаўленьню да жывёлы прыблізна такімі ж мэтадамі, як той нямецкі фэльдфэбэль. У літаральным сэнсе ён іх у гной, праўда, не акунуў, але фігуральна зрабіў прыкладна тое ж. У вачах чыноўнікаў, якіх расьпякаў прэзыдэнт, пагражаючы турмой і адстаўкай, цяжка было не заўважыць і страх, і роспач, і прыніжэньне. Сёй-той, напэўна, і на калені мог бы ўпасьці: «Паночку, не губі, дзеці маленькія...»
Але вось ці будзе гэтая публічная прачуханка мець для стану спраў у беларускіх калгасах такое ж рэвалюцыйнае значэньне, як жорсткі ўрок фэльдфэбэля для гаспадаркі Адася? Думаю, што наўрад. Адась у вёсцы быў выключэньнем. Да таго ж падзецца яму не было куды, ён назаўсёды быў прывязаны і да гэтай зямлі, і да гаспадаркі. І грамадзкая мараль была не на ягоным баку, а на баку таго немца. Гэта ўсе разумелі, у тым ліку і сам ён. Большасьць прыватных гаспадароў заўсёды ставілася да ўласнага быдла дбайна і ўважліва. І зусім не ад страху. Парадак у гаспадарцы — гэта і ўласны дабрабыт, і павага аднавяскоўцаў. Выганяць на пашу брудную, у закарэлым гнаі карову сорамна перад суседзямі.
Калгасныя фэрмы і калгасныя каровы ды сьвіньні — гэта зусім іншая гісторыя. І пачалася яна ня ўчора, а зь першых дзён калектывізацыі. Тое, што Лукашэнка ўбачыў учора на Шклоўшчыне — гэта яшчэ вельмі бяскрыўдная і параўнальна прыстойная карціна. А вось калі б ён зьнянацку прыехаў у любую іншую вёску дзе-небудзь у глыбінцы, дзе не рыхтаваліся да ягонага візыту...
Адстаўленыя чыноўнікі і начальнікі зьедуць і знойдуць іншую працу. Вымовы забудуцца. А занядбаная скаціна застанецца. Не таму, што няма фэльдфэбэля. А таму, што няма гаспадара.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вельмі крыўдна мне за „Асьвенцім“, хлопцы!» Рэпартаж з той самай малочнай фэрмы. ФОТА